Дынамічным і насычаным выдаўся прэс-тур прадстаўнікоў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” ў Горацкі раён. Паездка была багатай на знаёмствы з творчымі, адданымі сваёй справе кіраўнікамі і настаўнікамі.
Адданыя педагагічнай справе
Сустрэча з начальнікам аддзела па адукацыі Горацкага райвыканкама Уладзімірам Лебедзевым адбылася напярэдадні Дня настаўніка. Адметна, што да прафесійнага свята педагогі раёна прыйшлі з шэрагам дасягненняў.
— Нашы навучэнцы выдатна праяўляюць сябе ў розных конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, алімпіядным руху. Сёлета на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах вучні ўзялі пяць прызавых дыпломаў. Выпускнікі рэгулярна атрымліваюць стабальныя сертыфікаты на ЦЭ і ЦТ. Вялікая ўвага ўдзяляецца выхаванню і прафарыентацыі, — расказаў Уладзімір Уладзіміравіч.
У апошні час істотна ўмацавана матэрыяльная база навучальных устаноў. За перыяд летніх канікул шмат дзе прайшлі маштабныя рамонты. На абнаўленне дахаў, фасадаў, вокнаў, унутраных памяшканняў, тэхнічнае пераабсталяванне харчаблокаў устаноў адукацыі было накіравана звыш 3,5 млн рублёў.
— Мы імкнёмся ствараць камфортныя ўмовы знаходжання дзяцей у школах і дзіцячых садах. Але галоўная роля ў сферы адукацыі ўсё ж у настаўніка. Стараемся іх усяляк падтрымліваць. Своеасаблівым падарункам у гэтым навучальным годзе стала павелічэнне заработнай платы для ўсіх педагагічных работнікаў. Змаглі павысіць да 50 працэнтаў кантрактную надбаўку, — адзначыў Уладзімір Лебедзеў.
Малая акадэмія
Сярэдняя школа № 2 Горак — лепшая ў горадзе. Навучальная ўстанова ў лідарах па ўсіх паказчыках адукацыйнай дзейнасці.
Як заўважае дырэктар Іван Леснік, усе перамогі — заслуга педагогаў:
— У нас працуюць сапраўдныя прафесіяналы. Больш за 80 працэнтаў настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, але ніхто не спыняецца ў развіцці. Педагогі пастаянна ў пошуку новых адукацыйных тэхналогій і методык, шмат намаганняў прыкладаюць для раскрыцця здольнасцей навучэнцаў. Прычым робяць гэта ў інавацыйнай форме.
Паводле яго слоў, ва ўстанове даўно паспяхова рэалізуецца праект “Малая акадэмія”. Сутнасць інавацыі — у забеспячэнні бесперапыннага развіцця навучэнцаў на аснове супрацоўніцтва школы з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй.
— Па суботах для дзяцей праходзяць факультатыўныя заняткі на базе БДСГА. На павышаным узроўні яны
вывучаюць хімію, біялогію, фізіку, матэматыку, гісторыю і грамадазнаўства. У тандэме з выкладчыкамі акадэміі нашы настаўнікі таксама рыхтуюць школьнікаў да выступленняў на алімпіядах, уключаюць іх у навуковыя даследаванні, праводзяць інтэрактыўныя прафарыентацыйныя мерапрыемствы. Сумесная работа дае магчымасць раскрыць таленты вучняў і дапамагчы ім з прафесійным самавызначэннем, — падкрэсліў Іван Леснік.
Творча ў 2-й школе падыходзяць і да ажыццяўлення выхаваўчай работы. Вельмі ганарацца ва ўстанове наяўнасцю ўласнага вучнёўскага тэатра. Яго дзейнасць дазваляе далучаць навучэнцаў да гісторыі роднай краіны, нацыянальнай культуры і традыцый, бо ў аснове рэпертуару юных акцёраў — творы класікаў беларускай літаратуры.
Характэрная асаблівасць сярэдняй школы № 2 — педагагічныя сем’і. У навучальнай установе такія тры. Дарэчы, Уладзімір і Таццяна Чубуковы разам ідуць па жыцці ўжо больш за два дзесяцігоддзі.
Узорныя паводзіны
Калектыў дзіцячага сада № 5 Горак асаблівы акцэнт робіць на фарміраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці ў дзяцей.
— Дзяцінства павінна быць бяспечным. Але толькі бацькоўскага і педагагічнага кантролю для гэтага недастаткова. Неабходна з самага ранняга ўзросту прывіваць малышам навыкі дзеянняў у надзвычайных сітуацыях, — пераканана загадчыца дашкольнай установы Валянціна Жданоўская.
Да навучання выхаванцаў бяспецы жыццядзейнасці падышлі грунтоўна. Педагогі ўласнымі сіламі абсталявалі шматфункцыянальны пакой бяспекі, тэматычныя куткі ў кожнай групе, а таксама спецыялізаваную пляцоўку на прылеглай тэрыторыі.
— Вялікую дапамогу ў стварэнні шматфункцыянальнага пакоя аказалі супрацоўнікі РАНС, але ў асноўным прадметна-развіццёвае асяроддзе афармлялі самі. Нашы выхавальнікі прыдумалі ўнікальныя дыдактычныя гульні па розных напрамках. Так, Таццяна Рабцава распрацавала дапаможнік “Домік бяспекі”, гульнятэку “Юныя пажарныя”, гульнявы макет “Дарожная азбука”. А Марына Вараб’ёва падрыхтавала серыю электронных гульняў, вучэбныя прэзентацыі і відэаролікі, — расказала Валянціна Мікалаеўна.
Усю работу па далучэнні малышоў да АБЖ у садку праводзяць сумесна з бацькамі і спецыялістамі зацікаўленых ведамстваў. Узаемадзеянне прыносіць адпаведны плён. Мясцовыя выхаванцы дакладна ведаюць, як правільна паводзіць сябе ў побыце, на вуліцы, на дарозе.
Вопыт дзіцячага сада № 5 усяляк папулярызуецца. Установа з’яўляецца рэсурсным цэнтрам, педагогі актыўна дзеляцца напрацоўкамі з калегамі.
Выхаваць чалавека
Добраўская сярэдняя школа вядома не толькі ў раёне, але і ў рэспубліцы. Установа славіцца сістэмай работы па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў.
На ўроках, пазакласных мерапрыемствах і нават перапынках педагогі далучаюць вучняў да праваслаўных каштоўнасцей, стараюцца ўкласці ў дзіцячыя душы правільныя маральныя арыенціры. Падыходы да выхаваўчай работы настаўнікі зараз абагульняюць у рамках рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта.
— Знакавым для нас стала стварэнне рэсурснага цэнтра і перамогі ў рэспубліканскім конкурсе “Выхаваць чалавека”, прысвечаным памяці Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта. Па выніках конкурсу прыемна было атрымаць спецыяльны прыз ад кіраўніцтва Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”, — падзялілася дырэктар Марына Блахіна.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара