Выхоўваць патрыётаў Беларусі

- 10:40Адукацыйная прастора

27 жніўня ў Нясвіжы прайшла канферэнцыя педагагічных работнікаў Мінскай вобласці “Адзінства, грамадзянскасць, патрыятызм — ключавы рэсурс развіцця адукацыі Міншчыны”. У штогадовым педагагічным форуме прынялі ўдзел старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын і першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава. Пленарнае пасяджэнне трансліравалася ў анлайн-рэжыме для ўсіх раёнаў вобласці і Жодзіна. Напярэдадні форуму была арганізавана работа дыялогавых пляцовак па актуальных пытаннях развіцця сістэмы адукацыі вобласці з удзелам спецыялістаў усіх узроўняў адукацыі.

“Прайшоў год з моманту нашай апошняй сустрэчы ў такім фармаце. За гэты час шмат што змянілася, але нязменным засталося адно: любоў педагогаў да прафесіі, імкненне дзяліцца з юнымі беларусамі ведамі, фарміраваць у кожным з іх асобу, — прывітаў педграмадскасць губернатар Міншчыны Аляксандр Турчын. — Гэтыя складнікі педагагічнай работы з’яўляюцца трывалай асновай паспяховага развіцця любога грамадства на любым гістарычным этапе. Прызванне сапраўднага педагога — мяняць падыходы ў адукацыі, вучыць моладзь жыць і развівацца ў сучасным свеце. Адметнай рысай цяперашняга этапу грамадскага развіцця з’яўляецца высокі ўзровень пранікнення ў жыццё чалавека тэхналогій. Усё менш значэння надаецца духоўнаму і маральнаму росту асобы. Лічбавы свет разам з хуткасцю і эфектыўнасцю камунікацый, магчымасцямі адпачынку робіць віртуальнымі і міжасобасныя адносіны, сцірае аўтарытэт старэйшага пакалення і фарміруе “сэрвіснае” стаўленне да традыцыйна паважаных прафесій. Неабходна мяняць спажывецкае стаўленне да адукацыі, фарміраваць светапогляд падрастаючага пакалення і на гэтай аснове будаваць працэс навучання і выхавання. Трэба працаваць не толькі са школьнікамі, але і з іх бацькамі, якія ў сваю чаргу фарміруюць паводзінскія мадэлі сваіх дзяцей. Настаўнік — гэта не абслуговы персанал, а адукацыя — гэта не паслуга, якую мы набываем. Усвядоміўшы гэта і стаўшы разам з педагогамі строгімі, але справядлівымі настаўнікамі, бацькі змогуць даць сваім дзецям бясспрэчную канкурэнтную перавагу, выхаваць развітую асобу”.

“У нашай краіне адукацыя адносіцца да прыярытэту дзяржаўнай палітыкі. Яе базавая аснова — гэта якасць і даступнасць, а ключавая мэта — фарміраванне высокамаральнай асобы, якая ўмее адказваць за свае ўчынкі, валодае пачуццём патрыятызму і можа быць адказнай за сябе і сваю краіну, — падкрэсліла першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава. — Сёння мы ўсё больш гаворым аб выхаваўчым патэнцыяле ўрока, важна не дапусціць уцягвання дзяцей і моладзі ў злачынную, супрацьпраўную дзейнасць, папярэдзіць неабдуманыя крокі. Важная задача — умацаванне супрацоўніцтва з сям’ёй, таму мы працягваем наш праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”. У выхаванні важны нефармальны падыход. Грамадзянская і жыццёвая пазіцыя педагога, яго ўдзел у грамадскім і палітычным жыцці краіны — гэта прыклад, на якім выхоўваюцца не толькі вучні, але і іх бацькі. Прэстыж школы і настаўніка неабходна павышаць. І тут важна ўлічваць два складнікі: ацэнка самім настаўнікам сваёй працы і прызнанне яго працы грамадствам. Разгорнута мэтанакіраваная дзейнасць па павышэнні ўзроўню падрыхтоўкі педагагічных кадраў: работа педкласаў, адбор матываваных абітурыентаў, перагляд праграмы падрыхтоўкі будучых настаўнікаў, развіццё інстытута настаўніцтва, падтрымкі маладых спецыялістаў. Патрабаванні да педагогаў будуць павышацца. Распрацаваны праект прыкладных этычных правіл педагогаў — звод агульных патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да педработнікаў пры ажыццяўленні прафесійнай дзейнасці. Застаюцца актуальнымі пытанні арганізацыі прафарыентацыйнай работы. Неабходна скарэкціраваць падыходы да яе правядзення, забяспечыць азнаямленне вучняў і іх бацькоў з патрэбамі ў кадрах па асобных прафесіях у рэгіёне, краіне ў цэлым. Варта арганізаваць на сістэмнай аснове наведванне не толькі ўстаноў прафтэхадукацыі, але і найбуйнейшых прадпрыемстваў раёна, актыўна прыцягваць да ўдзелу ў прафарыентацыйных мерапрыемствах заказчыкаў кадраў, у тым ліку максімальна выкарыстоўваць шосты школьны дзень. Асобнае месца ў гэтым навучальным годзе адводзіцца адукацыйным экскурсіям, якія плануецца праводзіць у рамках вывучэння некаторых тэм па вучэбных прадметах. Экскурсійная адукацыйная праграма спрыяе развіццю цікавасці дзяцей да гістарычна-культурнай спадчыны сваёй краіны. У новым навучальным годзе варта ўдзяліць увагу дзейнасці сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. Іх дзейнасць павінна быць накіравана на выяўленне дэвіяцый, такіх як нарказалежнасць, суіцыдальныя схільнасці, супрацьпраўныя паводзіны, булінг, у тым ліку ў інтэрнэт-асяроддзі, на папярэджванне іх негатыўных праяў на аснове дыягностыкі і сістэмнага аналізу. З 1 верасня ў школах уводзіцца пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Вельмі важна, каб гэта былі зацікаўленыя, аўтарытэтныя, прафесіянальныя людзі”.

“Нам неабходна абмеркаваць шляхі абнаўлення і ўдасканалення адукацыі вобласці. Ключавым кірункам у сістэме адукацыі з’яўляецца выхаваўчая работа, прыярытэтам якой выступае яе ідэалагічная накіраванасць, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. — У Год народнага адзінства і на перспектыву важным з’яўляецца згуртаванне маладых людзей, іх патрыятычнае выхаванне, павышэнне палітычнай дасведчанасці. Кошт памылак у выхаванні — страта маладога пакалення, а значыць, будучыні дзяржавы. Задача школы — не дапусціць фармалізму пры правядзенні ўрачыстых мерапрыемстваў, кансалідаваць удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Аб’яднальнай пляцоўкай для правядзення сумесных мерапрыемстваў, трансляцыі станоўчага вопыту па патрыятычным выхаванні ў новым навучальным годзе павінна стаць адзіная рэспубліканская інтэрактыўная платформа Патрыёт.by.
Неабходна працягваць адкрываць Беларусь для навучэнцаў з дапамогай адукацыйнага турызму. Абласны трэвел-праект “Сямейны дыліжанс” дазволіў атрымаць унікальны вопыт сумеснага сямейнага ўзаемадзеяння як падчас падарожжаў, так і пасля іх. Установамі адукацыі напрацаваны значны вопыт па распаўсюджанні інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ”. Неабходна працягваць пошук спікераў, гатовых да абмеркавання самых складаных пытанняў у маладзёжнай аўдыторыі па прынцыпе “роўны навучае роўнага”, у тым ліку з дапамогай ІКТ. Важныя крокі зроблены ў кірунку духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення. Станоўчы эфект мела практыка сустрэч святароў з навучэнцамі каледжаў і ліцэяў, школьнікамі. Задача новага навучальнага года — далучыць дзяцей да факультатыўных заняткаў “Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму”, якія будуць арганізаваны ў 5—6 класах. Неабходна максімальна выкарыстоўваць магчымасці праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Мікалай Башко падкрэсліў, што ўстановы адукацыі цалкам гатовы да новага навучальнага года. Дарэчы, у 2020—2021 гадах у вобласці было пабудавана 12 устаноў дашкольнай адукацыі.

Слова ўзяў і протаіерэй Уладзімір Башкіраў, настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Гарадзішча Мінскага раёна, доктар багаслоўя, прафесар кафедры біблеістыкі і багаслоўя Мінскай духоўнай акадэміі, у мінулым — педагог. Ён падкрэсліў адказнасць настаўнікаў за фарміраванне ў дзяцей светапогляду, з якім тыя ўступаюць у вялікае жыццё.

Упершыню падчас канферэнцыі адбылося ўшанаванне кіраўнікоў устаноў адукацыі, якія завяршылі сваю прафесійную дзейнасць. Таксама ўручаны памятныя знакі і грашовыя сертыфікаты маладым педагогам, якія сёлета толькі пачынаюць свой працоўны шлях. Сярод іх Юлія Калбун, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Крывіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Мядзельскага раёна. У гэтым годзе дзяўчына скончыла БДПУ імя Максіма Танка з чырвоным дыпломам. “Для пачынаючага настаўніка галоўнае — гэта любоў да прафесіі і дзяцей, імкненне даносіць вучням веды”, — заўважыла Юлія.

Лепшыя педагогі вобласці былі ўзнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, атрымалі ганаровыя граматы і падзякі Міністэрства адукацыі, Мінаблвыканкама, Мінскага абласнога Савета дэпутатаў. Выдатнікам адукацыі стала Наталля Глінская, дырэктар Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната. Яна адзначыла: “Атрыманая ўзнагарода натхняе мяне на далейшае развіццё прафесійных навыкаў. Трэба выходзіць з зоны камфорту, бо, як толькі ты спыняешся, спыняецца і тваё развіццё. Кожная школа павінна даваць адукацыю і разам з тым выхоўваць грамадзяніна і патрыёта краіны. Выпускнікі нашай школы (дзеці з парушэннямі зроку) запатрабаваныя, кожны знаходзіць сваё дастойнае месца ў жыцці. З 20 паралімпійцаў, якія абараняюць сёння гонар нашай краіны на алімпіядзе ў Токіа, тры нашы выпускнікі. Школа-інтэрнат — шматфункцыянальная ўстанова, якая дазваляе ўсебакова развіваць асобу дзіцяці. Пачынаючы з 2012 года ў нас 16 стыпендыятаў спецыяльных фондаў прэзідэнта, у спартыўнай скарбонцы — 1-я і 2-я месцы на Чэмпіянаце рэспублікі па лёгкай атлетыцы сярод інвалідаў па зроку”.

На пляцоўцы Нясвіжскага раённага цэнтра культуры, дзе праходзіла канферэнцыя, размясціліся выставачныя экспазіцыі дасягненняў сістэмы адукацыі Мінскай вобласці за 2020/2021 навучальны год. Навучэнцы і педагогі каледжаў і ліцэяў правялі воркшопы і майстар-класы, прадэманстравалі работу сучаснага тэхналагічнага абсталявання і інструментарыю. Наведвальнікі экспазіцыі змаглі пазнаёміцца з працэсам абліцоўвання пліткай, нанясення дэкаратыўнай тынкоўкі, кладкай паркетнай дошкі, мантажом меднага трубаправода, кладкай дахавага матэрыялу, дыягностыкай няспраўнасцей аўтамабіля і электрычных ланцугоў сістэмы кіравання трансмісіяй трактара, зварачнымі работамі і г.д. 

Аматараў падарожжаў зацікавіла экспазіцыя з інфармацыяй аб знакавых месцах раёна (горада), тэатралізаванымі прэзентацыямі (“жывымі карцінамі”) па творах пісьменнікаў — ураджэнцаў Мінскай вобласці, з міні-макетамі знакавых месцаў вобласці. Экспанаты суправаджаліся QR-кодамі. Побач працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі ўстаноў дашкольнай адукацыі. 

Экспанаваліся таксама IT-праекты навучэнцаў Міншчыны — удзельнікаў конкурсаў “ТэхнаІнтэлект”, “100 ідэй для Беларусі”, адукацыйных змен у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. “Касмічны месяцовы порт” — мадэль, створаная з дапамогай адукацыйных робататэхнічных канструктараў вучнямі Рассветаўскай сярэдняй школы Клецкага раёна. Тры праекты прадставіла сярэдняя школа № 11 Слуцка. Гэта Codoxo — дадатак для самастойнага вывучэння праграмавання, настольны трэнажор з дыстанцыйным кіраваннем для гульні ў Ping-Pong і Teacher Assistant System. Навучэнец Слуцкага дзяржаўнага каледжа Аляксей Бурлакоў прадставіў праграму кіравання захопам рухаў рабатызаванай трохпазіцыйнай рукой MRs, якая не мае аналагаў у Беларусі. Гэтая сістэма дазваляе кіраваць аб’ектамі пры дапамозе рухаў кісці або жэстаў у рэжыме анлайн і працаваць у месцах з нізкімі/высокімі тэмпературамі і павышаным узроўнем радыяцыі, з выбуха- і пажаранебяспечнымі рэчывамі. Сістэма можа выкарыстоўвацца ў будаўніцтве, медыцыне, ваеннай сферы, для ліквідацыі надзвычайных сітуацый і г.д.

Прэзентаваўся і вопыт работы школ па ўзаемадзеянні з сацыяльнымі партнёрамі, развіцці адзінай інфармацыйнай адукацыйнай прасторы і рэалізацыі лічбавых тэхналогій у адукацыйным працэсе. Так, Лошніцкая гімназія Барысаўскага раёна прадставіла праект аўтарскай электроннай школы, які рэалізуецца праз лакальную сетку, што дазваляе забяспечыць сеткавае ўзаемадзеянне паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. У рамках экспазіцыі “Настаўнік для адукацыі будучыні” былі прадстаўлены ЭАР устаноў адукацыі. У прыватнасці, тэхніка стварэння мультфільмаў з дапамогай кампактнай мультыплікацыйнай студыі і мультыплікацыйнага станка (ДЦРР Барысава і сярэдняя школа № 5 Салігорска). У наведвальнікаў экспазіцыі “Гады, абпаленыя вайной: 1941—1945 гг.” была магчымасць здзейсніць віртуальную экскурсію па музеях устаноў адукацыі.

Надзея ЦЕРАХАВА. 
Фота аўтара.