Выхоўваць уласным прыкладам — меркаванні ўдзельнікаў Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту

- 10:10Актуально, Новости

Прыводзім меркаванні ўдзельнікаў Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.

Міхаіл Жудро, рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі:

— Штогадовае Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і На­цыянальнаму сходу з’яўляецца ўжо добрай традыцыяй у жыцці нашай краіны, своеасаблівай нацыянальнай унікальнасцю.

Сёлета ў Пасланні былі вызначаны ключавыя актуальныя і дзейсныя драйверы стратэгічнага паспяховага развіцця краіны. Гэта народнае адзінства, гістарычная памяць і традыцыі, эканоміка, сацыяльная справядлі­васць, незалежная знешняя палітыка, абараназдольнасць. Фундаментальнай платформай рэалізацыі сфармуляваных Прэзідэнтам прыярытэтаў з’яўляецца вырашэнне двух­адзінай задачы падрыхтоўкі высокаканкурэнтных прафесійных кадраў і патрыятычнага выхавання беларусаў. Менавіта гэта гарантуе бяспеку, адзінства, захаванне незалежнасці і суверэнітэту.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння Беларусь — адукацыйны хаб Усходняй Еўропы, дзе створаны ўсе ўмовы для атрымання фундаментальнай і прыкладной адукацыі па самым шырокім спектры спецыяльнасцей. Але ўсім навучальным установам трэба плённа ўзаема­дзейнічаць, імкнуцца да павышэння эфектыўнасці сваёй адукацыйнай і выхаваўчай інтэграцыі. Мы павінны несці ўзаемную прафесійную адказнасць за якасць пад­рыхтоўкі навучэнцаў, студэнтаў, слухачоў, іх фарміраванне як асобы.

Выхавальнікі, школьныя настаўнікі, класныя кіраўнікі, выкладчыкі ўстаноў адукацыі павінны арыентавацца на захаванне пераемнасці нашых традыцыйных каштоўнасцей, на стваральную працу, пастаяннае ўдасканаленне сваіх ведаў і кампетэнцый. Прэзідэнт падкрэсліў: кожны на сваім месцы павінен прыкладаць намаганні, а дзяржава дапаможа. Цалкам салідарны таксама з устаноўкай, што падрыхтаваць высокакваліфікаванага спецыяліста можа толькі высокакваліфікаваны настаўнік, а выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт.

Наогул, Пасланне Прэзідэнта было змястоўным, канкрэтным, узважаным, аргументаваным і адрасным для ўсіх галін улады, арганізацый, устаноў і простых беларусаў. Як і заўсёды, выступленне было вельмі эмацыянальным. Асабіста для мяне словы з Паслання шмат у чым сталі навігатарам для далейшай прафесійнай дзейнасці.

Аляксандр Агеявец, дырэктар сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста:

— У штогадовым Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка абазначыў самыя актуальныя і важныя моманты далейшага развіцця нашай краіны. Мне як кіраўніку школы вельмі імпануе фраза: “Выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт”. Настаўнікаў нашай школы можна назваць сапраўднымі патрыётамі, якія любяць сваю ўстанову адукацыі, горад, краіну.

У мінулым і бягучым навучальных гадах мы правялі шмат мерапрыемстваў, прымеркаваных да знакавых падзей айчыннай гісторыі: Дзень Незалежнасці, Дзень Канстытуцыі, Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, Дзень Перамогі, Дзень народнага адзінства, Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны… У рамках Года гістарычнай памяці школьнікі наведвалі музеі і мемарыяльныя комплексы, сустракаліся з ветэранамі, малалетнімі вязнямі канцлагераў, удзельнічалі ў тэматычных мерапрыемствах і дыялогавых пляцоўках, прысвечаных генацыду беларускага народа. Паспяхова рэалізуецца інфармацыйна-адукацыйны праект “Школа актыўнага грамадзяніна”, пра які можна даведацца на школьным сайце.

Прэзідэнт сказаў: “У пэўнай ступені Год міру і стварэння павінен стаць працягам асноўнай ідэі Года гістарычнай памяці, бо мір на зямлі нельга ўявіць без гістарычнай памяці, а стварэнне — гэта пераемнасць гістарычнага шляху, крок у будучыню”. Так, вучні 7—11 класаў сталі ўдзельнікамі акцый “Беларусь памятае. Памятае кожнага” і “Сімвал памяці” па ўборцы замацаваных за школай памятных мясцін, усклалі кветкі да месцаў пахаванняў ваеннаслужачых і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Арганізавана работа па падрыхтоўцы школьнага мемарыяльнага атрада да нясення Варты Памяці на Пасту № 1 ля Вечнага агню ў Брэсцкай крэпасці-героі. 

Даволі эфектыўна выкарыстоўваецца патэнцыял 3 школьных музеяў, якія з’яўляюцца цэнтрамі грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Значнай па­дзеяй у межах Года гістарычнай памяці стала сустрэча нашых вучняў з равеснікамі з сярэдняй школы № 15 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Гродна. Паміж установамі адукацыі падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве.

Наведванне мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” даўно стала неад’емнай часткай патрыятычнага выхавання моладзі горада над Бугам. Летась там пабывалі і прынялі ўдзел у культурна-адукацыйных мерапрыемствах (лекцыях, музейна-педагагічных занятках) каля 680 вучняў. Многія з іх наведалі выставу “Без тэрміну даўнасці” ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі. Выязныя экскурсіі і паходы карыстаюцца вялікай папуляр­насцю ў школьнікаў. Каб развіць у іх сацыяльную актыўнасць і лідарскія якасці, ва ўстанове плённа дзейнічае вучнёўскае самакіраванне “Школьная рэспубліка”.

Апошнім часам у краіне істотна актывізавалася інфармацыйна-прапагандысцкая і патрыятычная работа, у тым ліку з моладдзю. І гэта правільна! Без гістарычнай памяці нельга выхаваць дастойных нашчадкаў. А паспяхова справіцца з гэтым могуць толькі педагогі-прафесіяналы, педагогі-патрыёты, гатовыя вучыць і выхоўваць уласным прыкладам.

Фота з выступлення Прэзідэнта БелТА