Выкарыстоўваць кітайскі вопыт у развіцці Беларусі

- 10:51Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час дзяржаўнага візіту правёў перагаворы з Прэм’ерам Дзяржаўнага савета Кітайскай Народнай Рэспублікі Лі Кэцян.

У пачатку сустрэчы кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ўжо на працягу двух з паловай дзясяткаў гадоў цікавіцца вопытам развіцця Кітая, і яго знаёмства з гэтай краінай пачалося яшчэ да выбрання прэзідэнтам. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, з’яўляючыся дэпутатам, прапаноўваў выкарыстоўваць кітайскі вопыт у развіцці Беларусі, не разбураючы існуючую тады сістэму і дзяржаўны лад. “Але ў нас тады вельмі шмат было лібералаў, якія выбралі заходні шлях развіцця”, — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, нягледзячы на гэта, прадаўжаў вывучаць кітайскі вопыт. “Я прыязджаў да вас, бываў у гарадах, вывучаў функцыянаванне свабодных эканамічных зон, бываў у вашых вёсках. Я вельмі добра ведаю агульны напрамак станаўлення і развіцця гэтай цудоўнай і старажытнай дзяржавы, — сказаў прэзідэнт. — Інтуітыўна яшчэ тады — да свайго прэзідэнцтва — я зразумеў, што будучае нашай планеты за Кітаем. Як бачыце, я не памыліўся”.

У сваю чаргу Лі Кэцян выказаў упэўненасць, што дзяржвізіт Аляксандра Лукашэнкі надасць дадатковы магутны імпульс далейшаму развіццю кітайска-беларускіх адносін. “Я гатовы абменьвацца з вамі думкамі па двухбаковым парадку дня ў пытаннях, якія ўяўляюць узаемны інтарэс”, — сказаў ён.