Вынік шматгадовай работы па патрыятычным выхаванні ў СШ №3 Ганцавіч – рэалізацыя праекта «Гатовы Радзіме служыць»

- 11:11Образование, Приложение, Шестой день

Вынікам комплекснай шматгадовай работы па патрыятычным выхаванні ў сярэдняй школе № 3 Ганцавіч стала рэалізацыя праекта “Гатовы Радзіме служыць”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Падчас рэалізацыі праекта ў школе з’явіліся рэсурсны цэнтр па ваенна-патрыятычным выхаванні, ваенна-патрыятычны клас і некалькі груп гэтай жа накіраванасці. Таксама быў створаны ваенна-патрыятычны клуб “Палеская зорка”, які аб’яднаў навучэнцаў розных узростаў з трох(!) аб’яднанняў па інтарэсах: “Зарнічка” — дзеці 10—12 гадоў, “Гатовыя Радзіме служыць” — школьнікі 13—15 гадоў і “Зарніца” — падлеткі 14—16 гадоў. Дарэчы, некаторыя аб’яднанні па інтарэсах ужо некалькі дзясяткаў гадоў працуюць у школе. Акрамя таго, члены клуба пачалі асвойваць новы для іх напрамак — пошукава-даследчую дзейнасць.

— Увогуле, работа па патрыятычным выхаванні вядзецца ў школе даўно, з 1978 года, — расказ­вае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Літвіновіч. — На працягу трох дзясяткаў гадоў нязменны кіраўнік гэтага кірунку ў школе — Ула­дзімір Худніцкі, за плячыма якога 45 гадоў педагагічнага стажу і мноства перамог і прызавых месцаў на спаборніцтвах па ваенна-патрыятычных гульнях. Сярод апошніх дасягненняў яго падапечных — 2-е месца ў рэспубліканскай гульні “Зарніца” і 1-е ў “Зарнічцы”. Усяго за плячыма юных пат­рыётаў школы больш за 20 перамог на розных конкурсах абласнога і рэспуб­ліканскага ўзроўню. Калі 2 гады назад мы вырашылі ўключыцца ў праект з упорам на ваенна-патрыятычнае выхаванне, нашай галоўнай мэтай было зацікавіць гэтай дзейнасцю як мага больш хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту, сфарміра­ваць у іх разуменне важнас­ці прафесіі абаронцы Радзімы.

Сёння ў кожнае з аб’яднанняў па інтарэсах, якія наведваюць больш за 5 дзясяткаў навучэнцаў, уключаны страявая, агнявая і медыцынская падрыхтоўка, асновы тапаграфіі. Прычым дзяўчаты, напрыклад, па хуткасці разборкі-зборкі аўтамата Калашнікава фору даюць многім хлопцам. Вывучаюць школьнікі і гераічныя старонкі гісторыі Беларусі, подзвіг нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Больш за ўсё, па словах педагогаў, дзецям падабаецца страявая і агнявая падрыхтоўка. Зараз школьнікі з нецярпеннем чакаюць удзе­лу ў абласным этапе гульняў “Зарніца” і “Зарнічка”, якія пройдуць у чэрвені.

Асноўныя месцы, дзе юныя патрыёты знаёмяцца з асновамі ваеннай справы, — цір, стадыён і пляцоўка каля школы, якая паспяхова выкарыстоўваецца як пляц. Дарэчы, цір за апошнія гады быў абноўлены і мадэрнізаваны, у ім, акрамя трэніровак са зброяй, праходзяць яшчэ і тэарэтычныя заняткі, а ў непагадзь ёсць магчы­масць адточваць тут страя­выя прыёмы.

За месяцы рэалізацыі праекта ўстанова адукацыі стала ініцыятарам правядзення некалькіх фестываляў, падчас якіх усе школьнікі ўдзельнічаюць у розных спаборніцтвах. Сярод іх конкурс па агнявой падрыхтоўцы “Самы спрытны і меткі”, конкурс “Аб Ра­дзіме, аб мужнасці, аб славе”, конкурс строю і песні “Служым Беларусі”, конкурс баявых лісткоў “Салдацкая мужнасць”, конкурс “Маем гонар Айчыне служыць”, інтэлектуальны квіз “Я — грамадзянін Беларусі”.

Навучэнцы таксама з задавальненнем наведваюць бібліяўрокі “Героі ніколі не паміраюць, героі ў нашай памяці жы­вуць!”, урокі-рэквіемы “Свечка памяці”, удзельнічаюць у ваенна-патрыятычным квесце “#Па_слядах_пат­рыётаў”, у спаборніцтвах па лазернай стральбе з макета АК-74.

— Рэалізацыя гэтага праекта ў шосты дзень дазволіла нам павысіць якасць работы па грамадзянскім і ваенна-патрыятычным выхаванні, стварыць сучаснае адукацыйнае асяроддзе з перадавым метадычным і практычным вопытам, а таксама стаць пляцоўкай для перадачы гэтага вопыту калегам, — заўважыла Наталля Іванаўна.

Падчас рэалізацыі праекта ў школе з’явіліся рэсурсны цэнтр па ваенна-патрыятычным выхаванні, ваенна-патрыятычны клас і некалькі груп гэтай жа накіраванасці.

Марына КУНЯЎСКАЯ