Вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года» падвялі ў Брэсце

- 10:00Образование

Вынікі абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” падвялі ў горадзе над Бугам, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты“.

У зале Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнт­ра маладзёжнай творчасці сабраліся 48 фіналістаў з 640 удзельнікаў усіх этапаў спаборніцтва. На працягу месяца педагогі праходзілі конкурсныя выпрабаванні на базе школ, БрДУ імя А.С.Пушкіна і абласнога ІРА: праводзілі адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах, прэзентавалі ўласны вопыт, рыхтавалі выступленні, давалі майстар-класы.

Пераможцы вызначаліся ў 8 намінацыях, у 4 з якіх не было роўных педагогам Пінска. Лепшымі прызнаны настаўніца анг­лійскай мовы Вольга Шчарбакова з гімназіі № 2 Пінска, настаўніца матэматыкі Таццяна Крапіневіч з гімназіі Ляхавіч, настаўніца пачатковых класаў Кацярына Каваленка з сярэдняй школы № 17 Баранавіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры Іна Дробышава з гімназіі Іванава, настаўніца фізічнай культуры і здароўя Таццяна Гардзіеўская з гімназіі Пружан, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Канстанцін Крышталь з гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Пінска, настаўніца біялогіі Таццяна Пархамчук з гімназіі № 2 Пінска і выхавальніца Ганна Камарова з дзіцячага сада № 1 Пінска.

Лаўрэат конкурсу, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца геаграфіі Наталля Маслоўская з сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата прызналася, што дасяг­нуць высокіх вынікаў у конкурсе ёй дапамаглі працавітасць, мэтанакіраванасць і імкненне да самаўдасканалення.

“Дзякуючы прафесійнаму спаборніцтву, у педагогаў літаральна вырастаюць крылы, якія падштурхоўваюць да творчага пошуку і далейшага самаразвіцця”, — заўважыла настаўніца з 25-гадовым стажам работы.  

У рамках урачыстага мерапрыемства таксама ўзнагаро­дзілі пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют”. Сярод іх — дырэктар Падстарынскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна Аляксандр Молаш, настаўніца пачатковых класаў Дар’я Гладун з гімназіі № 2 Пінска, загадчык Арлоўскага дзіцячага сада Столінскага раёна Мікалай Бакун і выхавальніца Настасся Пераходзька са спецыяльнага дзіцячага сада № 17 Пінска. 

— Усе канкурсанты — аднадумцы ў агульнай і адказнай справе: валодаюць высокімі прафесійнымі кампетэнцыямі і маральнымі якасцямі, актыўна асвойваюць новыя тэхналогіі, любяць дзяцей і ўмеюць зарадзіць іх пазітыўнай энергіяй, з’яўляюцца ўзорамі патрыятызму. Гэта надзвычай важна, бо толькі патрыёт можа выхаваць патрыёта і толькі шчаслівы настаўнік можа выхаваць шчаслівага чалавека. Вялікі дзякуй тым, хто на працягу доўгага часу застаецца ў любімай прафесіі, і тым, хто нядаўна прыйшоў у яе і шчыра хоча стаць прафесіяналам, пераняўшы эстафету пакаленняў. За ўсімі цяжкасцямі настаўніцкай працы шмат прыемных эмоцый і ўсмешак дзяцей, таго, што натхняе педагогаў шукаць новыя падыходы ў рабоце, старанна рыхтавацца да заняткаў, штодзень з радасцю ісці ў клас, імкнуцца, каб моладзь паспяхова рэалізавала сябе ў жыцці. Заставайцеся ў прафесіі і атрымлівайце асалоду ад яе! — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская.

Пераможцы і лаўрэаты конкурсаў атрымалі каштоўныя падарункі ад галіновага прафсаюза і спонсараў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара