За 35 гадоў існавання Іванаўскі раённы цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства змяніў не адзін адрас, пакуль не атрымаў нарэшце прасторны будынак былога аздараўленчага комплексу, дзе пасля рамонту ўдалося наладзіць адукацыйны працэс на якасна новым узроўні. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Наша даўняя мара ажыццявілася, — не хавае радасці дырэктар установы Аляксандр Шурхай, які працуе тут амаль 20 гадоў. — Матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе праводзіць паспяховую работу па турыстычна-краязнаўчым, ваенна-патрыятычным і эколага-біялагічным кірунках. Так, у вялікай спартыўнай зале абсталяваны палігон па турыстычна-прыкладным мнагаборстве, спартыўныя карты і сучасны скаладром, чым можа пахваліцца далёка не кожная ўстанова дадатковай адукацыі.
Выхаванцы эколага-біялагічных аб’яднанняў па інтарэсах займаюцца ў жывым кутку, працуюць на вучэбных градках, а неўзабаве будуць вырошчваць расліны ў міні-цяпліцы.
Дзеці актыўна ўдзельнічаюць у экалагічных гульнях, квестах, экспедыцыях, экскурсіях і акцыях (“Дапамажы птушкам”, “Гадзіна Зямлі”, “Чыстыя гульні”). Фотаздымкі і відэаролікі з розных мерапрыемстваў, паходаў і заняткаў у гуртку “Экагід” размяшчаюцца ў Instagram.
Больш за год на базе ўстановы дзейнічае раённы цэнтр ваенна-патрыятычнай і дапрызыўнай падрыхтоўкі навучэнцаў “Шчыт”, яго ўзначальвае маёр запасу Мікалай Маркевіч, які працуе ў сістэме адукацыі ўжо звыш 30 гадоў. На аснашчэнне спецыялізаванага кабінета неабходным абсталяваннем было затрачана 39 тысяч рублёў.
— Цэнтр адыгрывае важную ролю ў практычнай падрыхтоўцы юнакоў і дзяўчат да службы ва Узброеных Сілах і ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, — гаворыць Аляксандр Шурхай. — За час работы цэнтра яго наведалі больш за 2,4 тысячы чалавек, а звыш 900 старшакласнікаў прайшлі навучанне па праграме дапрызыўнай падрыхтоўкі. Летам на базе загараднага аздараўленчага лагера “Брыганціна” арганізуецца ваенна-патрыятычная змена, у рамках якой праводзяцца ваенна-палявыя зборы для дзесяцікласнікаў.
У цэнтры праходзяць тэматычныя мерапрыемствы: урокі мужнасці, сустрэчы з удзельнікамі баявых дзеянняў, супрацоўнікамі раённага ваенкамата і аддзела па надзвычайных сітуацыях. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з Пінскім пагранічным атрадам і Брэсцкім ракетна-зенітным палком.
На базе цэнтра працуюць профільныя аб’яднанні “Абаронца Айчыны” і “Пошукаўцы-даследчыкі”. З ліку актыўных старшакласнікаў створаны ваенна-гістарычны клуб “Гвардзеец”.
— Займаюся ў гуртку ўсяго некалькі тыдняў, — расказвае пяцікласнік Цімафей Мярэчка з сярэдняй школы № 3 Іванава, якога сюды прывёў сябар. — Два разы на тыдзень прыходжу на заняткі, дзе разбіраю і збіраю аўтамат Калашнікава і пісталет Макарава, вучуся хутка надзяваць процівагаз, а таксама карыстацца іншым вайсковым абсталяваннем. Тут можна з цікавасцю і карысцю правесці час.
— Прафарыентацыя — адзін з важных кірункаў работы цэнтра, дзе праводзяцца сустрэчы з прадстаўнікамі ўстаноў вышэйшай адукацыі ваеннага профілю, — заўважае Мікалай Маркевіч. — Па выніках мінулага навучальнага года два нашы выхаванцы паступілі на ваенныя спецыяльнасці.
Неўзабаве ў цэнтры адкрыюцца цір для стральбы з пнеўматычнай зброі і абноўлены клас для заняткаў па дапрызыўнай падрыхтоўцы.
Важнае месца ў дзейнасці ўстановы займае турыстычна-экскурсійная работа са школамі раёна, звязаная з арганізацыяй экскурсій, падрыхтоўкай матэрыялаў для турыстычных выстаў і інш.
У цэнтры працуе няшмат педагогаў. Дырэктар ганарыцца кожным і падкрэслівае, што сярэдні ўзрост калектыву — усяго каля 30 гадоў. Дар’я Рута — майстар спорту па турыстычна-прыкладным мнагаборстве і член рэспубліканскай зборнай па ім. Аляксандр Цунік курыруе турыстычны кірунак, Вікторыя Змушко — экалагічны, а Вольга Чарненка забяспечвае метадычнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу.
Сёлета ў дружны калектыў улілася і маладая сям’я выпускнікоў ПалесДУ Багдана і Веранікі Малайчук.
— Выпадковыя людзі ў нас не затрымліваюцца, — гаворыць Аляксандр Шурхай. — Гэта вельмі важна, бо дзеці не будуць займацца ў тых педагогаў, якія не ўмеюць іх зацікавіць. Наш цэнтр наведваюць каля 340 хлопчыкаў і дзяўчынак з Іванава і навакольных вёсак, што не так і мала з улікам яшчэ адной установы дадатковай адукацыі ў горадзе.
На рахунку педагогаў і выхаванцаў цэнтра шмат дыпломаў, атрыманых па выніках мерапрыемстваў рознага ўзроўню. З 2016 года ўстанова праводзіць адкрыты фестываль воднага турызму “Мотальская рэгата” з рэспубліканскім і міжнародным удзелам. Гэта захапляльная двухдзённая гонка з перашкодамі на байдарках па рацэ Ясельдзе. З нядаўняга часу цэнтр арганізуе таксама адкрытыя спаборніцтвы па турыстычна-прыкладным мнагаборстве “Янаўская вышыня”, у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі многіх раёнаў Брэстчыны. Педагогі і выхаванцы ўстановы задзейнічаны ў фестывалі “Мотальскія прысмакі”, фестывалі аматараў воднага турызму “Днепрабугскія старты”, раённым турзлёце настаўнікаў…
Сакрэт поспеху іванаўскіх пазашкольнікаў у тым, што яны з душой займаюцца любімай справай і ўмеюць захапіць ёй іншых.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара