У Шчучынскім раёне завяршыліся летнія зборы праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Палявыя зборы — гэта выніковае мерапрыемства, падчас якога дзеці дэманструюць тыя веды і ўменні, якімі авалодалі за год.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў клуба звярнуліся старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Аляксей Садоўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Павел Міхалюк, протаіерэй кіраўнік аддзела Гродзенскай епархіі па ўзаемадзеянні з Узброенымі Сіламі і іншымі ваеннымі фарміраваннямі Аляксандр Казакевіч, якія адзначылі актуальнасць духоўнай і фізічнай загартоўкі.
Праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб “Дружына” быў створаны па ініцыятыве аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама пры падтрымцы царквы, аддзела ўнутраных спраў, ваеннага камісарыята. Заняткі ў клубе праходзяць на працягу года ў Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі.
“Галоўнай мэтай, якую ставілі перад сабой, калі адкрывалі клуб, было выхаванне ў падлеткаў патрыятызму і духоўнасці ў спалучэнні з фізічным удасканаленнем, — расказвае кіраўнік клуба педагог дадатковай адукацыі Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Генадзь Шышкін. — У клуб прымаем дзяцей ад 11 да 17 гадоў”.
Каб трапіць у лік дружыннікаў і атрымаць чорны берэт, аднаго жадання не дастаткова. Разглядаючы патэнцыяльных удзельнікаў клуба, яго кіраўнікі звяртаюць увагу і на адзнакі ў школе.
“Каб прэтэндаваць на атрыманне чорнага берэта, у маладых людзей павінны быць станоўчыя адзнакі ў школе, яны не павінны прапускаць заняткі, не павінны мець праблем з законам, — пералічвае Г.Шышкін. — У першыя гады, як толькі “Дружына” пачала працаваць, прыцягвалі да сябе тых падлеткаў, якія знаходзіліся на розных формах уліку. Гэта важна, каб паказаць ім, што яны могуць выбраць іншы шлях і лад жыцця. Наш клуб рэалізуе адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па асновах дапрызыўнай падрыхтоўкі, рукапашным баі. Таксама выхаванцы вывучаюць Святое Пісанне Новага Запавету”.
Падчас палявых збораў дзеці не толькі паказваюць, чаму навучыліся. У першую чаргу яны пацвярджаюць (у тым ліку і для сябе) свае здольнасці. За 9 дзён жыцця ў палявых умовах маладыя людзі замацоўваюць на практыцы веды і ўменні ў сферы ваенна-тэарэтычных дысцыплін, здаюць нарматывы і залікі, праходзяць паласу перашкод па зямлі і ў вадзе. Толькі пасля гэтага іх дапускаюць да выніковага заліку на права нашэння запаветнага берэта.
“Клуб аб’ядноўвае 25 старшакласнікаў, — адзначае начальнік аддзела адукацыі Шчучынскага райвыканкама Павел Тарчынскі. — Сярод нашых выхаванцаў — прызёры адкрытага абласнога першынства па ваенна-прыкладных відах спорту, абласнога спартыўна-патрыятычнага злёту “Юны дынамавец”, ваенна-патрыятычных злётаў праваслаўнай моладзі”.
За час работы клуба ў ім склаліся асаблівыя грамадзянска-патрыятычныя традыцыі. Клуб — лаўрэат прэміі імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, за высокі ўзровень арганізацыі духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. Вопыт работы “Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці ў вучняў з дапамогай праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына” адзначаны дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі. У чэрвені бягучага года на рэспубліканскім злёце царкоўных ваенна-патрыятычных клубаў, які адбыўся ў Пінскім пагранатрадзе, дружыннікі заваявалі 1-е месца. На працягу апошніх гадоў выпускнікі клуба паступаюць у Ваенную акадэмію, Акадэмію МУС і інш.
“У маладых людзях вельмі важна выхоўваць і цялеснае, і духоўнае, — упэўнены благачынны Шчучынскай акругі, іерэй, духоўнік клуба “Дружына” Аляксандр Пастарняк. — За целам мы сочым, і за душой таксама трэба сачыць. Таму ўсе мерапрыемствы клуба пачынаюцца з ранішняй малітвы, пасля абеду — духоўная гутарка са святаром, вечар заканчваецца таксама малітвай. Без клопату пра душу чалавек не з’яўляецца чалавекам. Асабліва важна нагадваць пра гэта ў маладзёжным асяроддзі”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА