Выпускнікі сярэдняй школы № 6 Калінкавіч, у якой працуюць 12 ваенна-патрыятычных класаў, штогод паступаюць ва УВА сілавога профілю. Гэты год не выключэнне. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Быць у “Авангардзе”
Выпускнікі школы Мацвей Навумік і Вадзім Вальчанка сталі курсантамі Ваеннай акадэміі, Яўген Іжакенаў — Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, дзе будзе вучыцца на ратавальніка-пажарнага.
— Я першым у сям’і вырашыў стаць ваенным. Паступіў у Ваенную акадэмію на факультэт сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання. Падчас вучобы ў нашай школе шмат даведаўся аб вайсковай службе і зразумеў, што хачу звязаць з ёй сваю будучыню. Абараняць краіну — гэта сапраўдная мужчынская работа, — расказвае Мацвей Навумік.
Трэба адзначыць, сістэма ваенна-патрыятычнага выхавання школы вельмі ўражвае. Першы ваенна-патрыятычны клас тут з’явіўся яшчэ ў 1998 годзе, аб’яднаўшы 17 навучэнцаў з розных школ горада і раёна. На сёння такіх класаў ужо 12, у іх вучыцца больш за 170 чалавек.
У кожным класе прызначаюцца камандзір узвода і тры камандзіры аддзяленняў. Усе носяць форму адзінага ўзору. Ёсць свой кодэкс гонару, а таксама статут, дзе прапісаны абавязкі навучэнцаў і іх камандзіраў па падтрыманні дысцыпліны, парадак прымянення заахвочванняў і спагнанняў. Напрыклад, за дрэнныя паводзіны могуць на два тыдні забараніць насіць форму. Для парушальніка гэта адчувальны момант: усе ў форме, а ён не. Штомесяц збіраецца савет патрыётаў, які аб’ядноўвае актыў профільных класаў.
— Упершыню ваенна-патрыятычны клас набіраем на ўзроўні пяцікласнікаў. Акрамя яго, яшчэ ёсць два звычайныя. Прыемна адзначыць, што ў новым навучальным годзе склад навучэнцаў нашага ваенна-патрыятычнага 5 класа будзе моцны як ніколі: сярэдні бал па выніках адбору дасягнуў адзнакі 8! Сярод патрабаванняў таксама ўзорныя паводзіны дзіцяці і добры стан здароўя. Так што маладая змена прыйшла выдатная, — дзеліцца намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 6 Калінкавіч Марыя Пырко.
На базе школьнага атрада “Авангард” у 2023 годзе створаны аднайменны ваенна-патрыятычны клуб. Сваё імя юныя патрыёты апраўдваюць — яны сапраўды ў авангардзе падзей. Паспяхова ўдзельнічаюць у многіх спартыўных і ваенна-патрыятычных мерапрыемствах, у ліку іх перамог — 1-я месцы на абласным этапе ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” і ў рэспубліканскім фестывалі “Партызаны Палесся”, 3-е месца на міжнароднай алімпіядзе “Палескі бастыён”. Хлопцы і дзяўчаты — нязменныя ўдзельнікі парадаў, мітынгаў, вахт Памяці, вела- і аўтапрабегаў, прысвечаных знакавым для нашай краіны падзеям.
Традыцыяй стала правядзенне ў лютым месячніка ваенна-патрыятычнага выхавання, у рамках якога праходзіць урачыстае мерапрыемства “Пасвячэнне ў патрыёты”, агляды-конкурсы строю і песні, тэматычныя акцыі, святочны канцэрт, а таксама міжрэгіянальны турнір па боксе, прысвечаны памяці загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў. А летам дзяцей прымае выхаваўча-аздараўленчы лагер дзённага знаходжання “Патрыёт”.
Ужо шэсць дзесяцігоддзяў у школе працуе музей баявой славы, у якім збіраецца інфармацыя па гісторыі барацьбы і вызвалення Калінкавіччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На прыкладзе падзей і герояў тых часоў дзецям даступна расказваюць, што такое вайна, акупацыя, мужныя абаронцы і бязлітасныя ворагі, якіх больш ніколі нельга пускаць на нашу зямлю. Матэрыялы музея актыўна выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы мерапрыемстваў праекта “ШАГ”, інфармацыйных і класных гадзін, напісанні даследчых работ, у пазакласнай дзейнасці.
Раўняцца на лепшых
Школа плённа супрацоўнічае з шэрагам устаноў вышэйшай адукацыі сілавога профілю, міжведамаснымі структурамі Калінкавіч. Навучэнцы — частыя госці ў вайсковых часцях, структурах іншых міністэрстваў, на адпаведных факультэтах, актыўныя ўдзельнікі тэматычных круглых сталоў і дыялогавых пляцовак. За апошніх пяць гадоў студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі сілавога кірунку сталі каля 20 выпускнікоў школы, 7 навучэнцаў паступілі ў кадэцкія вучылішчы.
— Шчыра ганарымся тымі, хто вырашае стаць абаронцам нашай краіны і яе жыхароў, — адзначае Марыя Пырко. — Мы не ставім мэты, каб усе нашы навучэнцы выбралі такія прафесіі. Большасць з іх аддае перавагу іншым сферам дзейнасці. Але, упэўнена, атрыманыя падчас вучобы ў ваенна-патрыятычных класах правільныя пасылы застануцца з імі на ўсё жыццё.

Настаўнік Дамір Нурмухамедаў і выпускнік школы Мацвей Навумік
Сваёй шматгаліновай сістэмай ваенна-патрыятычнага выхавання школа ў многім абавязана настаўніку дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі, падпалкоўніку ў адстаўцы, воіну-інтэрнацыяналісту Даміру Нурмухамедаву. Ён прысвяціў гэтай установе адукацыі амаль 30 гадоў жыцця. Для дзяцей гэта прыклад па-сапраўднаму моцнага чалавека, які прайшоў афганскую вайну, камандаваў батальёнам, узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі. Педагог ніколі не шкадаваў часу і сіл, каб сфарміраваць у юнакоў і дзяўчат разуменне таго, што значаць для чалавека Радзіма, доўг, гонар. Многія былыя выпускнікі Даміра Хамітавіча, сёння ўжо афіцэры, адзначаюць, што ў школьныя гады раўняліся на яго як на ўзор годнасці і мужнасці. Дарэчы, некаторыя з іх ахвотна сустракаюцца з сённяшнімі навучэнцамі школы, праводзяць для іх практычныя заняткі і ладзяць выставы баявой тэхнікі.
— Нашых вучняў адрознівае асаблівая выпраўка, больш асэнсаваныя адносіны да жыцця. Бацькі мэтанакіравана аддаюць дзяцей у нашы ваенна-патрыятычныя класы, бо ведаюць, што яны атрымаюць дастойнае выхаванне і трывалыя веды, стануць больш дысцыплінаванымі, адказнымі. І мы апраўдваем іх чаканні, — адзначае Дамір Нурмухамедаў.
У ліку яго сённяшніх выхаванцаў — Ілья Панфіленка і Ягор Афанасьеў.
— Я перайшоў у 11 клас, паступаць буду ў наступным годзе. Але ўжо зараз дакладна ведаю, што ў будучыні хачу працаваць у праваахоўных органах. Паўплываў на мой выбар прыклад бацькоў і дзеда, хачу працягнуць сямейную дынастыю. Таксама мне дапамаглі вызначыцца Дамір Хамітавіч і іншыя настаўнікі нашай школы. Вучуся ў ваенна-патрыятычным класе, дзе я намеснік камандзіра ўзвода, удзельнічаю ў рабоце ваенна-патрыятычнага клуба “Авангард”, — дзеліцца Ілья.
— У мяне наперадзе яшчэ два гады, каб вызначыцца з прафесіяй. Я не планую звязваць сваю будучыню з ваеннай справай, больш бачу сябе ў сферы энергетыкі. Але тое, што з 5 класа я вучуся ў ваенна-патрыятычным класе, з’яўляюся камандзірам узвода, лічу для сябе добрым вопытам. Упэўнены, ён спатрэбіцца мне ў жыцці, — адзначае Ягор.
Дарэчы, ваенна-патрыятычны клас школы ужо скончыў старэйшы брат Ягора, у такім вучыцца і малодшы. І гэта не адзіны падобны прыклад. Можна сказаць, у сем’ях закладваецца адпаведная традыцыя выхавання дзяцей, што можна толькі вітаць.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара





