Кожны з нас сутыкаўся ў жыцці з сітуацыяй, калі цябе захлістваюць эмоцыі. Часам саўладаць з імі і сабой няпроста нават даросламу чалавеку, што ўжо казаць пра дзіця, падлетка. Асабліва цяжка ў гэтым плане навучэнцам бывае ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення ЦЭ і ЦТ. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Эмодзі ў дапамогу
Наколькі сучасныя дзеці эмацыянальныя? Што ўвогуле значаць эмоцыі для дзіцяці, падлетка? Педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 4 імя П.І.Батава Слоніма Алена Федзеня ўпэўнена, што сучасныя дзеці вельмі эмацыянальныя. Ранняе палавое паспяванне, недахоп адвольнасці псіхічных працэсаў, мінімум жывых зносін — усё гэта прыводзіць да таго, што дзіця адчувае цяжкасці з эмацыянальнай самарэгуляцыяй.
— Цікава, што дзеці актыўна выкарыстоўваюць сімвалы эмоцый — эмодзі — у перапісцы ў сацыяльных сетках, — кажа Алена Уладзіміраўна. — Зносіны ў сацсетках аднапланавыя, выкарыстанне эмодзі стэрэатыпізуе эмацыянальныя рэакцыі дзіцяці. Але хочацца адзначыць, што ў смайліках ёсць вялікі плюс. Ідэаграмы дапамагаюць чалавеку распазнаваць свае эмоцыі. Дзіцяці бывае цяжка назваць, што канкрэтна яно адчувае, а выказаць эмоцыю ў выглядзе прыдатнай карцінкі яму лягчэй. Плюс гэта дае эмацыянальнае адрэагаванне на сітуацыю.
Асноўны прынцып кіравання эмацыянальным станам — не баяцца ўласных эмоцый. Усе эмоцыі, якія ўзнікаюць як у дзіцяці, так і ў дарослага, важныя і служаць для абароны і дапамогі чалавеку. Гістарычна склалася адмоўнае стаўленне да такіх эмоцый, як злосць, страх, крыўда. Гэтыя эмоцыі так і называюцца — негатыўныя — у значэнні “дрэнныя”. Абумоўлена гэта імпульсіўнымі паводзінамі маленькага дзіцяці. Калі малое злуецца, яно б’е. Калі яму страшна, яно плача і крычыць. Да таго ж у дзіцячым арганізме адбываецца фізіялагічная рэакцыя, выкід гармонаў, пачашчанае сэрцабіцце, галавакружэнне і г.д., што палохае дзіця.
— Часта бацькі неўсвядомлена абясцэньваюць эмоцыі дзяцей, зрэшты, як і ўласныя (“Не крыўдуй”, “Вось, надзьмуўся”, “Чаго ты плачаш?”, “Не злуйся”, “Не плач”, “Чаго галосіш?” і інш.), — працягвае педагог-псіхолаг. — Асноўная задача дарослага (у тым ліку школьнага псіхолага) — дапамагчы дзецям зразумець (распазнаць) і прыняць свае эмоцыі (“Ты злуешся, і гэта нармальна. Я з табой”), навучыць экалагічна выказваць іх. Важна расказаць дзецям варыянты прымальнага і бяспечнага адрэагавання: можна пабіць падушку, памаляваць, патанцаваць, паскакаць, скамячыць, парваць, растаптаць газету, напісаць на лістку тое, што турбуе, хвалюе.
Асабістыя межы
А што рабіць, калі дзіцяці не ўдалося саўладаць з эмоцыямі і здарыўся канфлікт? Як дзецям вырашаць канфлікты мірным шляхам і як у гэтым можа дапамагчы настаўнік, педагог-псіхолаг? Адказваючы на гэтыя пытанні, Алена Федзеня, у прыватнасці, гаворыць, што канфлікт можа быць выкліканы патрэбай псіхікі адрэагаваць на эмоцыі, не пражытыя, прыгнечаныя ў нейкіх стрэсавых для дзіцяці падзеях раней. У такім выпадку патрэбна індывідуальная работа.
— Даволі часта міжасобасныя канфлікты звязаны з асабістымі межамі, а дакладней, з іх адрозненнем, — адзначае Алена Уладзіміраўна. — Напрыклад, дзіця вырасла ў сям’і, дзе асабістых прадметаў практычна не было (“Усё агульнае”, “Трэба ўсім дзяліцца” і інш.). Яно чакае аналагічных паводзін ад іншых дзяцей. У такога дзіцяці непазбежны канфлікт з хлопчыкам ці дзяўчынкай, якія былі адзіным дзіцем у сям’і. У сувязі з гэтым важным кампанентам прафілактыкі канфліктных паводзін з’яўляецца тлумачэнне дзецям паняцця асабістых меж, выпрацоўка адэкватных адносін да адрозненняў у іх. Агульным напрамкам прафілактыкі канфліктаў з’яўляецца навучанне самарэгуляцыі, развіццю эмацыянальнага інтэлекту, прыняццю меркавання іншага чалавека, эфектыўным стратэгіям паводзін у канфлікце.
Роля педагога ў навучанні дзяцей вырашэнню канфліктаў значная, прычым не мае значэння, ведае пра гэта педагог ці не. Штодзень у класных калектывах узнікаюць канфліктныя сітуацыі. Стратэгіі, якія прымяняе педагог у вырашэнні спрэчак, заўсёды з’яўляюцца прыкладам для вучняў.
Канструктыўна да іспытаў
Такім чынам, правільна рэагаваць на ўласныя эмоцыі важна навучыць кожнае дзіця. Асабліва выпускніка, у якога наперадзе экзаменацыйны стрэс. На думку Алены Федзені, прафілактыка экзаменацыйнага стрэсу — гэта заўсёды сістэма работы з усімі ўдзельнікамі экзаменацыйнага працэсу, якая вядзецца на працягу навучальнага года. Для выпускнікоў асноўная работа накіравана на выпрацоўку навыкаў кіравання эмацыянальным станам, мабілізацыі і экспрэс-дапамогі ў стрэсавых сітуацыях, на фарміраванне ўпэўненасці ў сваіх сілах, развіццё фрустрацыйнай талерантнасці і інш. Заняткі і практыкумы ўключаюць у сябе тэхнікі цялесна-арыентаванай тэрапіі, арт-тэрапеўтычныя гульні і практыкаванні.
— Важна выпрацаваць у вучняў канструктыўнае стаўленне да экзаменаў, павысіць упэўненасць у сабе. Фарміраванне адэкватнага стаўлення да іспытаў падразумявае веру ў сябе. Чым менш веры ва ўласныя сілы, тым большы страх, які можа паралізаваць і нават звесці да нуля ўсе намаганні. Навучэнцам з высокім узроўнем трывожнасці дапамагаюць практыкаванні па змяненні ўспрымання і адносін да экзаменаў як падзеі. Як правіла, экзамены ў выпускнікоў асацыіруюцца са стрэсам, болем, страхам, трывогай, катаргай. Даволі эфектыўнымі паказалі сябе практыкаванні, накіраваныя на перапрашыўку асацыятыўнага шэрага. У гэтай рабоце дапамагаюць метафарычныя асацыятыўныя карты, — расказвае Алена Уладзіміраўна.
Паводле слоў педагога-псіхолага, з бацькамі ў асноўным вядзецца асветніцкая работа па аказанні дапамогі і падтрымкі вучням у перадэкзаменацыйны перыяд і непасрэдна ў час экзаменаў. Для педагогаў праводзяцца кансультацыі па ўзаемадзеянні з трывожнымі навучэнцамі з нізкай самаацэнкай. Да таго ж важным складнікам у прафілактыцы экзаменацыйнага стрэсу з’яўляецца інфармацыйная падтрымка — буклеты, брашуры, афармленне інфармацыйнага стэнда і г.д.
Зняць белую заслону
Як дзіцяці правільна справіцца са стрэсам на экзаменах і ЦТ, калі навучэнец усё ж пачынае моцна хвалявацца, забывае матэрыял, губляецца?
— Экзамены — гэта, бясспрэчна, стрэсавая сітуацыя, — дзеліцца Алена Уладзіміраўна. — І чым бліжэй гэтая падзея, тым большая трывога. У вопыце любога чалавека ёсць сітуацыі, калі яму было страшна. Калі чалавек так і не навучыўся спраўляцца з такімі сітуацыямі і эмоцыямі, можа ўзнікаць страх зведваць эмоцыі страху, г.зн. страх страху. Менавіта гэты від эмоцый у лепшым выпадку ўводзіць у ступар навучэнца. Самае характэрнае апісанне: “Я ўсё забыўся”, “Белая заслона”. Пры самым неспрыяльным развіцці падзей можа сфарміравацца панічная атака. Лепш за ўсё тут дапамогуць практыкаванні на зазямленне.
Можна прымяніць практыкаванне “Апісанне”. Трэба дэталёва апісаць тое, што цябе акружае, выкарыстоўваючы як мага больш падрабязнасцей і дэталей: “Сцены белыя, ёсць чатыры высокія крэслы, на сцяне насупраць ёсць драўляная кніжная паліца”. Далей апісаць прадметы, гукі, тэкстуру, колеры, пахі, формы, колькасць і тэмпературу. Гэта можна зрабіць у любым месцы. Другое практыкаванне — “Алфавіт”: трэба лічыць да дзесяці ці прагаворваць алфавіт, прычым рабіць гэта вельмі павольна. Яшчэ добра дапамагае ў такой сітуацыі практыкаванне “Бяспечнае месца”: трэба апісаць месца, вельмі заспакаяльнае для дзіцяці (напрыклад, пляж ці горы, любімы пакой), пры гэтым факусіравацца на ўсім, што тычыцца гэтага месца: гуках, колерах, формах, прадметах, тэкстуры, адчуваннях у целе. Ну і, вядома, дзіця можа прагаворваць сцвярджэнні, якія дапамогуць яму справіцца з хваляваннем: “Я магу справіцца з гэтым”, “Гэтыя пачуцці пройдуць”.
Даведка
Алена Федзеня ў 2008 годзе скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ па спецыяльнасці “Псіхалогія”. Адразу пасля заканчэння ўніверсітэта працавала педагогам-псіхолагам у Правамастоўскай сярэдняй школе. З 2016 года працуе ў сярэдняй школе № 4 імя П.І.Батава Слоніма. У 2017 годзе прайшла навучанне ў рамках сертыфікацыйнай праграмы па выкарыстанні метафарычных асацыятыўных карт у розных падыходах да кансультавання, навучання, псіхатэрапіі па тэме “Асновы прымянення метафарычных асацыятыўных карт у дапамагаючай дзейнасці” (трэнер Гродзенскага грамадскага аб’яднання практычных псіхолагаў Наталля Уладзіміраўна Тальвінская). Прафесійныя інтарэсы — арт-тэрапія, экзістэнцыяльная псіхалогія, кагнітыўна-паводзінская тэрапія.
Наталля КАСТЭНКА