Незвычайныя прафарыентацыйныя праекты рэалізуюць у Разанцаўскай сярэдняй школе Мсціслаўскага раёна. Падрабязнасці высветліла карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— Усе нашы прафарыентацыйныя ініцыятывы маюць сельскагаспадарчую накіраванасць, а ўзніклі яны дзякуючы супрацоўніцтву з грамадскай арганізацыяй «Беларускі зялёны крыж». Гэтае ўзаемадзеянне дазволіла істотна пашырыць пералік агародніны на прышкольным участку. Разам з педагогамі вучні спрабуюць вырошчваць новыя сарты морквы, агуркоў, гарбузоў, капусты, буракоў. З’явіліся на школьным агародзе таксама культуры, неўласцівыя для нашай мясцовасці, у іх ліку — спаржа, люфа, лагенарыя, кукуруза, дыня, — паведаміла дырэктар Разанцаўскай СШ Вольга Селіванава.
На летніх канікулах у школе рэалізуюць праект «Сацыяльныя градкі». За кожным класам і групай дашкольнікаў замацавалі свае градкі, дзе дзеці на практыцы асвойваюць навыкі агародніцтва і культуры землекарыстання. Дапамогу на эксперыментальнай платформе ім аказваюць педагогі і бацькі.
— Тое, што вырасцілі, навучэнцы могуць забраць сабе, аддаць аднакласнікам або адвезці адзінокім пажылым жыхарам роднага аграгарадка. Сёлета мы крыху змянілі траекторыю ажыццяўлення праекта: розную агародніну вучні вырошчваюць ужо не на прышкольным, а на сваіх прысядзібных участках. Гэты крок накіраваны на фарміраванне ў дзяцей самастойнасці, адказнасці і ініцыятыўнасці, — растлумачыла В. Селіванава.
На развіццё ініцыятыўнасці і прадпрымальнасці накіраваны яшчэ адзін школьны праект. Дзякуючы падтрымцы спецыялістаў Беларускага зялёнага крыжа і правільнаму прымяненню агратэхналогій ураджаі на прышкольным агародзе значна павялічыліся. Агародніну тут накіроўваюць на патанненне харчавання ў школьнай сталовай, прапануюць мясцоваму насельніцтву на раённых сельскагаспадарчых кірмашах. А нядаўна вырашылі паспрабаваць перапрацоўваць вырашчаную прадукцыю.
— Ідэя зноў знайшла падтрымку Беларускага зялёнага крыжа. Кіраўніцтва грамадскай арганізацыі набыло для школы сушыльную шафу і вакууматар. Так мы наладзілі вытворчасць фітачаю і фрыпсаў — высушанай агародніны і садавіны. Цяпер спрабуем асвоіць выраб пасцілы і зефіру, — адзначыла дырэктар.

Педагагічны калектыў Разанцаўскай школы перакананы, такая прафарыентацыя — лепшы спосаб выхаваць навучэнцаў руплівымі гаспадарамі, паказаць магчымасці прадукцыйнай працы ў вёсцы. І гэта пацвярджаюць самі дзеці. На працягу ўжо пяці гадоў у рамках прадмета «Працоўнае навучанне» яны актыўна асвойваюць прафесію агародніка. Многія выпускнікі выбіраюць у якасці прафесійнай будучыні сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, а некаторыя пасля заканчэння навучання вяртаюцца жыць і працаваць на малую радзіму.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі








