У яго руках любы кавалак драўніны ператвараецца ў шэдэўр. Мікалай Ярац, дырэктар школы з Мастоўшчыны, — адзін з лепшых у Беларусі разьбяроў па дрэве. Яго вырабамі папаўняюць свае калекцыі аматары мастацтва з усяго свету. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Прафесія ў спадчыну
Сёння мы завіталі ў дачную майстэрню педагога, каб паглядзець, як нараджаюцца разьбяныя творы. У новым доме, пабудаваным майстрам, вось-вось будзе наваселле. Пакуль сям’я сюды не пераехала, пакоі “абжываюць” яго новенькія вырабы. З сэрца сядзібы — майстэрні, што побач з домам, — сюды перасяліліся грывастыя коні, зубры, ласі, алені і інш. Сюды ўдала ўпісалася шмат інтэр’ерных упрыгажэнняў, пано, ваз і інш. Асаблівае месца ў творчасці майстра займае і рэлігійная тэматыка: з-пад яго разцоў выходзяць і анёлкі, і абразы Маці Божай, і распяцці.
Некалі Мікалай Вячаслававіч на 10 гадоў кінуў настаўніцтва і працаваў скульптарам і разьбяром па дрэве за мяжой, але больш на чужыне ён не вытрымаў і вярнуўся на радзіму. Да таго ж меў тады планы ажаніцца. Яго выбранніцай стала настаўніца біялогіі Ірына Станіславаўна. Сам жа Мікалай Вячаслававіч, маючы адукацыю знакамітага Віцебскага мастграфа, выкладаў працоўнае навучанне ў Пацэвіцкай сярэдняй школе. А апошнія 17 гадоў ён працуе дырэктарам Правамастоўскай сярэдняй школы, дзе працягвае весці працоўнае навучанне і выкладае чарчэнне (дарэчы, на абласной алімпіядзе па чарчэнні амаль кожны год яго навучэнцы перамагаюць).
Любоў да прафесіі перадалася нашаму герою з генамі. Яго бацькі таксама былі педагогамі. Маці працавала настаўніцай біялогіі і хіміі, а бацька вёў працоўнае навучанне ў школе сына (быў у яго настаўнікам), а таксама вучыў дзяцей апрацоўцы драўніны ў Мастоўскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Яго фота і сёння вісіць там на дошцы гонару як аднаго з лепшых кіраўнікоў аб’яднання па інтарэсах. Толькі яго сын знайшоў сябе не проста ў разьбе, а менавіта ў драўлянай скульптуры.
— Геаметрычная разьба, якой вучаць ва ўсіх профільных установах адукацыі, мне не падабаецца. Гэта не маё. Я люблю скульптуру, асабліва ў поўны рост, — гаворыць Мікалай Вячаслававіч. — Скульптурная разьба лічыцца самай складанай, бо тут, акрамя ўменняў выразаць, трэба ведаць анатомію і людзей, і жывёл. Ды і прасторы для фантазіі больш. Вось ляжыць кавалак камля. Што з яго атрымаецца? Калі я дакрануся да драўніны, абыду вакол яе, пагляджу на сукі, іх кірунак і малюнак — рашэнне адразу ж прыйдзе. Само дрэва падказвае мне, што з яго лепш зрабіць.
Дынаміка супраць статыкі
Майстар не любіць у скульптурах статычнасць. У кожнай яго рабоце адчуваюцца рух, імкненне, дынаміка. Таму любімыя вобразы майстра — коні. Яны прадстаўлены ва ўсіх іпастасях. У планах Мікалая Вячаслававіча стварыць серыю кампазіцый з коньмі, паказаць іх парыў, імклівасць. Гэтая тэма не дае яму спакою яшчэ са студэнцтва — нават дыпломная работа была з гэтымі вобразамі.
Для кожнага свайго вырабу майстар спачатку робіць эскіз, каб бачыць аб’ём будучай работы, і рыхтуе драўніну: склейвае дошкі адмысловым чынам і вельмі шчыльна — пасля працуе з імі, як з масівам. Сярод усіх парод дрэў аддае перавагу ліпе — яна самая мяккая, хаця ёсць у яго скульптуры і з клёну, ясеню, дубу і інш.
Што да інструментаў, тут таксама ўсё проста. Электраінструментам Мікалай Ярац не карыстаецца (хіба толькі на пленэрах і фестывалях, дзе за пэўны адрэзак часу трэба зрабіць вялікую скульптуру, бярэ ў рукі бензапілу). Для стварэння нават самай філіграннай работы яму дастаткова толькі разцоў і кіянкі. Некаторыя з іх набыты яшчэ ў студэнцкія гады, больш за 30 гадоў назад.
У майстра няма аднолькавых работ. Кожная — адзіная ў сваім родзе. І ўсе яны ўражваюць сваёй разнастайнасцю. Прычым прадстаўлены не толькі вялікія памеры, але і малыя. Сярод работ ёсць, напрыклад, калекцыя яек. У залежнасці ад арнаменту на “шкарлупіне” аўтар падбірае і вобраз драўлянай скульптуры, якую змяшчае ў сярэдзіну яйка. Напрыклад, у яйку з раслінным арнаментам “расцвіла” ружа, а ўнутры яйка з арнаментам у стылі барока з’явілася мініяцюрная копія царквы.
— Я стараюся кожнае яйка зрабіць у сваім стылі, не падобнае на папярэднія, — заўважае педагог і дадае: — Увогуле, паўтарыць самога сябе — складаная задача. Неяк я зрабіў праразную вазу, на якой выразаў усіх звяроў Белавежскай пушчы: аленя, лася, кабана, мядзведзя, ваўка, лісу, на галінках дрэў сядзелі самыя розныя птушкі. Але мне прыйшлося прадаць гэтую работу, аб чым я потым моцна шкадаваў. І калі я паспрабаваў яе паўтарыць, гэтак жа зрабіць ужо не атрымалася. Толькі калі ты ствараеш работу першы раз, ёсць і натхненне, і настрой, і імпэт. Гэта гаворыць пра тое, што кожны выраб індывідуальны і не варта імкнуцца яго капіраваць.
У драўляных творах педагог адлюстроўвае свае думкі і мары, сваю любоў да Радзімы і роднай прыроды. Сагрэтае цяплом і майстэрствам, дрэва ажывае, напаўняецца святлом і энергіяй аўтара.
Цяпер майстар хоча звярнуцца да народнай тэматыкі, вясковай.
— Для мяне самы яркі вобраз — пажылая жанчына-сялянка, якая ўсё сваё жыццё працавала на зямлі, у полі. Я пачаў ужо яе рабіць. У гэтым вобразе я аб’яднаў вобразы сваіх абедзвюх бабуль, якія жылі ў вёсцы. Свае ўспаміны я хачу ў дэталях адлюстраваць праз выраз твару, спрацаваныя рукі, босыя ногі жанчыны-сялянкі. Хочацца стварыць і старога вандроўніка-гусляра, і вясковую дзяўчынку — маленечкую, але з вялізным плеценым кошыкам, — дзеліцца задумамі суразмоўнік.
Надзея ёсць!
Мікалая Ярца запрашаюць на самыя буйныя творчыя спаборніцтвы і святы. Напрыклад, у мінулым годзе ў Мастах ён быў удзельнікам пленэра-майстар-класа, на які разьбяры з усёй Беларусі былі запрошаны ствараць з дрэва казачных персанажаў. Сёння гэтыя скульптуры ўпрыгожваюць гарадскі парк. Перад гэтым на падобным пленэры ў Бабруйску майстэрства ўдзельнікаў ацэньвала журы, і Мікалай Ярац заняў там 2-е месца. Яго персанальныя выставы былі арганізаваны ў межах рэспубліканскіх свят і фестываляў у розных гарадах краіны. Двойчы ён прымаў удзел у фестывалі “Новыя імёны Беларусі”.
Таленавітым дырэктарам ганарацца і навучэнцы школы. Шмат гадоў яны вучыліся разьбярству ў яго аб’яднанні па інтарэсах. Лепшыя работы вучняў знаходзяцца цяпер у школьным музеі. Гуртка ўжо няма, але дырэктар усё роўна знаходзіць час павучыць хлопчыкаў асновам разьбы па дрэве і такарнай справы ў школьнай майстэрні. У першую чаргу ён вучыць дзяцей карпатлівасці і цярпенню, якіх ім часта не хапае.
Праўду кажуць: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Пра гэта красамоўна гаворыць і шыкоўны дом, які гаспадар пабудаваў сам, і па-дызайнерску аформлены ўчастак з мноствам відаў дэкаратыўных і пладовых раслін. Ландшафтны дызайн стаў другім хобі Мікалая Ярца, і яго ў гэтым вельмі падтрымлівае жонка.
— Да мяне прыходзіць шмат вучняў, і большасць з іх хоча адразу атрымаць вынік ад сваёй працы. Так, і раней былі нецярплівыя дзеці, але менавіта цяпер гэтая рыса стала вельмі відавочнай. Таму спачатку, каб іх зацікавіць, прапаноўваю выканаць простыя работы за адну гадзіну: фарбуем марылкай фанерку і разцом выконваем на ёй контурную разьбу. Пасля дзвюх-трох такіх работ даю тыя, на якія трэба патраціць пару заняткаў. А гэта ўжо не кожнаму па сілах. Калі раней я больш арыентаваўся на старэйшых вучняў, на іх свядомы выбар, то цяпер ускладаю надзеі на сярэдняе звяно — каб у іх быў час уліцца ў справу і палюбіць яе. Асабліва гэта тычыцца пяцікласнікаў Мацвея Сухоцкага, Данііла Балтрукевіча, Ігара Скідана, Максіма Арцішэўскага, — расказвае Мікалай Ярац.
Ёсць спадзяванні ў майстра і на сваю дачку — васьмікласніцу Надзею. Рэдкі дзень, калі яна не з бацькам у дачнай майстэрні. Ёй заўсёды за шчасце ўзяць разец і павыразаць на дошчачцы ці пастругаць ножыкам. Так што, я ўпэўнена, юныя мастаўчане будуць не толькі ганарыцца сваім настаўнікам, але і змогуць некалі стаць яго творчай камандай, яго калегамі.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара