Вырошчванне айвы, каліны, гатаванне цукатаў, фрыпсаў, варэння з сасновых шышак — гэта маленькая частка таго, чым можа здзівіць школьная бізнес-кампанія “Зялёны след” Горкаўскай сярэдняй школы Старадарожскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ідэя стварыць сваю бізнес-кампанію ўзнікла ва ўстанове адукацыі 10 гадоў назад. Тады педагогі і школьнікі захапіліся вырошчваннем хатніх кветак і расады і вырашылі паспрабаваць іх прадаваць. Ідэя аказалася ўдалай і прыбытковай: задавальняючы запыты спажыўцоў Старадарожскага раёна, удзельнікі бізнес-кампаніі не перастаюць пашыраць асартымент прадукцыі.
“Сёння ў нашым спісе саджанцы дэкаратыўных кустоў, шпакоўні, а таксама экалагічна чыстая прадукцыя, сярод якой травяныя чаі, цукаты, сухафрукты і інш., — расказвае куратар бізнес-кампаніі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Александрова. — Сваю прадукцыю мы рэалізуем праз арганізацыю выстаў-продажаў падчас правядзення шматлікіх раённых мерапрыемстваў, выкарыстоўваем як падарункавыя наборы педагагічным работнікам, ветэранам”.

Настаўніца працоўнага навучання Таццяна Балоцька з удзельніцамі бізнес-кампаніі
Бізнес-кампанія “Зялёны след” — гэта 10 вучняў 9—11-х класаў, работай якіх кіруе настаўніца працоўнага навучання Таццяна Балоцька. Менавіта яна сваім прыкладам прывівае дзецям любоў да працы. Так, каб зварыць варэнне з шышак, настаўніца ранняй вясной з вучнямі ходзіць у лес непадалёк школы.
“Такія паходы мы арганізоўваем у шосты школьны день, — тлумачыць Таццяна Мікалаеўна. — Наша бізнес-кампанія ў асноўным працуе менавіта па суботах. Калі гаварыць пра шышкі, іх збор, то гэты момант важна не ўпусціць: іх трэба збіраць ранняй вясной, калі парасткі зусім маленькія. З іх пасля варым варэнне, але яшчэ дабаўляем у яго маленькія шышкі. Тое самае тычыцца і збору дзьмухаўцоў. Каб згатаваць з іх карысны мёд ці смачнае варэнне, трэба ў правільны час сабраць кветкі”.
Удалым смачным эксперыментам, над якім упершыню сёлета працавалі ў школе, стала варэнне з ліпавага цвету — сапраўднае ноу-хау.

“Усё, што вырабляем, вельмі карыснае для здароўя, — дадае настаўніца. — Ведаючы пра лячэбныя ўласцівасці ліпы, вырашылі рызыкнуць і ў дадатак да ліпавага чаю паспрабаваць згатаваць варэнне”.
Выраб шпакоўняў — яшчэ адзін папулярны кірунак работы “Зялёнага следу”. Іх школьныя майстры вырабляюць у тым ліку па запыце арганізацый. Самы буйны заказчык адпаведнай прадукцыі — Горкаўскае лясніцтва. Для яго штогод у майстэрнях школы збіраюць каля 200 домікаў для птушак.
“На гэтым тыдні ў Слуцку будзе праходзіць занальны этап конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, — нагадвае Т.М.Балоцька. — У ім навучэнцы нашай школы прадставяць праект “Экалагічныя далікатэсы”. У лінейцы прадукцыі, акрамя цукатаў з яблыкаў, груш і гарбузоў, будуць прадстаўлены сухафрукты з айвы, варэнне з шышак, абляпіхі, шыпшыны, дзьмухаўца і ліпавага цвету, а таксама фітачай. Спадзяёмся, што нашы вырабы ўсім прыйдуцца даспадобы”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА





