У Беларусі будзе разгледжана ініцыятыва стварэння рабочай групы па будаўніцтве высакаскораснай чыгункі ад граніцы з ЕС да індустрыяльнага парка “Вялікі камень”. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства эканомікі.
5 ліпеня адбылася сустрэча міністра эканомікі Беларусі Уладзіміра Зіноўскага з дэлегацыяй Кітайскай грамадзянскай інжынерна-будаўнічай карпарацыі на чале з віцэ-прэзідэнтам Ван Цзіньсунам. На сустрэчы таксама прысутнічалі першы намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка, кіраўнік адміністрацыі індустрыяльнага парка “Вялікі камень” Аляксандр Ярашэнка і прадстаўнік кампаніі Duisburger Hafen AG у Беларусі Кліменцій Матэры.
“У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся перспектывы ўдзелу бакоў у будаўніцтве высакаскораснай чыгункі ад граніцы з ЕС да індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, — гаворыцца ў паведамленні. — Улічваючы, што праект такога маштабу — шматбаковы і паэтапны, будзе разгледжана ініцыятыва стварэння сумеснай рабочай групы, куды ўвойдуць прадстаўнікі зацікаўленых кампаній, паркаў, партоў і ўрадаў краін-удзельніц”.
Таксама на сустрэчы абмяркоўваўся ўдзел Кітайскай грамадзянскай інжынерна-будаўнічай карпарацыі ў развіцці індустрыяльнага парка і яе ўваходжанне ў яго ў якасці рэзідэнта з мэтай арганізацыі вытворчасці спадарожнага абсталявання і тэхнікі.
Уладзімір Зіноўскі падкрэсліў прыярытэт уваходжання кітайскіх кампаній у Беларусь на доўгатэрміновай аснове шляхам укладання інвестыцый у новыя праекты і статутныя капіталы існуючых прадпрыемстваў і тых, якія ствараюцца. У сваю чаргу Ван Цзіньсун пацвердзіў як намер удзельнічаць у будаўніцтве аб’ектаў у Беларусі ў якасці прафесійнага падрадчыка, так і гатоўнасць да іх далейшага абслугоўвання і эксплуатацыі, а таксама да стварэння прадпрыемства і парка.
Кітайская грамадзянская інжынерна-будаўнічая карпарацыя — даччыная структура Кітайскай чыгуначнай будаўнічай карпарацыі (China Railway Construction Corporation (СRCC). CRCC знаходзіцца на 62-м месцы ў рэйтынгу 500 найбуйнейшых сусветных кампаній і 3-м у спісе найбуйнейшых падрадчыкаў свету. Карпарацыя займае лідзіруючыя пазіцыі сярод кітайскіх прадпрыемстваў-падрадчыкаў у чыгуначным будаўніцтве. CRCC мае тэхналогіі і вопыт будаўніцтва высакаскорасных чыгунак, якія забяспечваюць магчымасць перамяшчэння саставу са скорасцю 350 км/гадз.