Беларуская вышыванка стане мастацкай дамінантай мерапрыемстваў да Дня Незалежнасці, паведаміла на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Мар’яна Нікалаева.
“Агульнай мастацкай дамінантай, якая аб’ядноўвае культурныя мерапрыемствы з 1 па 3 ліпеня, стане тэма вышыванкі, што з’яўляецца своеасаблівай візітнай карткай беларусаў і своеасаблівым сімвалам-абярэгам нацыі”, — сказала Мар’яна Нікалаева. Гэта, у прыватнасці, знойдзе адлюстраванне ў рэкламнай і друкаванай прадукцыі.
У 2016 годзе будзе закладзена новая традыцыя — правядзенне напярэдадні Дня Незалежнасці маладзёжнага свята “Дзень вышыванкі”. Асноўныя мерапрыемствы гэтага дня праходзяць сёння, 2 ліпеня, на пляцоўцы каля Палаца спорту.
У Палацы Рэспублікі 1 ліпеня прайшоў святочны канцэрт, канцэпцыя якога была прысвечана Году культуры. Лейтматывам музычнага свята стаў тэзіс “Культура — гэта фундамент, на якім развіваецца нацыя”.
Адным з найважнейшых мерапрыемстваў Дня Незалежнасці стане правядзенне 3 ліпеня парада войск Мінскага гарнізона. У 2016 годзе крыху зменены фармат гэтага мерапрыемства: замест спартыўна-маладзёжнага шэсця парад будзе завершаны масавым нумарам з удзелам вакальна-харавых, харэаграфічных, эстрадных калектываў і выканаўцаў. Прагучыць прэм’ера песні, спецыяльна напісанай да гэтага мерапрыемства.
У гэты ж дзень у 21.00 на пляцоўцы каля стэлы “Мінск — горад-герой” запланавана правядзенне гала-канцэрта рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі “Беларусь — я люблю цябе”. У ім прымуць удзел папулярныя маладыя выканаўцы, пераможцы і фіналісты тэлепраектаў, міжнародных фестываляў і конкурсаў, а таксама прафесійныя калектывы рэспублікі. Кульмінацыяй стане акцыя “Спяём гімн разам”, якая пачнецца ў 22.50. Завершыцца канцэрт святочным салютам у 23.00.
Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці таксама пройдуць ва ўсіх абласцях. Святочны салют у 23.00 запланаваны ў Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Брэсце.