Стабільна высокія паказчыкі вытворчасці закладзены ў Дзяржпраграму развіцця аграрнага бізнесу ў Беларусі да 2020 года. Аб гэтым на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна аб перспектывах развіцця АПК паведаміў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.
“Стабільна высокія паказчыкі вытворчасці не з’яўляюцца перавытворчасцю, а ва ўмовах актывізацыі міжнароднага гандлю фарміруюць экспартны патэнцыял краіны, што і закладзена ў Дзяржаўнай праграме развіцця аграрнага бізнесу ў Беларусі ў 2016—2020 гады”, — сказаў кіраўнік урада.
Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі з 2005 года ўзровень спажывання асноўных прадуктаў харчавання вырас на 12 працэнтаў. Аб’ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі на душу насельніцтва адпавядаюць узроўню развітых дзяржаў і па многіх пазіцыях перавышаюць паказчыкі краін Еўразійскага эканамічнага саюза.
У мінулым годзе экспарт прадуктаў харчавання ва ўмовах неспрыяльнай кан’юнктуры знешніх рынкаў склаў $4,4 млрд, што на $1,2 млрд менш, чым у 2014 годзе, але ў 1,3 разу больш за ўзровень 2010 года. Удзельная вага экспарту прадуктаў харчавання ў агульным аб’ёме экспарту павялічылася з 13 працэнтаў у 2010 годзе да 17 працэнтаў у 2015 годзе.
Акрамя таго, Андрэй Кабякоў прывёў даныя, згодна з якімі вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі за апошнюю пяцігодку ў гаспадарках усіх катэгорый павялічылася на 9 працэнтаў, у сельскагаспадарчых арганізацыях — на 14 працэнтаў. З 2010 па 2015 год у Беларусі пабудаваны 322 і рэканструяваны 1022 малочнатаварныя фермы, пабудавана 14 і рэканструяваны 41 свінакомплекс. Тэмп росту рэалізацыі малака на заводы для далейшай перапрацоўкі ў 2015 годзе адносна 2010 года вырас на 23 працэнты, жывёлы і птушкі — на 11 працэнтаў.