Выстава Made in Belarus праходзіць у Тбілісі

- 11:05Інфармацыйная гадзіна

Беларусь зацікаўлена ў запуску ў Грузіі сумеснай грузіна-беларускай вытворчасці па зборы трактароў, а грузінскі бок — у адкрыцці ў Беларусі магазіна грузінскай сельскагаспадарчай прадукцыі. Як паведаміла прэс-служба кіраўніка грузінскага ўрада, аб гэтым стала вядома па выніках сустрэчы прэм’ер-міністра Грузіі Мамукі Бахтадзэ і віцэ-прэм’ера Беларусі Міхаіла Русага, якая прайшла ў Тбілісі.

Адзначаецца, што Мамука Бахтадзэ і Міхаіл Русы таксама разгледзелі магчымасць сумеснай вытворчасці ліфтаў, супрацоўніцтва ў транспартнай сферы, у прыватнасці перспектыву развіцця паромных зносін і транзіту беларускіх грузаў у Грузію праз Украіну.

Прэм’ер-міністр даручыў адпаведным ведамствам у Грузіі сумесна з беларускімі калегамі ў рамках рабочай групы ў двухмесячны тэрмін узгадніць лагістычныя пытанні.

Міхаіл Русы выказаў гатоўнасць Беларусі ўдзельнічаць у аб’яўленым грузінскім бокам тэндары па замене гарадскіх аўтобусаў у Тбілісі і Батумі, а таксама пастаўляць у Грузію вырабленыя ў Беларусі ліфты.

Міхаіл Русы прыняў удзел у выстаўцы Made in Belarus, што адкрылася ў Тбілісі ў выставачнай зале Expo Georgia. На працягу чатырох дзён (з 20 па 23 сакавіка) каля 150 буйных беларускіх кампаній, якія аперыруюць у самых розных сферах — ад харчовай прамысловасці да машынабудавання, прадстаўляюць грузінскім спажыўцам і бізнес-кампаніям перадавыя навукова-тэхнічныя вынаходкі, самыя інавацыйныя і перспектыўныя праекты ад новых матэрыялаў і біятэхналогій да наватарскіх тэхналогій бульбаводства і абсмажвання кавы.