Вывучэнне мовы — больш, чым веды

- 11:44Адукацыйная прастора

На філалагічным факультэце Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны адбылося доўгачаканае адкрыццё кабінета Канфуцыя.

Ідэя адкрыць кабінет кітаязнаўства ўзнікла падчас перагавораў аб супрацоўніцтве паміж кіраўніцтвам установы вышэйшай адукацыі і кітайскім бокам. Адбылося гэта ў 2005 годзе, калі ўніверсітэт святкаваў 75-годдзе. На наступны год кабінет прыняў сваіх першых слухачоў, кітайскую мову якім выкладалі кітайскія студэнты-філолагі старшых курсаў. А потым, у адпаведнасці з пададзенай універсітэтам у Пасольства КНР афіцыйнай заяўкай, у Гомель пачалі прыязджаць выкладчыкі-валанцёры з Кітая.
Цікавасць да вывучэння складаных іерогліфаў і няпростых пявучых гукаў аказалася даволі вялікай — 50—60 чалавек штогод. Студэнты ГДУ імя Францыска Скарыны і іншых гомельскіх УВА, выкладчыкі і гараджане — кожны жадаючы можа стаць слухачом, прычым абсалютна бясплатна.Далей — больш. Кітайская мова як факультатыўны прадмет з’явілася ў сценах гомельскай гімназіі № 10. А займацца з дзецьмі пачала Аліна Шукайлава, выпускніца філалагічнага факультэта ГДУ імя Францыска Скарыны і курсаў кітайскай мовы, якая, здаўшы экзамен, атрымала сертыфікат у Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. Курсы ў гімназіі маюць статус міжшкольных. Другім выкладчыкам з’яўляецца дацэнт кафедры даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Гомельскага дзяржуніверсітэта Наталля Гардзей. Яшчэ адна выпускніца філфака і курсаў кітайскай мовы Ніка Цішкевіч вучыць жадаючых у Рэчыцкім раённым ліцэі. Ёсць і пэўныя вынікі такой работы: слухачы курсаў паспяхова дэманструюць свае веды па кітайскай мове ў Рэспубліканскай алімпіядзе школьнікаў.
Усе гэтыя дасягненні сталі асновай для прыняцця Дзяржаўнай канцылярыяй КНР па распаўсюджанні кітайскай мовы рашэння аб адкрыцці ў ГДУ імя Францыска Скарыны кабінета Канфуцыя.
Здавалася б, што такое адкрыць такі кабінет? На самай жа справе была праведзена вялізная работа.
— Дзякуючы кітайскаму боку, у кабінеце Канфуцыя ўстаноўлена сучаснае абсталяванне, ён запоўнены новай мэбляй, неабходнай вучэбна-метадычнай літаратурай і рознымі атрыбутамі, якія адносяцца да культуры Кітая, — расказвае доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны Уладзімір Коваль. — Вельмі важнай для нас была падтрымка Дзяржканцылярыі КНР у Рэспубліцы Беларусь і Пасольства КНР, кіраўніцтва Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ і, безумоўна, кіраўніцтва нашага ўніверсітэта.
Для Уладзіміра Іванавіча гэтая падзея вельмі значная. Ужо дзесяць гадоў ён займаецца ўсімі арганізацыйнымі пытаннямі выкладання на філфаку асноў кітаязнаўства. Не проста займаецца, а ўкладае ў гэтую справу душу.
Прафесар прызнаецца, што ён знаходзіцца ў палоне кітайскай культуры і жыхароў гэтай загадкавай краіны з таго самага часу, як адправіўся некалі на стажыроўку ў Паднябесную. Дружалюбнасць кітайцаў адзначыў у сваім выступленні і рэктар Гомельскага дзяржуніверсітэта, доктар хімічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Уладзіміравіч Рагачоў, які таксама неаднаразова наведваў Кітай.
— Яшчэ некалькі гадоў назад маштабы нашага супрацоўніцтва былі значна меншыя, а сёння я бачу, як развіваецца кітаязнаўства ў Гомельскім універсітэце, — падзялілася думкамі ганаровая госця прадстаўнік Дзяржканцылярыі КНР Лю Сулін. — Вывучэнне мовы — гэта значна больш, чым веды. Так, гэта вельмі можа дапамагчы ў рабоце, у далейшым жыцці. Гэта яшчэ і сяброўства — тое, што чалавеку неабходна больш за ўсё. Вельмі прыемна назіраць, як яно множыцца і мацнее.
Адкрыццё на філалагічным факультэце кабінета Канфуцыя — гэта не кропка ў справе. У планах на найбліжэйшую будучыню — выкладанне кітайскай мовы на філфаку як асобнай вучэбнай дысцыпліны. Больш за тое, рэктар ГДУ імя Францыска Скарыны і тут не збіраецца спыняцца. Аляксандр Уладзіміравіч не выключае магчымасці ў далейшым рыхтаваць спецыялістаў-кітаязнаўцаў на факультэце замежных моў.

Наталля ЛУТЧАНКА.