Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 225 “Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку гонару пераможцаў спаборніцтваў за 2011—2015 гады і 2015 год”. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Указам да занясення на Рэспубліканскую дошку гонару ў якасці пераможцаў спаборніцтва за дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця вызначаны 52 намінанты.
У выніку комплекснай ацэнкі па сукупнасці паказчыкаў развіцця за пяцігадовы перыяд сярод абласцей і горада Мінска лепшай стала Мінская вобласць, на другім месцы — Віцебская вобласць, на трэцім — Гродзенская.
Па выніках работы за 2015 год вызначаны 49 пераможцаў у адпаведных намінацыях (лепшыя сярод раёнаў, гарадоў і раёнаў у гарадах, арганізацый у сферы прамысловасці, будаўніцтва, сельскай і лясной гаспадаркі, гандлю, сувязі, транспарту, адукацыі, аховы здароўя, спорту, культуры і навукі).
Таксама вызначаны 18 пераможцаў спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў.
Занясенне на Рэспубліканскую дошку гонару з’яўляецца грамадскім прызнаннем працы жыхароў і калектываў прадпрыемстваў, якія ўнеслі ўклад у развіццё нацыянальнай эканомікі і дабрабыт краіны.