Вызначаны пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці

- 16:18Новости

У Нацыянальным банку прайшоў заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Алімпіяда праводзілася дзясяты раз. Яе арганізацыя — гэта сумесная ініцыятыва Нацыянальнага банка і Міністэрства адукацыі. Сёлета ва ўсіх этапах алімпіяды свае веды праверылі 25 000 навучэнцаў і толькі 21 вучань трапіў у фінал.

“Алімпіяда па фінансавай дасведчанасці — гэта спаборніцтва, якое дазваляе вызначыць самага фінансава адукаванага школьніка ў краіне, — расказала начальнік аддзела фінансавай дасведчанасці ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка Юлія Саковіч. — Менавіта алімпіяда з’яўляецца адным з найбольш маштабных нацыянальных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай дасведчанасці”.

Асноўная мэта алімпіяды — папулярызацыя ведаў у галіне фінансаў, фарміраванне ў вучняў практычных навыкаў карыстання фінансавымі інструментамі, развіццё фінансавай культуры моладзі.

“Алімпіяда ўжо стала добрай традыцыяй, — падкрэсліла Ю.Саковіч. — Да нас прыехалі па тры прадстаўнікі кожнай вобласці і Мінска. Гэта лепшыя з лепшых, хто прайшоў шматэтапны адбор сярод тысяч навучэнцаў”.

Планаванне асабістага і сямейнага бюджэту, зберажэнні і запазычанні, лічбавы банкінг, бяспека ў фінансавай сферы і абарона ад махлярства, страхаванне, падаткі — усе гэтыя тэмы знайшлі адлюстраванне ў пытаннях тэстаў, якія выконвалі фіналісты. Таксама ў пералік заданняў былі ўключаны задачы на разлікі і вылічэнні, якія тычацца фінансаў. Да таго ж на кожным этапе было творчае заданне — напісанне эсэ, у якім навучэнцы разважалі на тэму фінансавай дасведчанасці.

“За апошнія дзесяць гадоў сітуацыя ў сферы фінансавай дасведчанасці істотна змянілася, — заўважыла прадстаўнік Нацбанка. — Агульны ўзровень фінансавай дасведчанасці насельніцтва павысіўся. І мы бачым, як узрасла цікавасць дзяцей да гэтай тэмы. Да таго ж многае зроб­лена на ўзроўні Міністэрства адукацыі, каб укараніць розныя модулі фінансавай дасведчанасці ў такія прадметы, як матэматыка, грамадазнаўства, гісторыя, інфарматыка і іншыя, на розных этапах адукацыі. Нацыянальны банк са свайго боку дапамагае ў тым, каб наша маладое пакаленне вырасла фінансава дасведчаным”.

Некалькі гадоў назад Нацыянальны банк і Міністэрства адукацыі выпусцілі падручнікі па фінансавай дасведчанасці для 5—7-х і 8—9-х класаў, а таксама для педагогаў. Гэтыя дапаможнікі маюць практычную накірава­насць і дапамагаюць настаўнікам у падрыхтоўцы і правядзенні факультатыўных заняткаў па адпаведным кірунку. Акрамя гэтага, у краіне праводзіцца праект па павышэнні фінансавай дасведчанасці педагогаў.

“Апошні этап алімпіяды — самы складаны, бо ўзровень канкурэнцыі паміж школьнікамі вельмі высокі, — адзначыла Ю.Са­ковіч. — Да таго ж адказаць трэба было на самыя складаныя пытанні двух узроўняў”.

Пасля праверкі заданняў і падліку балаў былі вызначаны пераможцы. Самым фінансава дасведчаным школьнікам краіны стаў навучэнец 11 класа Дабрынскай сярэдняй школы Ельскага раёна Іван Ляўчышын. Да алімпіяды яго рыхтавала настаўніца фізікі Лі­дзія Лаварэнка. Пераможца ўзнагароджаны дыпломам I ступені і грашовым прызам у памеры 1500 рублёў.

“Да алімпіяды я рыхтаваўся па матэрыялах адзінага партала фінансавай дасведчанасці Нацыянальнага банка, — падзяліўся пераможца. — Акрамя гэтага, займаліся з Лідзіяй Аляксандраўнай. Паступаць планую ў БДУ на спецыяльнасць “Кібербяспека” на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі”.

Дыплом ІІ ступені і грашовы прыз у памеры 1 250 рублёў атрымаў навучэнец сярэдняй школы № 11 імя генерала арміі А.І.Антонава Гродна Аляксандр Жук, а дыплом III ступені і грашовы прыз у памеры 1 000 руб­лёў дасталіся навучэнцу сярэдняй школы № 87 Мінска Міхаілу Клокелю.

“Удзельнікі заключнага этапу алімпіяды, якія не занялі прызавых месцаў, узнагаро­джаны грашовымі прэміямі ў памеры 300 рублёў і дыпломамі фіналістаў, — падсумавала Юлія Саковіч. — Таксама грашовымі прэміямі ў памеры 300 рублёў адзначаны настаўнікі, якія падрыхтавалі пераможцу і прызёраў”.

Рэспубліканская алімпіяда па фінансавай дасведчанасці сярод навучэнцаў праводзілася ў верасні — снежні. У чатырох этапах свае веды праверылі навучэнцы 2270 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА