Я чытаю, ты чытаеш, мы чытаем!

- 15:00Выхаванне

Нават у эпоху камп’ютарных інавацый і тэхналогій кніга карыстаецца нязменнай цікавасцю ў маленькіх беларусаў. Аднак звяртаюцца дзеці да яе не так часта, як нам, дарослым, хацелася б. Вядома, у інтэрнэце шмат патрэбнай інфармацыі, але нішто не заменіць сапраўднай кнігі, якую можна трымаць у руках, перачытваць, гартаць старонкі. Каб яшчэ раз звярнуць увагу дзяцей і іх бацькоў на багацце кніжнага свету і карысць ад яго, у Маладзечне Мінскай вобласці прайшоў фестываль дзіцячай кнігі “Я чытаю, ты чытаеш, мы чытаем!”. Арганізатары фестывалю прымеркавалі яго да Дня беларускага пісьменства і друку.

Удзел у кніжным свяце, якое праходзіла ў гарадскім парку Перамогі, прымалі выхаванцы школ і дзіцячых садкоў Маладзечанскага раёна. На пляцоўцы фестывалю былі арганізаваны конкурсна-забаўляльныя праграмы, віктарыны, дзе дзеці паказвалі свае веды па літаратуры, а самыя кемлівыя з іх атрымалі салодкія прызы. Для ўсіх жадаючых быў арганізаваны майстар-клас па стварэнні мініяцюрных шэдэўраў — кніжных закладак. Акрамя гэтага, на свяце кнігі дзейнічала выстава работ дзіцячай мастацкай школы, на якой былі прадстаўлены лепшыя карціны маленькіх мастакоў. Самыя таленавітыя з іх рабілі экзатычны аквагрым — дэкаратыўны роспіс на твары.
Мы чытаемНа сцэне гарадскога амфітэатра з творчымі нумарамі выступілі калектыў установы дадатковай адукацыі “Расток”, а таксама Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”. Акрамя прыгожых песень і вясёлых танцаў, гледачы ўбачылі цікавы паказ Мінскага абласнога тэатра лялек “Батлейка”. Былі на кніжным свяце і шаноўныя госці: беларускія дзіцячыя пісьменнікі Уладзімір Ягоўдзік і Валерый Квілорыя, якія завіталі са сталіцы. Яны зачыталі для дзетак і іх бацькоў урыўкі са сваіх твораў.
Маленькія чытачы маглі пабываць у чытальнай зале пад адкрытым небам і наведаць “лужайку-пачытайку”, дзе на цуда-дрэве можна было пакінуць свае водгукі на любімыя кнігі і іх аўтараў. Дзеці з задавальненнем фатаграфаваліся з галоўнай гераіняй свята — дзяўчынкай Кніжынкай, а таксама з іншымі казачнымі персанажамі, якія ўдзельнічалі ў фестывалі і падымалі настрой прысутным.

Алеся УШАКОВА.
Фота аўтара.