“Я родам не з дзяцінства — з вайны…”

- 12:21Культура

Гэтыя нататкі — пра повязь часоў, пераемнасць традыцый. Пра тое, як цесна пераплецены ў нашым свеце проза і паэзія. І непарыўна спалучаны з Беларуссю, з Камбатам з Мінска ды пасёлкам Азарычы баявы шлях удзельніцы вайны, вядомай расійскай паэтэсы, дачкі настаўнікаў Юліі Друнінай.

Проза жыцця і сіла паэзіі

У савецкі час прынята было пісаць у біяграфіях: з рабочых, з сялян… А ёсць жа і радаводы з настаўнікаў, педагогаў, выкладчыкаў. Па духоўнай, не кроўнай лініі кожны да “роднасці асветнікаў” далучаны. І я пачну гэты аповед з удзячнай згадкі пра Таісію Антонаўну Бокач — настаўніцу ад Бога, светлая ёй памяць. Праз яе ў сярэдзіне 70-х мы адкрывалі для сябе новыя імёны пісьменнікаў. І нібы светы паралельныя разгортваліся перад намі ў вясковай школе ў Жарабковічах, што ў Ляхавіцкім раёне Брэстчыны. Настаўніца рускай літаратуры знаёміла нас і з творамі непраграмнымі, з так званых тоўстых літаратурных часопісаў.

Ведаючы пра мае пробы пяра, падарыла зборнік Роберта Бёрнса. Дала пачытаць раман “Бераг” Юрыя Бондарава: у 1975 го­дзе друкаваўся ў “Раман-газеце”. І ў тым жа выданні я чытаў пра любоўныя гісторыі лю­дзей, а таксама, паралельна, і дзікіх гусей — выхадцаў з розных канцоў свету: “Чужынец з вострава Бара” Фрэда Бодсварда. На ўроках Таісія Антонаўна чытала нам вершы Мікалая Асадава, Рымы Казаковай, Юліі Друнінай, творчасць якіх любіла. Настаўніца была жонкай кіраўніка мясцовага калгаса “Беларусь” Аляксандра Бокача. З часам сям’я з’ехала з нашых мясцін: Аляксандр Іосіфавіч зрабіў кар’еру і ў 1992—1994 гадах займаў пасаду намесніка старшыні Савета Міністраў Беларусі. Таісія Антонаўна, вялікі рамантык, і нас, “прыплюснутых” вясковым побытам, прывучала глядзець на свет праз прызму паэзіі. Ды жыццёвая проза, відаць, аказалася занадта цяжкай, непасільнай для вытанчанай, адухоўленай асобы. І захварэла-згарэла, пайшла з жыцця наша любімая настаўніца ў маладым яшчэ веку.

А вершы Юліі Друнінай, якія чытала нам Таісія Антонаўна, і сёння з намі. Праўда ж, абарвалася жыццё заўчасна і ў паэтэсы. На пачатку 90-х балюча было ёй бачыць крах вялікай краіны, за якую ваявала, пралівала кроў. І сэрца, кажуць, напружання не вытрымала. У лістападзе 1991 года ў перадсмяротным вершы “Судны дзень” выдыхнула: “Но боюсь, что и вы бессильны. // Потому выбираю смерть. // Как летит под откос Россия, // Не могу, не хочу смотреть!”. Першы яе муж, франтавік і паэт Мікалай Старшыноў, з якім яны рассталіся ў 1960 годзе, трагедыю, напэўна ж, прадчуваў яшчэ ў 1970-м: “Для меня ты и праздник, и сказка, // Но такая, что нету грустней: // Я-то знаю — дурная развязка // Мне давно уготована в ней…”

Зінка: вобраз і правобраз

Звернемся да паэзіі Юліі Друнінай. Многія ведаюць яе чатырохрадкоўе, напісанае ў 1943-м, — паэтэса ў шпіталі, цудам выжыла, ёй толькі 18: “Я только раз видала рукопашный, // Раз наяву. И тысячу — во сне. // Кто говорит, что на войне не страшно, // Тот ничего не знает о войне”. Помніцца, і верш “Зінка” слухалі мы з вуснаў Таісіі Антонаўны, затаіўшы дыханне: простую, балюча-пранізлівую споведзь пра тое, як дзяўчына-санітарка, равесніца наша — не “лірычны герой” нейкі… — страціла на полі бою баявую сяброўку: “Мы не ждали посмертной славы, // Мы хотели со славой жить. // …Почему же в бинтах кровавых // Светлокосый солдат лежит? // Его тело своей шинелью // Укрывала я, зубы сжав. // Белорусские ветры пели // О рязанских глухих садах”. Узрушалі такія радкі. Недзе ж на беларускай зямлі тое было. І горад канкрэтны ў вершы: “Мы легли у разбитой ели, // Ждем, когда же начнет светлеть, // Под шинелью вдвоем теплее // На продрогшей гнилой земле. // С каждым днем становилось горше, // Шли без митингов и знамен. // В окруженье попал под Оршей // Наш потрепанный батальон”. Аднак пра Оршу — гэта ўсё ж проста мастацкая дэталь: бо рэальная Зінка загінула на Палессі, пад Азарычамі, у Калінкавіцкім раёне.

“Я родам не з дзяцінства — з вайны…” — гаварыла паэтэса. Нарадзілася ў Маскве 10 мая 1924 года ў сям’і настаўнікаў: бацька выкладаў гісторыю, быў дырэктарам школы, маці давала ўрокі музыкі. З пачаткам вайны дзесяцікласніца Юлія прыпісала сабе год і пайшла ў добраахвотную сандружыну.

“Я родам не з дзяцінства — з вайны…” — гаварыла паэтэса. Нарадзілася ў Маскве 10 мая 1924 года ў сям’і настаўнікаў: бацька выкладаў гісторыю, быў дырэктарам школы, маці давала ўрокі музыкі. З пачаткам вайны дзесяцікласніца Юлія прыпісала сабе год і пайшла ў добраахвотную сандружыну. Скончыла курсы медсясцёр. Пазней пісала: “Я ушла из детства в грязную теплушку, // В эшелон пехоты, в санитарный взвод. // Дальние разрывы слушал и не слушал // Ко всему привыкший сорок первый год”. Дзяўчына шмат перажыла ўжо на пачатку вайны, трапіла ў акружэнне — і ўсё ж выйшла да сваіх.

Блакітнавокі Камбат з Мінска

І вось які факт зусім нядаўна знайшоў я ў інтэрнэце: у групе, з якой Юлія выходзіла з акружэння, і сустрэла яна сваё першае каханне. А потым у вершах ды ўспамінах любімага называла Камбатам — з вялікай літары, хоць нідзе і не згадвала імя. То быў прыгожы хлопец, ненашмат за яе старэйшы, з блакітнымі вачыма ды ямачкамі на шчоках. Вось урывак з аўтабіяграфіі паэтэсы (прыводжу ў арыгінале): “…конечно, помогала моя вера в Комбата, преклонение перед ним, моя детская влюбленность. Наш Комбат, молодой учитель из Минска, действительно оказался человеком незаурядным. Такого самообладания, понимания людей и таланта молниеносно выбрать в самой безнадежной ситуации оптимальный вариант я больше не встречала ни у кого, хотя повидала немало хороших командиров”. Друніна працягвае: “Все было спокойно, мы пошли в полный рост. Сначала спотыкались о мины, потом минное поле кончилось, земля стала гладкой. Наш передний край молчал. И когда мы считали себя в полной безопасности, немец бросил мину — может, и случайную. Она разорвалась почти посередине нашей цепочки. Те, что шли впереди, остались без единой царапины. Три человека, в том числе Комбат, были убиты наповал…” Хоць Юлія ацалела, ды “мина, убившая Комбата, надолго оглушила меня. А потом, через годы, в стихах моих часто будут появляться Комбаты…” Думаю: недзе ж у архівах захаваліся імёны тых, хто разам з Юліяй Друнінай выйшаў тады з акружэння. Імя Камбата, відаць, таксама. Вось бы адшукаць! 

Пасля перажытага 17-гадовая Юлія вярнулася дадому, потым з хворым бацькам і маці паехала з Масквы ў эвакуацыю — і ён там, у Цюменскай вобласці, памёр у дачкі на руках. Далей былі курсы ў школе малодшых авіяспецыялістаў, аднак Юлія рвалася на фронт — як мага хутчэй. І ўрэшце дзякуючы пасведчанню аб курсах медсясцёр трапіла ў санупраўленне 2-га Беларускага фронту. 

Дзе канкрэтна ваявала? Дэталі ёсць у звестках пра баявыя ўзнагароды Юліі Друнінай у базе даных “Подзвіг народа”. І вось што чытаем у эсэ Мікалая Старшынова “Планета Юлія Друніна”: “Мы сустрэліся ў канцы 1944 г. у Літаратурным інстытуце імя А.М.Горкага. Пасля лекцый я пайшоў яе праводзіць. Яна, толькі што дэмабілізаваны батальённы санінструктар, хадзіла ў салдацкіх кірзавых ботах, у паношанай гімнасцёрцы й шынялі. Нічога іншага ў яе не было”. Як і Юлія, Мікалай прайшоў праз вайну. Як і яна, быў дэмабілізаваны па раненні. У 1945 годзе яны пажаніліся, праз год нара­дзілася дачка — назвалі Аленай.

“Увесь час цягнула ў тыя месцы”

Ва ўспамінах Мікалай Старшыноў згадвае, што Юлію “ўвесь час цягнула ў тыя месцы, дзе давялося пратупаць у салдацкіх ботах па заснежаных і разбітых дарогах з санітарнай сумкай, выпрабаваць усе нягоды, якія выпалі на долю пяхоты, пад абстрэ­лам перавязваць параненых, адпраўляць іх у санбат. Аднак нам, безграшовым і паўгалодным, было не да паездак. Але вось у 1952 годзе ёй далі ад часопіса “Сельская молодежь” камандзіроўку ў Беларусь, у сяло Азарычы, у вызваленні якога яна прымала ўдзел. Аказалася, што ў тым сяле жыве і працуе ў школе заслужаны настаўнік, ардэнаносец, пра які часопіс хацеў бы апублікаваць нарыс. На цягніку мы дабраліся да Мазыра, а потым на аўтобусе і да Азарычаў”. Далей з кранальнымі дэталямі паэт апісвае, што пабачылі ў Азарычах, з кім сустракаліся, на што звярнулі ўвагу. А ўрэшце ж Юлія Друніна перадумала пісаць пра дырэктара школы, ардэнаносца і заслужанага настаўніка Кірыла Сысоевіча. (Пазней я ўдакладніў яго прозвішча: Лучко.) Хоць і сустрэліся масквічы з ім на азарыцкай вуліцы, нават пра сустрэчу дамовіліся, ды паэтэса была катэгарычнай: “Не, я да яго не пайду, ён мне актыўна не падабаецца. І пісаць пра яго не буду!.. Бач ты, як выпінае грудзі з ордэнам і пышыцца званнем. Непрыемны тып!” Не самыя лепшыя водгукі пра дырэктара пачулі ў Азарычах маскоўскія госці, таму Юлія разважыла: “Калі пра яго і пісаць нешта, то хіба фельетон. Але я не хачу абражаць гэтыя святыя для мяне месцы… Вось хлапчук і дзед мне спадабаліся, ды і дзяўчына ў гасцініцы — таксама. Пра іх я і напісала б, ды матэрыялу замала…” Таму Мікалай і Юлія толькі “пазнаёміліся з сялом, выйшлі за ваколіцу, хацелі пайсці ў лес, але нас папярэдзілі, што ён яшчэ не размініраваны, — ужо некалькі чалавек падарвалася ў ім…” Так нарыса тады Юлія Друніна і не напісала. А некалькі вершаў, як сведчыць Мікалай Старшыноў, у яе ў выніку камандзіроўкі нарадзілася.

Згадкі пра Беларусь і беларускія рэаліі ёсць і ў іншых творах Юліі Друнінай. А паэму “Памяці Клары Давідзюк” яна прысвяціла гераіні-радыстцы з Масквы, якая разам з украінскім разведчыкам Кузьмой Гнедашам загінула пры вызваленні Слоніма: там абое і пахаваны. Магілу даглядаюць настаўнікі і вучні 2-й слонімскай школы. У горадзе ёсць вуліца імя Клары Давідзюк.

Некаторыя радкі з іх ёсць і ў эсэ “Планета Юлія Друніна”: “Если мне грустно, // Если // Затосковала я, // Значит, // Зовет Полесье, // Юность зовет моя…” І яшчэ Старшыноў згадвае, што наступныя радкі, відаць, напісаны былі “пра мілую беларускую дзяўчыну, якая ўладкоўвала нас у гасцініцу”: “Да, в лице ее красок мало, // Словно пасмурным днем в лесу, // И не всякий поймет, пожалуй, // И оценит ее красу. // Из осенней рябины бусы, // Косы голову облегли… // Сколько в девушке этой русой // От славянской ее земли!”

Тры бярозкі над магілай

У эсэ не згадвае Старшыноў: ці наведвалі яны магілу Зінкі, памяці якой Юлія прысвяціла свой верш? Магчыма, што так. Помніка, зрэшты, тады яшчэ на ёй не было: адкрылі яго ў 1960 годзе. Старшы сяржант медслужбы Герой Савецкага Саюза Зінаіда Самсонава пахавана ў брацкай магіле пасёлка Азарычы. Там жа, у гарпасёлку, яе імем названа вуліца. Калі быў пад­рыхтаваны гэты тэкст, намесніца дырэктара Азарыцкай школы па выхаваўчай рабоце Наталля Уладзіміраўна Мельнікава (яна і родам адтуль) удакладніла, што жыхар з мясцовых, Рыгор Цурко, узгадваў у 60-я гады цяжкі час вызвалення. Успаміны яго запісаны. Ён сам бачыў, што сярод забітых воінаў у 1944-м была і адзіная светлакосая дзяўчына, “медсястрычка”, якую і пахавалі з медсумкай. А каб тое месца пахавання не згубілася, Рыгор пасадзіў побач тры бярозкі, якія старанна даглядаў (глеба там пясчаная). Яны і цяпер побач з помнікам.

Загінула Зінаіда Аляксандраўна ў вёсцы Холма, ды назва паселішча страчана, пі­шуць у даведніках. А ў школе ведаюць: якраз на месцы вёскі цяпер азарыцкая вуліца Зінаіды Самсонавай. Да таго ж у школе і піянерская дружына, і арганізацыя БРСМ носяць імя Героя. Ёсць у школьным музеі і папка з матэ­рыяламі пра Юлію Друніну. А сама яна ў невялічкім нарысе “Светлакосы салдат” (1963) піша, што ёй выпаў гонар быць у батальёне, якім “камандавала Зінка”, што Самсонава “погибла в бою за маленькую белорусскую деревню Холм, затерянную в болотистых чащах Полесья”. Яшчэ адно шчымлівае прызнанне: “И сейчас, почти через двадцать лет, мне трудно вспоминать о том, что случилось в один из январских дней на 2-м Белорусском фронте в районе неизвестной белоруской деревушки Холм. Свою боль, свое горе я попыталась вложить в стихи, которые так и назвала — “Зинка”. Далей прыводзіцца верш — і ў ім ёсць варыятыўная страфа: “Шла дивизия в бой без песен, // Шла без митингов и знамен. // В окруженье попал в Полесье // Наш потрепанный батальон”. І пад вершам паэтэса прызнаецца: “…Письмо Зининой матери — Марии Максимовне — так и не было написано: не поднялась рука. Пусть же мой очерк будет запоздалым письмом в то “яблочное захолустье”, где и сейчас живет мать героини. Низко кланяюсь вам, дорогая Мария Максимовна. Мы никогда не забудем нашего светлокосого солдата, нашу Зину. Она была хорошей дочерью и вам, и своей второй матери — Родине”.

Покліч Палесся

Не толькі Зінаіда Самсонава загінула, вызваляючы Азарычы ды іх ваколіцы. У краязнаўчым нарысе Івана Гарыста, які быў змешчаны ў райгазеце “Калінкавіцкія навіны” ў 2012 годзе, чытаем: “У час бою за вёску Холма (цяпер гэта вуліца г.п.Азарычы) 27 студзеня 1944 года загінула Герой Савецкага Саюза Зінаіда Аляксандраўна Самсонава, санінструктар 667-га палка 218-й стралковай дывізіі. А на наступны дзень пры вызваленні вёскі Лясец загінуў Герой Савецкага Саюза яфрэйтар Аляксей Андрэевіч Лазуненка. Аб кровапралітнасці баёў за Азарычы свед­чыць той факт, што ў дзвюх брацкіх магілах, якія знаходзяцца ў гарпасёлку, пахаваны 803 савецкія воіны: па вуліцы Самсонавай — 229 і па вуліцы Бабруйскай — 574. Усяго ж у брацкіх магілах вакол Азарыч у радыусе 5—7 кіламетраў пахавана звыш 2 тысяч савецкіх воінаў 16 нацыянальнасцей з розных месцаў СССР”. Вось бы дзе паставіць помнік усім медсёстрам, якіх прайшло праз вайну дзя­сяткі тысяч, а многія так і не вярнуліся з яе.

…Проза і паэзія — заўсёды побач з намі. Аднак, відаць, якраз паэтычнымі радкамі можна перадаць высокія ды тонкія пачуцці нашы. Вось і пра любоў да роднай зямлі шмат пішуць паэты. У тым ліку і пра тое, што “каб любіць Беларусь нашу мілую — трэба ў розных краях пабываць”… Але ж, як бачым, стала святой для масквічкі Юліі Друнінай і наша беларуская зямля. Тлумачэнне феномена акрэсліў вельмі ўдала Уладзімір Маякоўскі: “Землю, где воздух, как сладкий морс, бросишь и мчишь, колеся, — но землю, с которою вместе мерз, вовек разлюбить нельзя”. Гэтак і мы заўсёды найбольш цэнім і любім тое, у што самі ўклалі сілы, талент, часцінку маладосці, здароўя і нават жыцця. Дзе кроў пралівалі, сяброў пахавалі. У Друнінай пра тое: “Значит, // Зовет Полесье, // Юность зовет моя…”

Іван ЖДАНОВІЧ.