“Я сустрэў цябе, тата…”

- 11:03Выхаванне

Адным з асноўных кірункаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў з’яўляецца захаванне памяці пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. За сем мірных дзесяцігоддзяў тут склаліся багатыя традыцыі, назапашаны вялікі вопыт. Традыцыйнымі формамі работы з’яўляюцца сустрэчы з ветэранамі, аказанне ім шэфскай дапамогі. Не менш эфектыўная ў выхаваўчым плане і работа па добраўпарадкаванні помнікаў, мемарыяльных комплексаў, магіл герояў, аднаўленні невядомых раней імён.

“Ніхто не забыты, нішто не забыта…” — гэтыя знакамітыя словы з’яўляюцца своеасаблівым дэвізам работы соцень педагогаў і навучэнцаў, якія на працягу многіх гадоў карпатліва дзень за днём шукаюць звесткі пра невядомых герояў. Той, хто ляжаў у безыменнай магіле, дзякуючы неабыякавасці нашчадкаў Перамогі, знаходзіць спачын побач з баявымі таварышамі, становяцца вядомымі і акалічнасці яго подзвігу. Ужо вядомае імя папаўняе электронныя базы, выбіваецца на гранітных плітах брацкіх магіл.
Падобная пошукавая работа вядзецца практычна ў кожнай установе адукацыі. Дзесьці знойдзена некалькі імён, дзесьці — некалькі дзясяткаў, дзесьці — некалькі соцень, а дзесьці — некалькі тысяч. Напрыклад, удзельнікамі клуба “Пошук” сярэдняй школы № 5 Маладзечна Мінскай вобласці з 1987 года (таго часу, калі было створана аб’яднанне) пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Лідзіі Барысаўны Князевай адноўлена 1723 імёны вязняў лагера для ваеннапалонных “Шталаг-342”, які дзейнічаў на тэрыторыі горада ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пад кіраўніцтвам настаўніцы на працягу амаль 30 гадоў некалькімі пакаленнямі вучняў праведзена не проста вялікая, а па-сапраўднаму тытанічная пошукавая работа. Каб пераканацца ў гэтым, варта наведаць мемарыяльны комплекс “Шталаг-342”, створаны пры фінансавай падтрымцы Маладзечанскага райвыканкама.Устанаўленне імён — гэта толькі адзін з кірункаў работы клуба. Важным з’яўляецца і пошук родных, сваякоў ваеннапалонных, наладжванне з імі перапіскі. Вучні ведаюць, што звесткі пра месца пахавання тых, хто знік без вестак, чакаюць іх родныя. Многія ўжо страцілі надзею на тое, што калі-небудзь даведаюцца пра лёс родзічаў. Прыкладна такія думкі авалодвалі і жыхаркай Краснагорска Маскоўскай вобласці Маргарытай Іванаўнай Шамаранавай, пакуль удзельнікі клуба “Пошук” не паведамілі пра месца пахавання яе бацькі Івана Яфімавіча Сластова.
“Дзякуй вам за неабыякавае стаўленне да памяці загінуўшых воінаў. Дзякуючы вашай рабоце, гісторыя подзвігу працягваецца, яна ў нашых справах, падзяках воінам-абаронцам, якія выратавалі свет ад пагроз. Хоць прайшло шмат гадоў, але гэты боль так і застаецца ў маім сэрцы. Колькі праліта слёз. Я цяпер ведаю, што прах майго бацькі спачывае ў беларускай зямлі. Дзякуй за тое, што захоўваеце памяць пра майго бацьку”. Гэтыя словы з ліста Маргарыты Іванаўны часта зачытваюць юныя пошукаўцы на выхаваўчых мерапрыемствах, падчас экскурсій па мемарыяльным комплексе, якія яны праводзяць для навучэнцаў і студэнтаў з розных куточкаў Беларусі, краін далёкага і блізкага замежжа.
Хвіліны наведвання мемарыяльнага комплексу заўсёды шчымлівыя. Без слёз, без камяка ў горле немагчыма назіраць за тым, як людзі паважанага ўзросту, стоячы ля пліты з імёнамі, пачынаюць, гледзячы на імя свайго бацькі, ціха размаўляць. “Яны пад’ехалі на машынах так ціха, быццам баяліся парушыць цішыню і спакой спачылых навечна вязняў. Першым на прыступкі мемарыяльнага комплексу падняўся Валянцін Іпалітавіч Скаўронскі. “Я сустрэў цябе, тата, — дрыготкім голасам прамовіў ён. — Упершыню за 70 гадоў я вымавіў слова “тата”. Як доўга я гэтага чакаў…” Не саромеючыся нікога, ён плача. І, нібы ў ваенным страі, выразна ўсталі ўнук і праўнук”, — падзялілася Лідзія Барысаўна.
Сабраныя пра ваеннапалонных звесткі захоўваюцца ў асобным кабінеце, які з’яўляецца своеасаблівым штабам клуба. На паліцах — пажоўклыя старонкі больш за 700 лістоў перапіскі са сваякамі, побач — не менш каштоўныя салдацкія лісты з фронту, франтавыя трохкутнічкі, якія перадала маладзечанскім пошукаўцам Галіна Барысаўна Барадзіна з Ліды Гродзенскай вобласці, дачка вязня Барыса Іванавіча Барадзіна. Лісты яе бацькі прасякнуты любоўю, вернасцю, пяшчотай, на якую здольны не кожны мужчына. Па словах Лідзіі Барысаўны, у гэтых лістах няма ваенных і сямейных сакрэтаў. У іх — рэальнае жыццё. Дзякуючы гэтым лістам, можна аднавіць не толькі лёс Барыса Іванавіча, але і лёс усёй краіны.
— Неймаверна цяжка даецца пошук сваякоў, бо падчас вайны зніклі многія населеныя пункты, у пасляваенны час аб’ядналіся раёны і вобласці. Але мы намагаемся дастукацца да кожнага сваяка: пішам лісты ў газеты, адпраўляем лісты ў адміністрацыю абласцей, актыўна працуем з інтэрнэтам. Геаграфія пошуку шырокая. Наша дзейнасць чырвонай ніткай звязала Маладзечна са шматлікімі гарадамі і вёскамі былога Савецкага Саюза. Сустрэчы са сваякамі адкрываюць для навучэнцаў многія рэчы, якім па падручніках нельга навучыцца, — паведаміла Лідзія Барысаўна.
Аднаўленне імён вязняў “Шталага-342” і пошук іх родных — гэта толькі адзін з кірункаў дзейнасці клуба “Пошук”. Акрамя таго, яго ўдзельнікі праводзяць экскурсіі па мемарыяльным комплексе, шэфствуюць над ветэранамі мікрараёна школы, падчас заняткаў клуба “Цёплыя сустрэчы” сустракаюцца з былымі малалетнімі вязнямі канцлагераў, выступаюць з навукова-даследчымі работамі на канферэнцыях, краязнаўчых конкурсах, пра што сведчаць шматлікія дыпломы і граматы.
На думку Лідзіі Барысаўны, невядомых герояў не бывае, у кожнага свой подзвіг і сваё імя. І яны павінны ўвайсці ў гісторыю. Навучэнцы разумеюць, што яны ў вялікім абавязку перад тымі, хто цаной жыцця падарыў ім чыстае неба, мірнае жыццё. Гэтую ісціну выдатна разумеюць і ўдзельнікі пошукавай групы “Спадчына” Слаўгарадскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 3, якая дзейнічае з 2007 года. Сёння група з’яўляецца складовай часткай Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба “Віккру”. За 9 гадоў слаўгарадскімі пошукаўцамі было ўстаноўлена больш за 2 тысячы імён салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі.
Калі ў пачатку сваёй дзейнасці група вяла пошукі ў асноўным разам з ваеннаслужачымі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна на месцах баёў, то пасля стварэння адпаведных пошукавых інтэрнэт-сайтаў работа вядзецца і ў сусветнай павуціне. Лёгкімі такія пошукі таксама не назавеш. Каб знайсці толькі адно імя, трэба наведаць дзясяткі сайтаў, прачытаць дзясяткі алічбаваных гістарычных дакументаў. Здаецца, усё, што можна было знайсці, знойдзена, аднак у інтэрнэце перыядычна з’яўляюцца новыя дакументы, якія неабходна прачытаць. У выніку такой работы ў групы “Спадчына” з’явілася і свая інтэрнэт-старонка, дзе кожны жадаючы можа азнаёміцца са знойдзенымі імёнамі, прагледзець карту пошукаў, схему размяшчэння воінскіх пахаванняў на тэрыторыі Слаўгарадскага раёна. Для аматараў гісторыі сайт раскажа і пра мінулае Слаўгарадчыны са старажытнасці да нашых дзён. Вялікая ўвага, безумоўна, удзяляецца перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Сайт з’яўляецца выдатным прыкладам выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у пошуку імён загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Плённыя пошукі немагчымы без супрацоўніцтва. Сяброўскія адносіны ў слаўгарадскіх пошукавікаў склаліся з падобнымі аб’яднаннямі па ўсёй краіне, частыя сустрэчы, адпаведна, і сумесныя экспедыцыі праводзяцца і з расійскімі калегамі. “На тэрыторыі нашага раёна фронт стаяў два разы: у 1941 і 1943 годзе. Так склалася, што ў гэты перыяд па Слаўгарадчыне пралягаў баявы шлях дывізій, сфарміраваных у Ніжагародскай вобласці, таму частымі ў нас з’яўляюцца сустрэчы з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі гэтага расійскага рэгіёна. Дзякуючы нашай пошукавай рабоце, а таксама раскопкам, праведзеным 52-м батальёнам, астанкі воінаў гэтых дывізій былі перапахаваны на ніжагародскай зямлі. Усяго пры ўдзеле нашых навучэнцаў перапахаваны астанкі 27 байцоў”, — паведаміў намеснік кіраўніка пошукавай групы “Спадчына” інжынер-электронік ліцэя Аляксандр Яўгенавіч Халееў.
Асабліва ганарацца слаўгарадскія пошукаўцы знойдзенымі медальёнамі. На жаль, не кожны з іх чытаецца, таму асабліва каштоўнымі становяцца літары, якія яшчэ не сцёр з пажоўклай паперы час. Так, быў знойдзены медальён Хачыка Самуілавіча Чэхік’яна і Цімафея Архіпавіча Цітова. Першая думка, якая ўзнікае пасля такой знаходкі: салдат быў забіты падчас бою, неабходна абавязкова знайсці яго родных, паведаміць ім пра месца гібелі героя. З Цімафеем Архіпавічам было ўсё не так адназначна. Як высветлілася, салдат трапіў у палон, аднак быў адтуль вызвалены дзякуючы намаганням сваёй маці і вярнуўся дадому. Пасля вызвалення роднага краю быў зноў прызваны ў войска, сустрэў з баямі Перамогу. На жаль, убачыцца з ветэранам пошукаўцам не ўдалося, аднак яны знайшлі сына, які прыязджаў на месца баёў бацькі. Яму і быў перададзены медальён. Сярод цікавых знаходак і медаль “За адвагу”, які згубіў падчас бою на Слаўгарадчыне ўраджэнец Краснапольскага раёна Міхаіл Еўдакімавіч Самкнулаў. Пасля вайны ён працаваў міліцыянерам і быў вядомы як адказны і сумленны работнік. На жаль, сустрэцца з ім таксама не ўдалося…
Час няўмольны, ветэраны імкліва адыходзяць, аднак у нашай памяці яны застаюцца як людзі шчырай душы, як сапраўдныя героі, якія аддалі дзеля нашага мірнага жыцця сваё здароўе, сваю маладосць. А што мы ведаем пра подзвіг соцень тысяч невядомых герояў, якія ўжо сем дзесяцігоддзяў ляжаць у безыменных магілах? Што нам раскажуць іх імёны? Пошук працягваецца…

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.