Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае ўклад Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ва ўмацаванне духоўнага адзінства Беларусі і Расіі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 22 лістапада ў храме Хрыста Збавіцеля ў Маскве, выступаючы з віншавальнай прамовай у гонар 70-годдзя патрыярха.
“У Беларусі вы карыстаецеся самым заслужаным аўтарытэтам і народнай любоўю. Вас ведае кожны чалавек: і хрысціянін, і мусульманін, і прадстаўнікі іншых канфесій. Гэта вынік вашай працы і добрага стаўлення да нашай краіны як прадстаяцеля Рускай праваслаўнай царквы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Пад вашым першасвяціцельскім кіраўніцтвам Праваслаўная царква садзейнічае ўмацаванню духоўнага адзінства нашых славянскіх народаў — Беларусі і Расіі, заснаванага на такіх хрысціянскіх каштоўнасцях, як міралюбнасць, узаемадапамога, гуманізм і справядлівасць”.
Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць патрыярху Кірылу за тую ўвагу, якую ён праяўляе да беларускага народа. “Кожны ваш візіт на беларускую зямлю становіцца значнай падзеяй. Дзе б вы ні праводзілі богаслужэнне — у легендарным Полацку, гераічным Брэсце, старажытным Віцебску ці ў стольным Мінску, усюды вас прымалі як свайго добрага пастара і настаўніка”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што для патрыярха Кірыла Беларусь не новая, паколькі ён да выбрання прадстаяцелем РПЦ служыў на Смаленшчыне і ў Калінінградскім рэгіёне. “Перамяшчаючыся паміж імі — вы аб гэтым заўсёды гаворыце, — вы беларускую зямлю не проста бачылі, вы яе палюбілі. Палюбілі гэты цудоўны славянскі народ. І я ўпэўнены, што ў далейшым ваша праца будзе такой жа добрай і плённай, а Праваслаўная царква будзе ўсяляк садзейнічаць вырашэнню духоўных, маральных і сацыяльных праблем сучаснасці”, — сказаў прэзідэнт.
Паводле слоў прэзідэнта, працай і малітвамі патрыярха Кірыла Руская праваслаўная царква прадаўжае развівацца і ўмацоўвацца ў сваёй велічы, займаючы дастойнае месца ў хрысціянскім свеце. Пры гэтым асаблівая ўвага ўдзяляецца адзінству РПЦ. “Сёння, калі ў свеце войны, рэлігійныя і міжнацыянальныя канфлікты, асаблівым сэнсам напаўняюцца словы прападобнага Сергія Раданежскага: “Яднаннем і любоўю выратуемся”. Дзякуючы вашай актыўнай жыццёвай пазіцыі, царква адыгрывае важную ролю ў падтрыманні згоды ў грамадстве, дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі, захаванні міру і стабільнасці на планеце”, — сказаў беларускі лідар.