Як адукацыя псіхолага дапамагае ў рабоце кіраўніка, расказала дырэктар гімназіі Ляхавіч

- 13:26Персона

Поспех магчымы толькі тады, калі працуе каманда і кожны ўдзельнік атрымлівае задавальненне ад работы ў ёй, пераканана дырэктар гімназіі Ляхавіч Брэсцкай вобласці Таісія Шыбун. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Таісія Шыбун у 1991 годзе скончыла Брэсцкі педагагічны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна па спецыяльнасці “Настаўнік біялогіі і геаграфіі”. Была размеркавана ў школу вёскі Фе­дзюкі Ляхавіцкага раёна. У 1993 годзе перайшла праца­ваць у гімназію Ляхавіч, у якой 19 гадоў была педагогам-псіхолагам, прайшоўшы перападрыхтоўку ў БДПУ па спецыяльнасці “Псіхолаг у сферы адукацыі”. У жніўні 2012 года Таісія Аляксандраўна ўзначаліла гімназію.

— Калі я ўзначаліла гімназію, то самай вялікай цяжкасцю было тое, што я вырасла ў калектыве побач са сваімі калегамі-педагогамі, — расказвае дырэктар. — А тут мне неабходна было імі кі­раваць. Галоўная задача, якую я паставіла, — не перашкаджаць тым настаўнікам, хто працуе доб­ра, і захаваць усё самае лепшае, што было назапашана ў гімназіі. Думаю, што мне гэта ўдалося. Нядаўна ў гонар першага дырэктара гімназіі Аляксандра Пятровіча Каваленкі па ініцыятыве выпускнікоў мы аднавілі гімназічны сад.  У нас ёсць цудоўная традыцыя — у час цвіцення саду праводзіць у ім літаратурныя чытанні, у якіх прымаюць удзел і педагогі, і навучэнцы, і іх бацькі. Тэмы самыя розныя — Дзень Перамогі, каханне, пейзажная лірыка. Такім чынам мы захоўваем памяць пра тых лю­дзей, якіх добра ведалі і памятаем. 

— Таісія Аляксандраўна, якім, на ваш погляд, павінен быць сучасны кіраўнік?

— Здольным кіраваць сабой, а таксама здольным уплываць на іншых людзей і абавязкова імкнуцца да асобаснага росту.

— Адукацыя псіхолага дапамагае ў рабоце?

— Так, вельмі дапамагае. У аснову маёй дзейнасці пакладзены некалькі прынцыпаў. Першы — накіраванасць на поспех: знайсці тыя сферы дзейнасці, у якіх установа будзе паспяховай, другі — справядлівыя адносіны да людзей, трэці — падтрымка ініцыятывы. Веданне асноў зносін, псіхалогіі дапамагае мне прытрымлівацца гэтых прынцыпаў. Яшчэ адзін важны момант — прытрымліванне плана: калі намеціць пэўныя крокі, трымацца іх, то і поспех абавязкова прыйдзе. А калі ёсць вынік, гэта надае сілы, і ты з натхненнем ставіш наступныя задачы.

Ёсць адзін момант, які я заў­важыла зусім нядаўна. Працуючы псіхолагам у псіхагеаметрычных тэстах, я заўсёды выбірала кола — сімвал гармоніі. Той, хто ўпэўнена выбірае яго, шчыра зацікаўлены перш за ўсё ў добрых міжасобасных адносінах. Найвышэйшая каштоўнасць для такога чалавека — людзі. І ён часцей за ўсё служыць тым “клеем”, які з’ядноўвае і пра­цоўны калектыў, і сям’ю. Таму для мяне было важна нікога не пакрыўдзіць, згладзіць сітуацыю, угава­рыць. А потым, адпрацаваўшы гадоў 6 дырэктарам, зразумела, што аддаю перавагу квадрату, які сімвалізуе фундаментальнасць, яс­насць, дакладнасць. Для мяне важна ўвага да дэталей, падрабязнасцей, каб усе звесткі былі сістэматызаваны і раскладзены па палічках.

Ці строгі я дырэктар? Мне здаецца, што не. Праўда, заўважаю, што апошнім часам стала больш патрабавальнай. У пачатковы перыяд майго дырэктарства мне гэтага вельмі не хапала. Ды і зараз мне прасцей не загадаць, а папрасіць “а давайце зробім”, уласным прыкладам паказаць, каб людзі пайшлі следам.

— Як папаўняеце дэфіцыт веры ў сябе?

— Калі дэфіцыт веры ў сябе  разглядаць як стомленасць, то тут трэба шукаць рэсурсы для ўзнаўлення гэтай веры. Кожны чалавек выбірае сам, якія рэсурсы ён будзе чэрпаць: фізічныя, эмацыянальныя, інтэлектуальныя, духоўныя. У мяне, напрыклад, да кавіду былі два захапленні — басейн і лазня. Люблю адпачываць на прыродзе, вяду Instagram і выкладваю там фотаздымкі, якія адлюстроўваюць прыгажосць прыроды. Узаемадзейнічаю з сябрамі і шмат чытаю мастацкую літаратуру.

Кампенсаваць дэфіцыт веры ў сябе як стомленасць прасцей. А калі разглядаць яго як нізкую самаацэнку, тады ўзнікае пытанне, кім яна фарміруецца. Калі яна фарміруецца адсутнасцю вынікаў ва ўстанове, то тут важная работа каманды. Мне вельмі камфортна і спакойна працаваць з маімі намеснікамі: Таццянай Маслоўскай, якая курыруе метадычную работу, Наталляй Лук’янчык, Валянцінай Русакевіч, якія адказ­ваюць за вучэбную работу, Аксанай Гатоўчыц, якая курыруе выхаваўчую дзейнасць, намеснікам па гаспадарчай рабоце Вольгай Маляр. Гэта сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Часам педагогі не могуць уявіць узровень адказнасці, хуткасць прыняцця рашэнняў і выканання задач, якія ляжаць на адміністрацыі гімназіі. 

— Таісія Аляксандраўна, якія напрамкі работы вызначаюць сёння развіццё вашай установы адукацыі?

— Гімназія з’яўляецца рэспуб­ліканскай эксперыментальнай пляцоўкай па апрабацыі мадэлі кіравання якасцю адукацыі, якой кіруе Святлана Уклейка.

Мы маем багаты вопыт арганізацыі мультыпрофільнага навучання і зараз працуем над стварэннем профільных груп на базе 8-х класаў і распрацоўкай адпаведных вучэбных планаў. Гэта дапрофільная падрыхтоўка. Плануецца наладзіць навучанне па такіх напрамках, як хіміка-біялагічны, інжынерны (матэматыка — інфарматыка) і гуманітарны (англійская мова — руская мова, грамадазнаўства — гісторыя). У 10—11 класах у нас у гэтым навучальным годзе былі адкрыты мультыпрофільныя групы, старшакласнікі вывучалі на павышаным узроўні па тры прадметы. Гэта рабілася за кошт гадзін факультатыўных заняткаў. Дарэчы, пры фарміраванні профільных груп мы максімальна ўлічваем запыты навучэнцаў і іх бацькоў.

Шмат увагі ўдзяляем метадычнай рабоце. Цесна супрацоўнічаем з БДПУ. Пэўны час да нас прыязджалі выкладчыкі ўніверсітэта і праводзілі работу з нашымі настаўнікамі. Новы віток метадычнай дзейнасці даў удзел у праграме “Настаўнік для Беларусі”. Мы право­дзілі педагагічныя неканферэнцыі. Так, летась спікеры-педагогі прыехалі з усіх абласцей Беларусі, сярод іх былі і члены клуба “Крыштальны журавель”. Адбылося больш за 30 майстар-класаў для педагогаў і практычных заняткаў для навучэнцаў. Педагогам быў прапанаваны на выбар шырокі спектр метадаў, тэхналогій і прыёмаў работы: прыёмы сэнсавага чытання і візуа­лізацыі, тэхналогія перавернутага ўрока, актыўная ацэнка, кейс-тэхналогія, гейміфікацыя і інш. Спа­дзяёмся, што такія зносіны стануць традыцыйнымі, бо яны зараджаюць энергіяй, жаданнем тварыць.

Трэці напрамак — выхаваўчая работа. Па ініцыятыве намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксаны Гатоўчыц спачатку быў створаны музейны пакой па этнаграфічным напрамку, а потым з’явіўся і віртуальны музей “Пад страхою прадзеда”, які на рэспуб­ліканскім конкурсе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Беларусь — мая краіна! Беларусь — мая сям’я” быў адзначаны дыпломам. Ідэя праекта — аб’яднанне ў адным інфармацыйным полі матэрыялаў, звязаных з гісторыяй роднага краю. Гэта экспазіцыя музея гімназіі (рэканструкцыя хаты XVІІІ—XІX стст.), экспанаты этнаграфічнага кутка, работы навучэнцаў, звязаныя з краязнаўствам, беларускай мовай і літаратурай, прапаганда роднай культуры, інтэрактыўная пляцоўка этнаграфічнага гуртка “Вытокі”, стварэнне віртуальнай калекцыі музея, прысвечанага гісторыі Ляхавіччыны. Падчас рэалізацыі праекта ў дзяцей з’явіліся новыя ідэі: стварыць віртуальныя экскурсіі, уключаючы Google-панарамы; распрацаваць экскурсію на мясцовым дыялекце, этнаролікі (песні, абрады, танцы, пастаноўкі і г.д.), стварыць інтэрактыўную карту раёна з культурна-этнаграфічнымі помнікамі.

Сумесна з кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні Іванам Шпакам распрацоўваецца яшчэ адзін віртуальны праект — стварэнне інфармацыйна-метадычнай прасторы па ваенна-патрыятычным выхаванні. Тут і зменная выстава, прысвечаная генацыду беларускага народа “Нельга зразумець, нельга дараваць”, і раздзелы па прафарыентацыі, і падборка фільмаў, відэасюжэтаў, кніг, песень аб вайне, і распрацоўкі пазакласных мерапрыемстваў. Дарэчы, на базе гімназіі працуе ваенна-патрыятычны клуб “Доблесць пакаленняў” пад кіраўніцтвам Віктара Яварчука.

Гаворачы пра напрамкі работы гімназіі, нельга не прыгадаць і працэсы інфарматызацыі. Інжынер-праграміст Алег Галабокаў арганізоўвае для педагогаў курсы па выкарыстанні разнастайных электронных рэсурсаў. У сваёй рабоце настаўнікі выкарыстоўваюць мультыборды, інтэрактыўныя дошкі, запаўняюць электронныя дзённікі. Асабліва актыўна працуюць з лічбавымі тэхналогіямі настаўнікі замежнай мовы. У іх у воблаку ёсць метадычныя матэрыялы, скарыстацца якімі можа кожны жадаючы. Творча працуюць таксама Таццяна Асос, Наталля Пранчак, Нэлі Пішч, Святлана Ермаковіч, Святлана Прастакевіч.

— Завяршыўся навучальны год. Ці задаволены вы яго вынікамі?

— Шчыра скажу, год быў няпростым. Многа змяненняў адбылося ў нарматыўных прававых дакументах: абноўлены Кодэкс аб адукацыі, ліцэнзаванне дзейнасці, пастановы “Аб атэстацыі навучэнца”, “Аб установах агульнай сярэдняй адукацыі” і інш. На базе гімназіі быў праведзены цэнтралізаваны экзамен. Але мы спрацавалі добра.

Калі гаварыць пра нашы дасягненні, то самае вялікае з іх — перамога ў абласным этапе конкурсу “Настаўнік года — 2023” настаўніцы матэматыкі Таццяны Крапіневіч. Гэта прыклад матываванага педагога, які паставіў мэту і ўпарта ішоў да яе.

Парадавалі нас сваімі перамогамі і навучэнцы. Яны сталі дыпламантамі абласнога этапу конкурсу “Расія і Беларусь: гістарычная і культурная еднасць”, конкурсу сродкаў масавай інфармацыі для навучэнцаў “Свежы вецер” (у электронным выглядзе ў нас выхо­дзіць газета “Дзянніца”). Наш вучань Аляксандр Падгурскі прайшоў адбор і стаў удзельнікам змены ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

Нас вельмі парадавалі вынікі цэнтралізаванага экзамену. Нашы вучні пацвердзілі і павысілі свае гадавыя адзнакі ў сярэднім на 1 бал. Два навучэнцы набралі 98 балаў. Нашы залатыя медалісткі Марыя Буйкевіч і Аліна Гемвароўская пацвердзілі высокі ўзровень сваіх ведаў.

Ёсць вынікі, але і ёсць над чым яшчэ працаваць. Адно з пытанняў — зніжэнне выніковасці ўдзелу навучэнцаў у алімпіядным руху. Гэта хвалюе, бо вопытныя кадры сыходзяць на адпачынак. Сёння мы адчуваем патрэбу ў настаўніках фізікі і інфарматыкі, педагогу-арганізатары. Часткова вырашыць кадравую праблему нам дапамагае ўдзел у праграме “Настаўнік для Беларусі”. Па гэтай праграме да нас прыехалі Таццяна Крапіневіч і настаўніца геаграфіі Наталля Раб­цэвіч, настаўніца інфарматыкі і матэматыкі Дар’я Краўчэня. Спа­дзяёмся, што нам і далей удасца супрацоўнічаць па гэтай праграме.

— Якімі клопатамі зараз жыве гімназія?

— У нас будзе працаваць другая змена аздараўленчага летніка “Сонейка”. 95 дзяцей горада бу­дуць адпачываць на базе гімназіі. У асноўным гэта дзеці пачатковай школы і дзеці ваенна-патрыятычнага клуба. Другасную занятасць плануецца арганізаваць для 6 груп па 8 чалавек у кожнай. Яны бу­дуць працаваць на тэрыторыі гімназіі, якая складае 2,5 гектара. Што тычыцца падрыхтоўкі ўстановы да новага навучальнага года, то право­дзім касметычны рамонт. За спонсарскія грошы выконваецца рамонт кабінета дырэктара і гардэроба для педагогаў. Хочацца таксама памяняць дарожкі на прыгімназічнай тэрыторыі і адрамантаваць гаспадарчы заезд, каб 1 верасня гімназія гасцінна расчыніла свае дзверы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара