Як ажыццяўляць духоўна-маральнае выхаванне ва ўстанове дашкольнай адукацыі?

- 16:21Гомельская область, Духовность и патриотизм, Индекс успеха, Образование

Як ажыццяўляць духоўна-­маральнае выхаванне ва ўстанове дашкольнай адукацыі? У дзіцячым садзе № 1 Лоева гэта робяць праз супрацоўніцтва педагогаў з бацькамі выхаванцаў і святарамі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Ва ўстанове дзейнічае гурток па духоўным і маральным выхаванні дзяцей на праваслаўных традыцыях.

— Да павелічэння колькасці гурткоўцаў падыходзім вельмі далікатна, — адзначае загадчыца сада Святлана Гулява. — Як гаворыць наш славуты зямляк, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі, кандыдат бага­слоўя, протаіерэй Фёдар Поўны, праваслаўе не трэба навязваць, трэба паказ­ваць яго прыгажосць.

Заняткі ў гуртку праводзяцца ў рамках праграмы “Духоўна-маральнае выхаванне дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях”. Работа ажыццяўляецца ва ўзаемадзеянні з прыходам храма Святой Жывапачатковай Тройцы пад духоўным кіраўніцтвам настаяцеля іерэя Дзімітрыя Чваркова — частага госця ў садзе і, дарэчы, прадстаўніка бацькоўскай грамадскасці, бо ўстанову наведваюць у тым ліку і яго дзеці.

— Любоў, шчырасць і прыклад дарослых — аснова выхавання, — сцвярджае выхавальніца Алена Хмель. Разам з калегай Валянцінай Рак, некаторымі дзецьмі і іх бацькамі яны рэгулярна наведваюць храм.

— У дзяцей трэба абудзіць эмоцыі, пачуцці, каб данесці да іх духоўныя асновы. Патэнцыял каштоўнаснай спадчыны праваслаўя дазваляе вырашыць гэтую педагагічную задачу, — падкрэс­лівае Валянціна Рак.

Важная частка работы — зрабіць сям’ю саюзнікам у выхаванні дзіцяці. Добрай традыцыяй ва ўстанове стаў удзел бацькоў разам з дзецьмі і святарамі ў праваслаўных святах і ўрачыстасцях, такіх як Пакроў Святой Багаро­дзіцы, Вялікдзень, Нараджэнне Хрыстова. Выхаванцы ўдзельнічаюць у праваслаўных творчых конкурсах “Велікодны сувенір”, “Прыга­жосць Божага свету”, “Праваслаўныя традыцыі маёй сям’і”, раённых мерапрыемствах з нагоды духоўных урачыстасцей з уручэннем салодкіх падарункаў ад прыхода храма Святой Жывапачатковай Тройцы.

У дзейнасці педагогаў установы цесна пераплятаюцца духоўнае і патрыятычнае выхаванне. Дзякуючы гульнявым,  займальным формам работы, дзеці эмацыянальна перажываюць пачуццё ўрачыстасці дзяржаўных свят. Таксама ў іх пашыраюцца ўяўленні аб народнай культуры і багацці роднай мовы праз азнаямленне з беларускімі традыцыямі і святамі, якія нясуць радасць і дабро: Каляды, Масленіца, Купалле і інш.

Дзіцячыя ўражанні замацоўваюцца ў мастацка-выяўленчай дзейнасці (маляванні, лепцы, аплікацыі), дэкаратыўна-прыкладным мастац­тве. Разам з педагогамі і бацькамі выхаванцы ствараюць вырабы з саломкі, лёну, дрэва, гліны і інш. Удзел у выставах сумесных творчых работ матывуе дзяцей і дарослых сваімі рукамі ствараць прыгажосць.

Яшчэ адзін важны кірунак работы — тэатралізаваная дзейнасць. Дашкольнікі наведваюць спектаклі выхаванцаў нядзельнай школы і самі з задавальненнем становяцца іх удзельнікамі. Інсцэніроўка мае вялікі выхаваўчы патэнцыял, бо глыбока кранае як саміх акцёраў, так і гледачоў.

У будучыні педагогі плану­юць арганізаваць дзіцячы фотаклуб “Святло душы”.

— Будзем вучыць нашых выхаванцаў заўважаць прыгажосць і гармонію Божага свету, бачыць незвычайнае ў тым, што для многіх здаецца прывычным, — расказвае Святлана Гулява. — Нам важна накіраваць захапленне дзяцей высокімі тэхналогіямі ў патрэбнае рэчышча.

Дарэчы, праведзенае ў пачатку навучальнага года анкетаванне паказала, што большасць бацькоў хочуць, каб іх дзеці займаліся ў гуртку па духоўным і маральным выхаванні. Гэта сведчыць пра эфектыўны выхаваўчы вопыт педагогаў Лоева.

Людміла КУРЫЛЬЧЫК