Як Брэсцкі дзяржаўны каледж транспарту і сэрвісу рыхтуе спецыялістаў для чыгункі

- 10:10Образование

Брэсцкі дзяржаўны каледж транспарту і сэрвісу — адзіная УПТА ў вобласці, якая на працягу 80 гадоў рыхтуе кадры для чыгункі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Чыгуначны транспарт па-ранейшаму запатрабаваны, паколькі паспяхова развівае ўнутраныя і знешнія эканамічныя сувязі краіны, задавальняючы патрэбы ў грузавых і пасажырскіх перавозках, — расказвае дырэктар каледжа Дзмітрый Шкілюк. — Важную ролю ў гэтым адыгрываюць кадры, якія забяспечваюць бесперабойную дзейнасць чыгункі. Наш педкалектыў сур’ёзна падыхо­дзіць да прафесійнага навучання, каб выпускнікі былі запатрабаванымі і канкурэнтаздольнымі на рынку працы. За час свайго існавання каледж падрыхтаваў больш за 21 тысячу спецыялістаў, з якіх 6 з’яўляюцца ганаровымі чыгуначнікамі, а 12 узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

Спецыялізаваная навучальная ўстанова чыгуначнага профілю адкрылася ў Брэсце яшчэ ў 1922 годзе, калі горад уваходзіў у склад Польшчы. Тэхнічная школа праіснавала да пачатку Другой сусветнай вайны. Гісторыя сучаснага каледжа пачалася ў 1944-м, калі рашэннем мясцовай улады было створана чыгуначнае вучылішча № 7, дзе вучыліся выхаванцы дзіцячых дамоў і моладзь з 4—7 класамі адукацыі. За доўгі час не раз мянялася назва ўстановы, але нязменнай заставалася мэтанакіраваная і карпатлівая дзейнасць педагогаў па падрыхтоўцы кадраў для чыгункі.

Дзмітрый Шкілюк натхняе калектыў на якасную і выніковую работу, якая заключаецца ў тым, каб стварыць для выхаванцаў максімальна камфортныя ўмовы для вучобы і адпачынку. Пад кіраўніцтвам дырэктара каледж па выніках абласнога конкурсу прызнаваўся лепшай УПТА ў адной з намінацый за 2021/2022 год, а ў мінулым навучальным годзе Данііл Дзямчук перамог у абласным конкурсе на лепшага навучэнца сістэмы прафесійнай адукацыі.

Сёння ва ўстанове атрымліваюць веды каля 370 юнакоў і дзяўчат — будучых памочнікаў машыніста цеплавоза, білетных касіраў, пакаёвак, электраманцёраў па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, электрамеханікаў па ліфтах, аглядчыкаў-рамонтнікаў вагонаў, электразваршчыкаў на аўтаматычных і паўаўтаматычных машынах. З бягучага навучальнага года тут рыхтуюць таксама аператараў камп’ютарнай графікі і мантажнікаў санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання. Акрамя таго, на базе каледжа ажыццяўляецца дапрафесійная падрыхтоўка старшакласнікаў па прафесіях аператара ЭВМ і пакаёўкі.

— Матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы пастаянна абнаўляецца і ўдасканальваецца, — гаворыць дырэктар. — Так, за апошнія 5 гадоў абсталяваны новыя вытворчыя майстэрні праваднікоў пасажырскага вагона і мантажнікаў санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, перааснашчаны вучэбныя кабінеты… Але сапраўдная гордасць кале­джа — дружны і высокапрафесійны калектыў аднадумцаў, дзе побач працуюць вопытныя і маладыя педагогі. Пад іх кіраўніцтвам навучэнцы паспяхова ўдзельнічаюць у выставах тэхнічнай творчасці, навукова-даследчых канферэнцыях, конкурсах-аглядах, фестывалях і алімпіядах рознага ўзроўню (“ТэхнаІнтэлект”, “Паспяховы той, хто стварае”, “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі”, “Таленты Брэстчыны”).

— Каледж жыве цікавым і разнастайным жыццём. Работа педагогаў і майстроў вытворчага навучання патрабуе прафесійнага таленту, душэўнай шчодрасці, бацькоўскага цярпення, сяброўскага разумення і адказнасці. Гэта не проста навучанне майстэрству, а прыступка да жыццёвага самасцвярджэння і крок у любімую прафесію. Прыемна, калі намаганні педагогаў дапамагаюць выпускнікам знайсці дарогу да яе і стаць майстрамі сваёй справы, — дадае метадыст каледжа Наталля Шумская.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ