Якую праграму падрыхтавалі для школьнікаў, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала кансультант Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Асмалоўская.
Ва ўстановах агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі адчынілі свае дзверы лагеры з дзённым знаходжаннем. Сёлета іх налічваецца амаль дзве тысячы. Лагеры наведаюць каля 70 тысяч дзяцей. У час асенніх канікул на аздараўленне школьнікаў выдзелена са сродкаў рэспубліканскага бюджэту больш за 2 млн рублёў. Таксама выдаткавалі фінансавыя сродкі мясцовыя ўлады, выкарыстаны і іншыя крыніцы. Дзякуючы бюджэтнаму фінансаванню, кошт пуцёвак у лагеры стаў таннейшы як для дзяцей працуючых грамадзян, так і для дзяцей непрацуючых пенсіянераў.
Галоўная ўмова для якаснага аздараўлення навучэнцаў пры арганізацыі мерапрыемстваў у канікулярны перыяд — стварэнне для школьнікаў развіццёвага асяроддзя з максімальным захаваннем бяспекі, выкананне правіл бяспечных паводзін у лагеры, а таксама ў грамадскіх месцах, на транспарце, на ўзбярэжжы рэк і вадаёмаў.
Педагогі падрыхтавалі для дзяцей насычаную праграму з правядзеннем цікавых забаўляльных мерапрыемстваў, прыярытэтам якіх з’яўляецца патрыятычнае, маральнае, працоўнае выхаванне, фарміраванне здаровага ладу жыцця. Шырока будуць задзейнічаны на канікулах дзіцячыя і маладзёжныя грамадскія аб’яднанні, работа якіх скіравана на забеспячэнне занятасці школьнікаў у вольны час. Дзеці могуць выбраць розную тэматыку мерапрыемстваў на сайце ГА “БРПА”, паўдзельнічаць у чарговым сезоне праекта #БРПА “Цімураўцы.by”, нацыянальным пошукавым праекце “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”.
Падрыхтавана і цікавая музейная праграма. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прываблівае інтэрактыўная праграма з элементамі квеста “Шлях да Перамогі”. А экспрэс-выстава “Музей у чамадане” — такая выязная паслуга — прапануецца для наведвальнікаў у якасці альтэрнатывы звычайнаму паходу ў музей. У час канікул прапануе свае экспазіцыі Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў Мінску, Дзяржаўны музей Янкі Купалы, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Поўная інфармацыя аб музеях размешчана ў даведніку Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства “Музеі ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь”.
У дні асенніх канікул цікавую праграму прапануюць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Напрыклад, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў дні канікул праводзіць ІХ адкрыты міжнародны фестываль-конкурс “Творчасць без меж”, які пройдзе з 31 кастрычніка па 3 лістапада. У ім прымуць удзел каля тысячы школьнікаў Беларусі і краін замежжа. З мэтай аздараўлення дзяцей будуць праведзены фізкультурна-аздараўленчыя і спартыўныя мерапрыемствы ў форме фізкультурных свят, фестываляў, дзён здароўя і спорту. Яшчэ адным кірункам работы ў канікулярны перыяд з’яўляецца арганізацыя грамадска карыснай працы навучэнцаў, што спрыяе іх усведамленню сацыяльнай значнасці прафесійнай дзейнасці. Школьнікі будуць займацца працай па ахове і добраўпарадкаванні помнікаў гісторыі, культуры і прыроды свайго рэгіёна, шэфствам над ветэранамі, пажылымі людзьмі і інш. У дні канікул класныя кіраўнікі будуць аказваць педагагічную падтрымку дзецям у рэалізацыі такіх інтэрнэт-праектаў, як блог класа, электронная газета, відэаканал і інш. А на сайце факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій БДПУ працуе анлайн-платформа “Бацькоўскі ўніверсітэт”, дзе прадстаўлена інфармацыя па сямейнай педагогіцы, лепшы вопыт выхавання дзяцей, відэасюжэты і куды за парадай могуць звярнуцца бацькі і самі навучэнцы.
Ала КЛЮЙКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА