Як да сябе дадому

У гэтым годзе на базе Вілейскага дзяржаўнага каледжа будзе прадоўжаны курс “Дапрафесійная падрыхтоўка” для навучэнцаў 8 і 9 класаў школ Вілейкі і Вілейскага раёна. Такая падрыхтоўка стала часткай прафарыентацыйнай работы каледжа і прыносіць добрыя вынікі.

— Сапраўды, мы не расчараваліся ў тым, што пачалі ў каледжы дапрафесійную падрыхтоўку, а наадварот, пераканаліся ў правільнасці свайго кроку, — расказаў дырэктар каледжа Ігар Сямёнавіч Кіцікаў. — Гэта даволі эфектыўная форма прафарыентацыйнай работы, якая з’яўляецца адным з прыярытэтаў нашай установы. Наколькі матываваным будзе прафесійны выбар падлетка, настолькі высокакваліфікаваным спецыялістам стане ён у будучыні. Вызначыцца ў выбары сваёй далейшай працоўнай дзейнасці і дапамагае курс дапрафесійнай падрыхтоўкі.

Праграма навучання разлічана на 22 гадзіны. Наведвальнікі курса змогуць азнаёміцца з асновамі такіх прафесій, як цырульнік, майстар па манікюры, швачка, слесар па рамонце аўтамабіля. Заняткі будуць праводзіцца па суботах майстрамі вытворчага навучання і выкладчыкамі каледжа.

У мінулым годзе курс дапрафесійнай падрыхтоўкі наведвалі 27 чалавек з 4 школ Вілейкі і раёна. Навучанне праходзіла ў вучэбных майстэрнях і кабінетах каледжа, у рэсурсным цэнтры, на станцыі тэхнічнага абслугоўвання, у навучэнскіх кафэ і цырульні. Як бачна, школьнікам былі прадастаўлены ўсе магчымасці для паўнавартаснага праходжання дапрафесійнай падрыхтоўкі, і, магчыма, яны папоўняць рады навучэнцаў каледжа ў хуткім часе.

Сёлета каледж будзе працягваць курс дапрафесійнай падрыхтоўкі. Пагалоска пра тое, што можна вучыцца ў каледжы, з’яўляючыся яшчэ школьнікам, ужо разляцелася па Вілейцы і далёка за яе межамі. Навучэнцы, якія наведвалі курс у мінулым годзе, з захапленнем расказвалі сваім аднакласнікам, наколькі ім спадабалася вучыцца ў каледжы, колькі незабыўных уражанняў засталося ў памяці. І цяпер многія падлеткі не могуць дачакацца, калі ва ўстанове зноў пачнуцца заняткі. Магчыма, колькасць навучэнцаў давядзецца істотна павялічыць.

У апошнія гады супрацоўніцтва каледжа са школамі стала настолькі цесным, што навучэнцы школ прыходзяць у каледж, як да сябе дадому. Яны з задавальненнем наведваюць вучэбныя майстэрні і кабінеты, навучэнскае кафэ, бібліятэку, цырульню, цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва, рэсурсны цэнтр, станцыю тэхабслугоўвання, знаёмяцца з работай аб’яднанняў па інтарэсах, заходзяць у інтэрнат каледжа.

Праходзяць таксама сумесныя святы навучальных устаноў. Напрыклад, каледж прыняў удзел у мерапрыемстве, прысвечаным святкаванню 50-гадовага юбілею сярэдняй школы № 3 Вілейкі. У падарунак школе выхаванцы каледжа прадставілі калекцыю адзення, створаную майстрамі вытворчага навучання, выкладчыкамі і навучэнцамі каледжа. Быў таксама арганізаваны міні-салон цырульніцкага мастацтва.

Адметным для каледжа з’яўляецца тое, што на ўсе святы, конкурсы прафесійнага майстэрства, якія тут праводзяцца, абавязкова запрашаюцца школьнікі. Так, на нядаўнім кулінарным шоу “Бульба-фэст” пабывалі навучэнцы выпускных класаў школ горада і раёна.

Каб павышаць прэстыж прафесійна-тэхнічнай адукацыі і рабочых прафесій, Вілейскі дзяржаўны каледж пастаянна прымае ўдзел у фестывалі прафесій, праводзіць сумесныя мерапрыемствы з педагогамі, дзецьмі і іх бацькамі, з работнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, з ветэранамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі, з прадстаўнікамі рабочых дынастый. Станоўча паўплывала на імідж установы і супрацоўніцтва з нямецкімі калегамі ў асваенні цырульніцкага майстэрства. Спецыяльна для замежных гасцей у цырульні каледжа былі арганізаваны майстар-класы, дзе майстры вытворчага навучання разам з выхаванцамі прадэманстравалі свае прафесійныя навыкі, якія былі высока ацэнены нямецкімі калегамі.

Акрамя прафарыентацыйнай работы, каледж займаецца і дабрачыннасцю. Прыкладам міласэрнасці ўстановы стала нядаўняя акцыя “З добрым сэрцам у Новы год”, якая прайшла ў Вілейцы і запомнілася навагоднімі віншаваннямі, салодкімі падарункамі і дзіцячым смехам. У стварэнні такой радаснай атмасферы значная роля адводзіцца выхаванцам і педагогам каледжа. У рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, у якой Вілейскі каледж таксама прымаў актыўны ўдзел, для дзяцей прайшоў ранішнік, а падлеткі былі запрошаны ў кінатэатр на прагляд навагодняга фільма. У канцы сеанса ўсіх прысутных чакалі салодкія падарункі і віншаванні Дзеда Мароза і Снягуркі, у ролі якіх выступілі валанцёры з каледжа. Трэба адзначыць, што навучэнцы каледжа таксама актыўна ўдзельнічалі ў зборы прысмакаў для навагодніх падарункаў. Дзякуючы неабыякавым жыхарам Вілейкі і валанцёрам, было сабрана 140 падарункаў для дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў.

Напрыканцы хочацца паведаміць самую свежую навіну з жыцця Вілейскага дзяржаўнага каледжа, што яшчэ раз пацвярджае, наколькі там імкнуцца стварыць камфортную атмасферу для вучобы і адпачынку сваіх выхаванцаў. Амаль гэтымі днямі на алеі ўстановы адукацыі з’явілася новая лавачка “Джэнтльмен-ліхтар”. Пад жалезным парасонам гэтага цікавага аб’екта заўсёды знойдуць утульнасць і камфорт навучэнцы каледжа і проста выпадковыя прахожыя, якія трапілі пад дождж альбо снег.

Лавачку вырабілі і ўсталявалі навучэнцы, якія асвойваюць у каледжы прафесіі зваршчыка і электрыка. А дапамаглі ім у гэтым майстры вытворчага навучання Аляксандр Русак і Аляксандр Сільвановіч.

— Цяпер на памяць пра сваё навучанне ў каледжы хлопцы пакінуць гэтую сімвалічную лавачку для тых, хто яшчэ будзе вучыцца ў нашай установе і ўспамінаць іх добрым словам, — распавёў намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Сяргей Кавалёнак. — Пры вырабе гэтай арыгінальнай лавачкі навучэнцы не толькі адточвалі свае прафесійныя навыкі, але і ўвасобілі ў рэальнасць сваю творчую мару — зрабіць непаўторны арт-аб’ект. І, безумоўна, гэта ў іх атрымалася!

Раней на тэрыторыі каледжа былі ўсталяваны чатыры цікавыя лавачкі. Гэта “Музычная лавачка”, “Лавачка для закаханых”, лавачка “Страчаная трохвуголка Напалеона” і “Астралагічная лавачка”. Такі непаўторны і арыгінальны ансамбль лавачак дазваляе з задавальненнем наведваць алею каледжа. Па ёй цяпер зручна і прыемна прагульвацца не толькі работнікам і навучэнцам каледжа, але і жыхарам горада. Асабліва палюбілася алея маладым матулям. Дарэчы, некаторыя з іх зусім яшчэ нядаўна вучыліся ў каледжы, а зараз выхоўваюць сваіх малых дзетак, якія, не паспееш аглянуцца, таксама стануць вучыцца ў Вілейскім дзяржаўным каледжы. У ім жа як дома.

Ала КЛЮЙКО.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *