Педагогі сталічнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны добра ведаюць, як далучыць да выхавання навучэнцаў іх бацькоў. Сведчанне гэтага — іх сумесны праект гімназічных субот, які стаў адным з лепшых у рэспубліцы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сем важных крокаў
Праект “Сям’я — лесвіца ў будучыню краіны” перамог у намінацыі “Шосты дзень заўсёды ў модзе” на IX Рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. Яго рэалізацыя якраз у самым разгары.
Наталля Еліневіч, настаўніца пачатковых класаў, суаўтар праекта, гаворыць:
— Мы зыходзім з таго, што субота — самы спрыяльны дзень, каб бацькі змаглі пасупрацоўнічаць з гімназіяй, наведаць мерапрыемствы і заняткі бацькоўскага ўніверсітэта. Але, каб работа з сям’ёй насіла сістэмны характар, адной толькі суботы недастаткова. Таму мы зрабілі яе яркім фіналам сямейных тыдняў (у нас гэта чацвёртая субота месяца), на працягу якіх праходзіць шэраг тэматычных падзей. Нашы бацькі не проста прыходзяць на суботнія мерапрыемствы, яны цэлы тыдзень рыхтуюцца да іх разам з намі. Напрыклад, тэмай апошняга была бяспека дзяцей, таму на працягу тыдня адбыліся анлайн-кансультацыі для бацькоў па гэтай тэматыцы, для малодшых школьнікаў — квест-падарожжа “У гасцях у доктара Нехварэйкі”, турнір па правілах дарожнага руху, для сярэдніх класаў — гульня па прафілактыцы шкодных звычак, трэнінг па дзіцяча-бацькоўскіх адносінах, для старшакласнікаў — ток-шоу “Захавай сябе для жыцця” і шэраг іншых. У суботу ў школе дзеці і бацькі сустрэліся на спартыўным свяце (у малодшай школе), на сямейнай квест-гульні (у сярэдніх класах), а бацькі старшакласнікаў у межах бацькоўскага ўніверсітэта разважалі са спецыялістамі, як супрацьстаяць шкодным звычкам.
— Мы размеркавалі ўсе тэмы па прыступках (кейсах), а на іх размясцілі мерапрыемствы — асобна для кожнай узроставай групы навучэнцаў. Гэта тэматычныя прыступкі, якія вядуць ад класа да класа. Кожная прыступка абазначае пэўную тэму, у якую мы паглыбляемся разам з бацькамі, — тлумачыць Наталля Целяпун, адна з аўтараў праекта, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце.
Кожны кейс — гэта рашэнне пэўнага комплексу выхаваўчых задач у рабоце з сям’ёй. У кейсах сабраны матэрыялы, якія стануць метадычнай падмогай для класных кіраўнікоў 1—11 класаў (як нашай установы, так і іншых), дазволяць наладжваць узаемадзеянне з бацькамі навучэнцаў.
Так, аўтары запланавалі на бягучы навучальны год сем школьных сямейных субот і распрацавалі адпаведныя кейсы, змест якіх прадстаўлены мерапрыемствамі тэматычнага тыдня для розных класаў. Асаблівая ўвага ў іх адводзіцца мерапрыемствам у шосты школьны дзень.
Тэматыка тыдняў разнастайная: “Дарослы свет і я”, “Я ў свеце адкрыццяў”, “Я ў адказе за сваё жыццё і здароўе”, “Свет! Я табе ўсміхаюся”, “Я і іншыя”, “Я і рэальная справа”, “Я — грамадзянін мірнай і стваральнай краіны”. Гэтыя тыдні напоўнены мноствам цікавых падзей: конкурсамі сумесных малюнкаў, прэзентацыямі сямейных радаводаў, сямейнымі канцэртамі, гульнямі, віктарынамі. Аўтары залажылі ў праект і заняткі з элементамі трэнінгаў — асобна для бацькоў і дзяцей, каб прапрацаваць самыя вострыя тэмы: цяжкасці ў вучобе, шкодныя звычкі, гендарныя пытанні, разумнае вырашэнне канфліктаў, праблемы з законам, эмацыянальны сямейны камфорт. Тут актыўна задзейнічана псіхалагічная служба гімназіі.
Дзелімся ведамі
— Ідэя заключаецца ў тым, каб не перакладваць адно на аднаго адказнасць за выхаванне дзяцей, а выхоўваць іх сумесна. Ведаў бацькоў часам не хапае. Здараецца і так, што бацькі і хочуць, і рады былі б дапамагчы сваім дзецям, але не ведаюць як. Нам важна не ўпусціць гэты момант — уключыць іх у нашу дзейнасць. Бацькі для сваіх дзяцей гатовы зрабіць многае. Галоўнае — іх накіроўваць, — тлумачыць Наталля Еліневіч. — Так, у адну з апошніх субот мы абаранялі работы ў межах праекта “Першыя крокі ў навуку”. Мае вучні — другакласнікі. З кім яны праводзілі большую частку сваіх даследаванняў? Канечне, з бацькамі, хоць і пад маім кіраўніцтвам. Разам яны і тэмы прыдумвалі. Напрыклад, дзяўчынка, якая іграе на саксафоне, з бацькамі вывучала ўплыў ігры на гэтым інструменце на развіццё лёгкіх — гэтая работа заняла 1-е месца ў раённым конкурсе даследчых работ. Разам з мамамі і татамі дзеці назіралі за птушкамі, якія жывуць у нашым Лошыцкім парку, складалі для іх карысны рацыён, высвятлялі, чаму іх нельга карміць хлебам. Разам яны падлічвалі экалагічную і эканамічную выгаду ад язды на электрамабілях, даследавалі склад дзіцячых зубных паст. Гэта і ёсць сумесная работа.
Сямейны тэатр
Аўтары праекта ўпэўнены, што і бацькам часта патрэбна падказка, дапамога:
— Мы працуем у адукацыі, і нам здаецца, што ў выхаванні не можа быць іншых трактовак, што ісціны вядомы ўсім. На самай справе гэта не так. Мы ўсе выхоўваем сваіх дзяцей па той жа мадэлі, якой прытрымліваліся нашы бацькі. А калі яна была няправільнай? І тут важна паслухаць іншых. Вывад адназначны: трэба пашыраць зносіны з бацькамі, больш разважаць з імі на тэму выхавання, бо тое, што відавочна нам як педагогам, можа быць зусім не відавочным бацькам. Якраз на гэта і разлічаны заняткі ў бацькоўскім універсітэце, які стаў важнай часткай праекта.
Наталля Бушная, дырэктар гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Мінска, кіраўнік праекта: Калі педагогі і бацькі будуць глядзець у адным кірунку, правільна будаваць зносіны на маральнай аснове, то мы дакладна дасягнём поспеху. Бо аснова — наша адзінства
— Я пачала ствараць блог па рэалізацыі гэтага праекта, — гаворыць Наталля Целяпун. — Ён будзе змяшчаць і кейсы, у якія мы ўкладваем усе матэрыялы сямейных тыдняў (сцэнарыі, анкеты, матэрыялы гутарак у межах бацькоўскага ўніверсітэта, прэзентацыі, квест-гульні, карткі, відэаролікі), каб у далейшым педагогі маглі выкарыстоўваць гэтыя матэрыялы ці, абапіраючыся на іх, прыдумаць нешта сваё, развіць тэму (на што мы разлічваем). Працягваюцца ў нас і “Акадэмічныя анлайн-сезоны”. Гэта наша ноу-хау, за якое мы некалі атрымалі перамогу ў праекце “Платформа будучых дасягненняў”. “Акадэмічныя анлайн-сезоны” праходзяць восенню, зімой і вясной, калі педагогі ўсёй краіны падключаюцца да нас анлайн і мы прапаноўваем ім свой вопыт па розных кірунках: ад выкладання школьных дысцыплін да кіраўніцкай дзейнасці. А ў хуткім часе плануем праз “Акадэмічныя анлайн-сезоны” дзяліцца і сваім вопытам работы з бацькамі ў межах нашага праекта шостага школьнага дня.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены гімназіяй