З 2019 года дзіцячы сад № 99 Гродна рэалізуе праект “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”.
Плануючы работу з выхаванцамі ў рамках праекта, мы паставілі задачы фарміраваць у дашкольнікаў уменне рэалізоўваць у зносінах маральныя нормы — праяўляць спагаду, клопат і ўвагу да родных і блізкіх, сяброў і аднагодкаў; падахвочваць дзяцей да добрых спраў для сям’і, роднага дома, дзіцячага сада; знаёміць з родным горадам, народнымі традыцыямі і звычаямі, выхоўваць асновы маральных каштоўнасцей, пачуццё патрыятызму, культуру талерантнасці. Гэтыя задачы вырашаюцца ва ўсіх відах дзейнасці: на занятках, у нерэгламентавай дзейнасці, падчас свят і забаў.
Далучэнне да асноў праваслаўнай культуры і традыцый адбываецца праз знаёмства з рознымі святамі. На Пакроў Прасвятой Багародзіцы расказваем дзецям пра гісторыю гэтага свята, напісанне іконы Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Маральныя паняцці сумленнасці, дабрыні, чалавекалюбства, ярка прадстаўленыя ў казцы “Шалік-Пакроў”, замацоўваюцца ў рэальным жыцці і ўзаемаадносінах з блізкімі людзьмі, паступова ператвараючыся ў маральныя эталоны, якімі рэгулююцца жаданні і ўчынкі дзіцяці.
На Раство Хрыстова дзеці даведваюцца аб тым, што адбылося шмат стагоддзяў назад у горадзе Віфлееме. Дзеці чытаюць вершы, выконваюць песні пра Каляды, разам з бацькамі ствараюць вырабы на тэму “Калядны цуд”.
Арганізоўваем гутаркі “Вербная нядзеля”, “Вялікдзень”, расказваем, як раней людзі рыхтаваліся да гэтых свят, навошта мы фарбуем яйкі на Вялікдзень. Рознакаляровыя яйкі і пісанкі, конкурсы і спаборніцтвы, гутаркі аб Вербнай нядзелі і Вялікадні, гісторыя якіх сыходзіць у старажытнасць, — не толькі ў гэтым заключаецца свята ў дзіцячым садзе. Асноўная задача — данесці яго важнасць, расказаць, што такое добра, а што такое дрэнна, навучыць дзяцей адказваць за свае ўчынкі.
У рамках інавацыйнага праекта праводзяцца серыі заняткаў з прымяненнем метадычных распрацовак, якія дазваляюць выкарыстоўваць у педагагічным працэсе творчы падыход і сучасныя тэхналогіі. Знаёмячы нашых выхаванцаў з людзьмі, якія праславілі Беларусь, выкарыстоўваем мультымедыйную прэзентацыю: дзеці знаёмяцца з гісторыяй развіцця пісьменства ад гліняных таблічак да вынаходства друкавальнай машынкі.
Выхаванцы разам з Францыскам Скарынам падарожнічаюць па карце Еўропы і даведваюцца, дзе першадрукар нарадзіўся, вучыўся і працаваў. З падгрупай дашкольнікаў выкарыстоўваем лэпбук з кішэнькамі і рухомымі дэталямі, дзе змешчаны матэрыялы па гэтай тэме. Францыск Скарына ўпрыгожыў свае кнігі высокамастацкімі гравюрамі, па якіх можна вывучаць жыццё беларусаў той эпохі, побыт, адзенне, тэхніку. Усе малюнкі вельмі эстэтычныя і сведчаць аб высокім мастацкім гусце аўтара. Маляванне гравюр — гэта просты і займальны спосаб дзіцячай творчасці. Атрыманая карціна дазволіла выхаванцам ганарыцца вынікам сваёй працы.
У дзіцячым садзе створана “Кніга Памяці” з гістарычным матэрыялам і фотаздымкамі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія з’яўляюцца сваякамі нашых супрацоўнікаў і выхаванцаў. Дзеці знаёмяцца з “Кнігай Памяці” на тэматычным тыдні, прысвечаным Дню Перамогі. Да 9 Мая выхаванцы сумесна з педагогамі ствараюць у тэхніцы арыгамі белых жураўлікаў, каб ушанаваць памяць абаронцаў Радзімы.
Адна з мэт праекта — гарманічнае выкарыстанне дзвюх дзяржаўных моў у арганізацыі выхаваўча-адукацыйнага працэсу. Нашы выхаванцы і педагогі далучаюцца да багацця беларускай нацыянальнай культуры, беларускай мовы, пашыраюць свой слоўнікавы запас, паглыбляюць знаёмства з родным краем, беларускімі традыцыямі і фальклорам.
Таццяна СІЦЬКО,
выхавальніца дзіцячага сада № 99 Гродна