Як дапамагчы дзіцяці ажыццявіць яго мару, адказвае педагог-псіхолаг

- 13:06Новости, Приложение, Психолог в школе

У дзяцей павінны быць мары. Яны з’яўляюцца трэніровачнай пляцоўкай для ўяўлення і матывацыі да дзеяння, а таксама суцяшаюць у моманты суму. Замест таго, каб гасіць дзіцячыя надзеі крытычнымі заўвагамі, дайце ім памарыць і дапамажыце гэтым марам здзейсніцца. 

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Мары — гэта найвялікшая рухаючая сіла, якая стварае рэаль­насць і рухае свет наперад пры дапамозе адкрыццяў, вынаходак і наватарскіх ідэй.

Уменне марыць — вельмі важная і натуральная патрэба, якая стаіць побач з патрэбай гуляць або наладжваць адносіны з аднагодкамі. Гэтая здоль­насць неабходна для правільнага развіцця дзіцяці і выконвае шэраг важных функцый — гэта пазнавальная, вобразная і разумовая дзейнасць, якая ўключае разважанні аб прыемных, нерэальных рэчах, фантазіраванне і стварэнне нечага жаданага ў галаве або пабудову планаў на будучыню.

Многія дарослыя летуценнасць дзіцяці прымаюць за пасіўнасць (непрадукцыйнасць) і “палёт у аблоках”. Гэта памылковая прадузятасць. Уяўленне, або фантазіраванне, — гэта пазнавальны працэс, які спажывае шмат энергіі і стымулюе мозг дзіцяці.

Сны з’яўляюцца важным праяўленнем псіхічнага развіцця дзяцей. Яны адлюстроўваюць незадаволеныя патрэбы, а таксама дамінуючыя страхі. Яны могуць стаць кампенсацыяй унутраных і знешніх абмежаванняў. Дзякуючы фантазіраванню, дзеці ствараюць фрагмент рэальнасці, у якім іх страх, бездапаможнасць і бяссілле замяняюцца пачуццём свабоды дзеянняў, упэўненасці ў сабе і ўласнай сіле. Уважліва слухаючы расказы аб тым, пра што мараць нашы дзеці, мы атрымліваем унікальнае ўяўленне аб свеце іх жаданняў і страхаў.

Дзецям патрэбна ўнутраная свабода, каб спраўляцца з цяжкай рэальнасцю, і менавіта гэта ім даюць фантазіі. Асабліва ў сітуацыях, калі многія з іх асноўных патрэб што­дзень не задавальняюцца або дзеці адчуваюць цяжкасці ў міжасобасных адносінах, гэта немінуча прыводзіць да стрэ­су. Тады фантазія можа быць уцёкамі ад рэальнасці. Многія дзеці любяць прыдумваць гісторыі, ствараць альтэрнатыўны свет. Пакуль гэта не прымае форму прывычкі ўцякаць і грэбаваць тым, што адбываецца ў рэальным жыцці, гэта не павінна выклікаць трывогі. Гэтыя моманты фантазіравання з’яўляюцца выдатнай магчымасцю для дзяцей папрактыкавацца ў творчасці, а таксама паказаць і спазнаць сябе і вызначыць свае ўласныя жаданні.

Мары выспяваюць разам з дзецьмі. Яны залежаць ад узросту, тэмпераменту, ведаў і папярэдняга вопыту. Іх таксама можна згрупаваць па змесце. Яны могуць тычыцца валодання пэўнымі прадметамі, цацкамі, адзеннем, уласным пакоем ці свойскай жывёлай. Сярод фантазій дзеці згадваюць сустрэчы са сваімі кумірамі ці выдуманымі персанажамі, атрыманне новых навыкаў і нават звышздольнасцей, дзіўныя спартыўныя ці навуковыя дасягненні і поспехі і, вядома ж, прыгоды і падарожжы непасрэдна з казак. Некаторыя дзеці таксама мараць, каб іх блізкія былі здаровыя і шчаслівыя, каб у свеце не было голаду, хвароб і злачыннасці.

Пераважная большасць дзяцей у нейкі момант пачынаюць марыць аб сваёй будучай прафесіі. Гэта важны этап знаёмства з сабой, сваімі талентамі, інтарэсамі, моцнымі і слабымі бакамі. Гэта частка пачатковага працэсу пабудовы планаў на будучыню. Мары могуць быць компасам на карце магчымасцей.

У сваёй практыцы часта сутыкаюся з сітуацыямі, калі адукацыйны выбар і першапачатковыя планы на прафесійную будучыню грунтуюцца на прагматычных перадумовах, а іх творцамі з’яўляюцца не самі дзеці, а блізкія дарослыя (баць­кі, бабулі-дзядулі, настаўнікі). Добрасумленна яны стараюцца весці дзяцей-падлеткаў да стабільнай і бяспечнай будучыні (у іх разуменні). Дзеці часта чуюць: “Ты пазбавішся гэтых фантазій, калі вырасцеш”, “Ты ўбачыш, як на самай справе ўладкаваны свет і хто мае ў ім шансы на поспех”, “Знімі свае ружовыя акуляры, хопіць лу­наць у аблоках” і інш.

Дарослыя (бацькі, настаў­нікі) могуць эфектыўна падтрымліваць дзяцей, калі будуць разумець, што важная не канкрэтная мара, а ўласны вопыт дзіцяці ў фантазіраванні і самапазнанні. Калі дзеці сутыкаюцца з крытыкай блізкіх дарослых, іх энтузіязм і творчая энергія могуць згаснуць, пазбавіўшы іх кантакту з жывой, разняволенай часткай саміх сябе.

Не гасіце дзіцячую надзею крытычнымі заўвагамі! Давайце паважаць мары дзяцей — яны іх уласнасць, і вельмі верагодна, што яны будуць адрознівацца ад мар дарослых. Вельмі часта мары з’яўляюцца крыніцай натхнення і наймацнейшым матыватарам. Без летуценняў і імкненняў нам не хапае жыццёвай сілы. Як казаў вялікі дзіцячы мультыплікатар Уолт Дысней, калі вы можаце гэта ўявіць, вы можаце гэта і зрабіць.

Як дапамагчы дзіцяці ажыццявіць яго мару?

1. Паважайце і прымайце мары дзіцяці (нават самыя нерэалістычныя ці якія адрозніваюцца ад вашых).

2. Пазбягайце крытыкі і ўказанняў на тое, што мара не можа быць рэалізавана.

3. Паспрабуйце высветліць крыніцу фантазій і патрэбы, якія іх выклікалі.

4. Пагаварыце з дзіцем, дапамажыце яму ажыццявіць яго мары, прапануйце яму намаляваць або апісаць іх (для больш малодшага ўзросту).

5. Далучайце дзіця да ажыццяўлення яго мары. Дапамажыце яму спланаваць дзеянні для іх задавальнення, памятаючы, што гэтыя дзеянні павінны быць адаптаваны да здольнасцей дзіцяці і зыходзячы з яго моцных бакоў.

6. Умацоўвайце ўпэўненасць дзіцяці ў яго ўчынках, дапамагайце яму, цаніце нават маленькія дасягненні.

7. Не здзяйсняйце мары дзіцяці адразу. Тым самым вы пазбаўляеце яго радасці чакання, магчымасці спраўляцца з цяжкасцямі, з якімі яно можа сутыкнуцца на шляху.

8. Навучыце дзіця перажываць няўдачы і расчараванні. Пакажыце яму, што яны могуць быць каштоўным вопытам, што варта зрабіць высновы на будучыню.

9. Пераканайце дзіця ў тым, што яно можа рабіць памылкі і што яны ўплываюць на агульную ацэнку яго здольнасцей і магчымасць дасягнення яго мары (пры ўказанні на парушэнні трэба пад­крэсліваць дасягненні).

Наталля СТЭЛЬМАХ,
педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 161 Мінска,
кіраўнік МА педагогаў-псіхолагаў устаноў дашкольнай адукацыі
Ленінскага раёна сталіцы
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту