Як дапамагчы вучням з сіндромам выдатніка, расказвае псіхолаг Эліна Беразюк

- 15:02Новости, Психолог в школе

Псіхолага­-педагагічнае суправаджэнне высокаматываваных навучэнцаў немагчыма без супрацоўніцтва спецыяліста з настаўнікамі і бацькамі. Пра тое, як адпаведная работа пабудавана ў Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М.Машэрава і з якімі запытамі навучэнцы часцей за ўсё звяртаюцца да спецыяліста, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала педагог­-псіхолаг Эліна Беразюк.

Сіндром выдатніка і лідары

З дзецьмі педагог-псіхолаг пачынае ўзаемадзейнічаць з першых дзён вучобы. Для таго каб работа прыносіла большы плён, спецыяліст працуе разам з класнымі кіраўнікамі, выхавальнікамі, якія таксама назіраюць за навучэнцамі. Калі яны заўважаюць, што з падлеткам нешта не так, ён стаў трывожным, яго паводзіны змяніліся, то расказваюць пра гэта псіхолагу, пасля чаго пачынаецца работа непасрэдна з дзіцем.

Вызначыць, што з падлеткам нешта не так, можна па ўскосных прыметах. Эліна Беразюк гаворыць, што навучэнец перастае ўсміхацца, заўсёды ў прыгнечаным стане, плача без прычыны.

“Акрамя гэтага, ён пачынае гаварыць, што яму не падабаецца ў ліцэі і хочацца вярнуцца дадому, — прыводзіць прыклад педагог-псіхолаг. — У такім выпадку альбо класны кіраўнік падказвае, што трэба звярнуцца да псіхолага, альбо я сама запрашаю падлетка на размову. Здараецца і так, што мне тэлефануюць бацькі і просяць папрацаваць з іх дзіцем.

Калі знаходзімся з навучэнцам адзін на адзін, ён пачынае раскрывацца, давяраць і расказвае пра тое, што яго непакоіць. У асноўным, ва ўсіх, хто паступае вучыцца ў ліцэй, адна і тая ж праблема — сіндром выдатніка. У сваіх навучальных установах, адкуль прыйшлі да нас, дзеці былі лідарамі, зоркамі ў вучобе. А тут у адным класе такіх лідараў 25 чалавек. Гэта лепшыя з лепшых навучэнцаў вобласці. Зразумела, што сярод іх, як і ў звычайнай школе, таксама будуць свае выдатнікі і зоркі. Не ўсе дзеці могуць гэта прыняць, адсюль і ўзнікаюць трывож­насць, раздаражняльнасць, незадаволе­насць сабой”.

Перыяд адаптацыі, калі дзеці вымушаны жыць у інтэрнаце далёка ад дома, таксама для многіх праходзіць складана. Каб паказаць вучням, што ліцэй — гэта адна вялікая сям’я, Эліна Беразюк праводзіць трэнінгі на камандаўтварэнне, а таксама гульні на згуртаванне.

“Самы складаны перыяд — гэта першая чвэрць, — тлумачыць псіхолаг. — Асаблівай увагі патрабуюць менавіта навучэнцы 10-х класаў, якія яшчэ ўчора жылі з бацькамі, а сёння вымушаны прывыкаць адзін да аднаго, да новых настаўнікаў і выхавальнікаў. Выдатным мерапрыемствам, якое дапамагае згурта­ваць дзіцячы калектыў, з’яўляецца тыдзень здароўя. Рыхтуючыся да яго правя­дзення, дзеці знаёмяцца адно з адным, прыглядаюцца да свайго класа. Зразумела, што гэта не пазбавіць вучняў трывожнасці, але дапаможа ім стаць больш смелымі, пазнаёміцца з калектывам”.

Каб зняць трывожнасць, псіхолаг запрашае ліцэістаў на індывідуальныя заняткі. Спецыяліст праводзіць іх, каб навучыць дзяцей метадам самарэгуляцыі эмацыянальнага стану. Здараецца, што і такая работа не дапамагае: дзіця настойвае на тым, што будзе забіраць дакументы і вернецца ў сваю школу.

“У такім выпадку мы звязваемся з баць­камі, прапаноўваем ім пагаварыць з дзіцем, прыехаць на размову, — дадае Э.Беразюк. — Справа ў тым, што навучэнцы, якія паступаюць у ліцэй, у першыя дні вучобы знахо­дзяцца ў стане эйфарыі: яны прыехалі ў вялікі горад, знаходзяцца ў інтэрнаце без бацькоў. Праз тыдзень-другі, калі пачынаецца актыўны перыяд вучобы, дзеці сутыкаюцца з цяжкасцямі, якія правакуюць павышаную трывож­насць, паніку, слёзы”.

Узаемадзеянню з бацькамі навучэнцаў Эліна Беразюк удзяляе вялікую ўвагу. Педагог-псіхолаг упэўнена, што ў многім менавіта іх паводзіны і настрой уплываюць на эмацыя­нальны і псіхалагічны стан дзіцяці.

“Бацькоў запрашаю да сябе па суботах, бо толькі ў выхадныя дні ў іх ёсць магчы­масць прыехаць з іншага горада, — тлума­чыць спецыяліст. — Не сакрэт: часта навучэнцы скардзяцца на тое, што не могуць утрымаць высокую планку ў вучобе. З-за гэтага адз­накі ў іх не самыя лепшыя. Так, яны стараюцца, але не ўсё даецца ім лёгка і проста. Бацькі ж у сваю чаргу ўпэўнены, што іх дзеці проста лянуюцца вучыцца, і нават не дапуска­юць думкі, што ў іх не ўсё атрымліваецца выдатна, як было ў школе. 

Калі вучні часта гавораць пра тое, што хочуць забраць дакументы, прапаноўваю ім пачакаць да новага года. Дзве першыя вучэбныя чвэрці — найбольш паказальныя. Калі за гэты час сітуацыя не мяняецца, то навучэнец забірае дакументы. Але часта ўсё складваецца на карысць дзіцяці, яно прывыкае да калектыву, да рытму вучобы і застаецца ў нашай навучальнай установе”.

Арт-вобразы

Для таго каб індывідуальная работа з адоранымі навучэнцамі прыносіла большы плён, Эліна Беразюк прымяняе ў сваёй практыцы выключна правераныя, традыцыйныя псіхалагічныя метады. Да найбольш дзейсных спецыяліст адносіць практыкаванні на стабілізацыю псіхаэмацыянальнага стану, дыхальныя і рэлаксацыйныя тэхнікі, арт-тэрапію.

“Арт-тэрапія — ідэальны сродак узаемадзеяння не толькі з дзецьмі, але і з дарослымі, — адзначае псіхолаг. — Што тычыцца работы з педагогамі, то заўсёды падчас канікул мы збіраемся разам і працуем. У ліцэі невялікі педагагічны калектыў, а нагрузка, якая кладзецца на настаўнікаў, вельмі вялікая. Яны знаходзяцца ў пастаянным руху, рыхтуюць алімпіяднікаў, выклада­юць дысцыпліны на павышаным узроўні. Усё гэта адбіваецца на іх агульным здароўі і псіхалагічным стане. Таму мая задача як спецыяліста заключаецца ў тым, каб дапамагчы калегам знайсці баланс у рабоце, правільна расста­віць прыярытэты і стабілізаваць эмацыянальны стан”.

Простым і эфектыўным сродкам узаемадзеяння з навучэнцамі з’яўляюцца і метафарычныя асацыятыўныя карты (МАК). Яны сталі адным з любімых псіхалагічных інструментаў Э.Беразюк, якія дазваляюць у вельмі сціснутыя тэрміны атрымаць неабходны аб’ём інфармацыі для якаснай работы. Гэта зручны метад як групавой, так і індывідуальнай работы, які можна прымяняць і з дарослымі, і з дзецьмі.

Дыяпазон прымянення асацыятыўных карт вельмі шырокі. Асобасны рост, посттраўматычны сіндром, наступствы гвалту, праблема дзіцяча-бацькоўскіх адносін, спосабы вырашэння канфліктаў — далёка не поўны пералік праблем, у вырашэнні якіх МАК паказваюць сваю эфектыўнасць. Работа з картамі мае шэраг пераваг. Перш за ўсё, яны працуюць не на рацыянальным, а на вобразным узроўні.

“Дзякуючы вобразам, якія бачыць дзіця, яно апісвае свой стан у пэўны момант, падчас нейкай дакладнай сітуацыі, — гаворыць Э.Беразюк. — Такім чынам, карты даз­валяюць звярнуцца да прымітыўных, невербальных перажыванняў і дапамагаюць дзецям выгаварыцца, знайсці свой унутраны рэсурс”.

У адрозненне ад індывідуальнай работы, групавая дазваляе педагогу-псіхолагу ўцягнуць ва ўзаемадзеянне вялікую колькасць дзяцей і ўбачыць вынік. Групавыя тэхналогіі паказваюць эфектыўнасць у рабоце з дзецьмі любога ўзросту, а таксама з настаўнікамі і бацькамі.

“Групавая форма работы больш эфектыўная з навучэнцамі 11 класа, — адзначае Э.Беразюк. — Справа ў тым, што гэта дзеці, якія добра мяне ведаюць і кантактуюць адно з адным не першы год. Калі навучэнцам 10 класа яшчэ цяжка раскрывацца перад аўдыторыяй, з якой яны амаль не знаёмы, то адзінаццацікласнікі робяць гэта вельмі лёгка”.

Групавая форма работы накіравана на навучанне дзяцей эфектыўнаму супрацоўніц­тву падчас узаемадзеяння ў вучэбна-выхаваўчым працэсе і пазашкольнай дзейнасці, падчас фарміравання жыццёва неабходных навыкаў і кампетэнцый, актуалізацыі працэсаў самараскрыцця і самапазнання.

“Уздзеянне псіхолага падчас групавой работы мае апасродкаваны характар, — тлумачыць псіхолаг Брэсцкага абласнога ліцэя. — Атрымліваецца, што падчас такой работы мы праз групу ўздзейнічаем на асобу”.

Бацькоўскі клуб

Для ліцэя, як і для любой іншай установы адукацыі, актуальнай з’яўляецца праб­лема булінгу сярод падлеткаў. Але ў адрозненне ад школы тут часцей сутыкаюцца з яго наступствамі, чым з самім цкаваннем.

“Дзеці, якія падвяргаліся гвалту ў сваіх навучальных установах, заціснутыя, насцярожаныя, — апісвае ахвяр булінгу Э.Беразюк. — Яны стараюцца не падпускаць да сябе аднакласнікаў, не раскрываюцца перад іншымі, трымаюцца ў адзіночку. З цягам часу, калі разумеюць, што з імі не паўторыцца тое, што адбывался ў школе, становяцца больш смелымі. Заўсёды, калі прыходжу ў клас на чарговую дыягностыку, закранаю тэму булінгу, тлумачу, наколькі гэта небяспечная з’ява, і заклікаю прыходзіць да мяне па дапамогу, калі нехта трапіць у такую непрыемную сітуацыю”.

Не менш балючай для падлеткаў з’яўляецца тэма парушэння бацькоўска-дзіцячых адносін. Вучоба ў ліцэі далёка ад дома для такіх дзяцей з’яўляецца выратаваннем: пакінуўшы родных, яны збеглі ад праблемы. Справа ў тым, што чацей за ўсё ад падлеткаў, якія паступаюць у ліцэй, патрабуюць выдатных адзнак, яны становяцца ахвярамі гіперкантролю.

“Выявіць падлеткаў, у якіх праблемы ва ўзаемаадносінах з бацькамі, дапамагае адпаведная дыягностыка, — працягвае аповед педагог-псіхолаг. — Па выніках тэсціравання бачна, якія пытанні правакуюць непара­зуменне ці канфлікт. Першапачаткова спрабуем з дзіцем самастойна разабрацца, чаму так атрымалася, шукаем варыянты вырашэння праблемы. Мы разам акрэсліваем тыя моманты, якія трэба ўлічыць і на якія варта звярнуць увагу падчас паездкі дадому, у размове з дарослымі. Разам з навучэнцам прайграваем сітуацыі, з якімі, магчыма, давядзецца сутыкнуцца падчас дыялогу з баць­камі, прадумваем, што і як гаварыць пра свае пачуцці. Калі пасля становіцца зразумела, што гэтага недастаткова, запрашаю да сябе бацькоў”.

Для сустрэчы і работы з бацькамі ў ліцэі дзейнічае бацькоўскі клуб. Думаючы над канцэпцыяй яго арганізацыі і правядзення, Эліна Беразюк старалася ўлічыць многія моманты.

“Псіхалагічны клуб, які працуе па суботах, створаны для абмеркавання актуальных праблем, з якімі сутыкаюцца многія сем’і, дзе растуць дзеці-выдатнікі, — канстатуе педагог-­псіхолаг Брэсцкага абласнога ліцэя. — Працуючы з дарослымі, стараюся данесці, што іх дзеці ўжо дарослыя, а значыць, ма­юць права на ўласнае меркаванне, якое трэба паважаць. Падчас такіх сустрэч некаторыя баць­кі паводзяць сябе вельмі асцярожна, прыглядаюцца. Але прыемна, што наяўнасць праблемы яны не адмаўляюць, просяць сустрэцца і абмерка­ваць іх сітуацыю ў прыватнай размове. І гэта правільна, бо за дзяцей, якія да нас прыхо­дзяць вучыцца, мы разам нясём адказнасць”.

Наталля САХНО
Фота аўтара