Што за праблемы хвалююць сучасных падлеткаў? Як бацькам навучыцца штодзень падтрымліваць сваіх падросшых дзяцей? Як настаўнікам правільна рэагаваць на эмацыянальныя арэлі навучэнцаў? На пытанні карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” адказвае педагог-псіхолаг гімназіі № 1 Навагрудка Вераніка Харонжая.
Рэкамендацыі ад жыцця
— Вераніка Міхайлаўна, як дапамагае вам працаваць з сучаснымі дзецьмі тое, што вы мнагадзетная мама?
— У мяне чацвёра дзетак: старэйшая дачка вучыцца ў 8 класе, сын — у 4-м, малодшая дачушка — у 2 класе, меншы сынок яшчэ наведвае дзіцячы сад. Такім чынам, дзецьмі мяне не напалохаеш, — усміхаецца Вераніка Харонжая, — у тым ліку падлеткамі, бо мая старэйшая дачка якраз у гэтым узросце. Я вучу бацькоў сваіх навучэнцаў зносінам з падлеткамі, гавару, на што ім неабходна звяртаць увагу, які гэта складаны перыяд, калі дзіця вырастае і збіраецца ўступіць у дарослае жыццё. Мой вопыт мнагадзетнай маці дапамагае мне тым, што, маючы чацвярых уласных дзяцей, я разумею асаблівасці кожнага ўзросту. Ведаю ўсе камп’ютарныя гульні, у якія зараз гуляюць дзеці, ведаю, пра што размаўляюць у сацсетках, і разумею, чаму ў падлеткавым перыядзе дзеці выбіраюць віртуальныя, а не жывыя зносіны. Тым самым магу рэкамендаваць педагогам і бацькам, на што звярнуць большую ўвагу. Напрыклад, як навучыць дзяцей правільна рэагаваць на паведамленні ад незнаёмых дарослых людзей. Такім чынам, мае рэкамендацыі ідуць ад жыцця.
— З якімі яшчэ праблемамі звяртаюцца да педагога-псіхолага навучэнцы гімназіі?
— Скажу шчыра: спачатку яны да мяне прыглядаліся, зараз жа зразумелі, што могуць мне даверыцца. Дзеці разумеюць, што я лёгка іду на кантакт, таму прыходзяць да мяне, каб падзяліцца асабістымі праблемамі.
Часцей за ўсё звяртаюцца з праблемай самаацэнкі. У падлеткавым перыядзе мяняецца не толькі цела дзіцяці — яно становіцца больш дарослым эмацыянальна. І эмацыянальныя арэлі, эмацыянальная бура, унутраныя пратэсты, якія ўзнікаюць у падлеткаў, могуць прывесці да таго, што ў кагосьці з іх самаацэнка становіцца занадта высокай, а ў некага, наадварот, неадэкватна нізкай.
Дзеці звяртаюцца з рознымі запытамі: “Мяне не чуюць бацькі”, “Не магу знайсці сябра сярод равеснікаў” і г.д. Але калі пачынаеш разбіраць сітуацыю, то разумееш, што справа ў самаацэнцы дзіцяці. Дзіця прад’яўляе вялізныя патрабаванні ці да суразмоўніка, ці да сябе — напрыклад, да сваёй знешнасці. Яно пачынае капацца ў сабе і ад гэтага замыкаецца. Дзіця сабе не падабаецца, бо яму здаецца, што яго знешнасць псуе лішняя вага, вугры на скуры і г.д., і рэагуе на ўсё занадта эмацыянальна, не ўмеючы пакуль стрымліваць і кантраляваць эмоцыі. Падлетак лёгка пераходзіць ад радасці да тугі, ад смеху да самоты. І калі навакольныя дарослыя не ведаюць, як на гэта рэагаваць, калі яны не ведаюць, што ў падлеткавым узросце гэта норма, то дзіцяці бывае цяжка. Яно пераконвае сябе: “Са мной штосьці не так, значыць, я дрэннае”.
Любіць без умоў і прычын
— Як дарослым, педагогам у школе і бацькам дома правільна рэагаваць на падлеткавыя эмацыянальныя арэлі? Як прымаць дзіця, якое само сябе не прымае?
— Падтрымліваць. Дзіцяці ў падлеткавым узросце неабходна бацькоўская апора, калі яго ўспрымаюць і любяць такім, якое яно ёсць. З лішняй вагой і не самай здаровай скурай. Дзіцяці неабходна даць зразумець, што яго любяць у любым выпадку, без умоў, што праз той перыяд, які яно зараз перажывае, праходзілі ўсе, бацькі ў тым ліку.
Выдатна, калі бацькі дзеляцца са сваім падросшым дзіцем тым падлеткавым вопытам, які перажылі самі. Гэта дазволіць падлетку зразумець, што з цягам часу ўсё наладжваецца, што складаны ўзрост праходзіць, як праходзіць і тое, што дзіця само сябе не прымае.
Менавіта ў падлеткавым узросце, нягледзячы на тое, што ў дзіцяці шмат сяброў, у тым ліку сярод аднакласнікаў, дома яно можа адчуваць сябе бясконца адзінокім і нікому не патрэбным.
— Як так? Патлумачце, калі ласка.
— Прынята, што маленькім дзеткам бацькі часта гавораць аб сваёй любові, называюць сваім сонейкам, абдымаюць, цалуюць, і дзеці ў раннім узросце адчуваюць бацькоўскую любоў. Дзіця падрастае — сітуацыя мяняецца. Бацькі чамусьці ўпэўнены, што падлетку не трэба гаварыць пра сваю любоў да яго, маўляў, ён і так гэта ведае. Бацькі лічаць, што з 12—13 гадоў дзіця дастаткова дарослае, таму з ім не варта ісці па вуліцы за руку ці абдымаць перад сном. А дзіцяці гэта неабходна. Падлетак — такое ж дзіця, у якога ёсць не толькі абавязкі — дома і ў школе, але і простыя дзіцячыя жаданні і мары. Бацькі не задумваюцца, што 14-гадовая дачка — гэта ўсё тая ж маленькая дзяўчынка, якая марыць пра ружовую сумачку. А яна ўжо не скажа пра гэта бацькам: як тут сказаць, яе ж лічаць дарослай… У гэты момант жыцця неабходна наладжваць даверлівыя адносіны са сваім дзіцем, знаходзіць з ім агульную мову і даваць яму зразумець, што яго любяць у любым узросце. І гаварыць пра гэта — абавязкова.
Я раю бацькам: “Калі вы думаеце, што ваша дзіця будзе саромецца, калі вы яго будзеце абдымаць прылюдна, то не трэба гэтага рабіць пры навакольных. Гэта асабістыя, інтымныя моманты ў сям’і, абдымаць дзіця можна дома. Перад сном можна ўдзяліць увагу не толькі маленькім дзеткам, але і вашаму падлетку. Няма нічога складанага ў тым, каб пацалаваць яго і пажадаць добрай ночы”.
Зірнуць на сябе чужымі вачамі
— З дарослымі зразумела. А якія рэкамендацыі вы даяце падлеткам, якія звяртаюцца да вас са сваімі праблемамі?
— Спачатку мы працавалі з падлеткамі па індывідуальна-псіхалагічных, псіхолага-карэкцыйных комплексах — на падняцце самаацэнкі, зняцце напружання, паляпшэнне эмацыянальнага стану і камфорту. Праўда, з цягам часу я ўбачыла, што індывідуальнай работай не ўдаецца ахапіць тую колькасць падлеткаў, якія ў ёй маюць патрэбу. Таму зараз усё часцей праводжу трэнінгі, што дазваляе падлеткам даведацца пра сябе шмат новага, раскрыць свае індывідуальныя якасці.
Падчас нашых трэнінгаў падлеткі разумеюць свае ўнікальныя рысы і ўсведамляюць адносіны навакольных людзей да сябе. Гэта дапамагае ім зірнуць на сябе чужымі вачамі, бо на трэнінгах у гульнявой форме прапрацоўваюцца асобасныя якасці. На трэнінгах падлеткі могуць адчуць сябе звычайнымі дзецьмі. Бывае, што праз некаторы час пасля трэнінгу падлетак заходзіць да мяне і захоплена расказвае: “Вы ўяўляеце — у мяне шчоўкнула. Я зразумеў, што гэта важна, што гэта дапамагло мне знайсці сабе сяброў”.
— Як сучасныя падлеткі-гімназісты бачаць сваю будучыню, у тым ліку прафесійную?
— Параўноўваючы сучасных дзяцей з іх равеснікамі 10 гадоў назад, я бачу, што раней падлеткі звярталіся да мяне па дапамогу, бо не ведалі, кім хочуць стаць, пачынаючы з 10 класа, а зараз да мяне ідуць 8-класнікі з усвядомленым запытам аб выбары прафесіі. Рынак працы надзвычай шырокі, спецыяльнасцей процьма, і дзеці рана задумваюцца аб прафесіі.
Яшчэ я заўважыла, што сучасных дзяцей прывабліваюць анлайн-прафесіі, бо гэта дзеці новай фармацыі, якія большасць свайго часу праводзяць у сацыяльных сетках. Псіхолагу важна дасведчана растлумачыць дзецям, што анлайн-прафесіі можна асвойваць праз усё жыццё, а базавыя веды, якія даюць універсітэт і каледж пры атрыманні вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дадуць магчымасць працаваць на дзяржаўных прадпрыемствах і ў дзяржаўных установах. Маючы такую трывалую базу, можна асвойваць дадатковыя анлайн-прафесіі, каб развівацца і мець дадатковы прыбытак.
Любая прафесія прадугледжвае зносіны з людзьмі. Калі ж закрыцца дома і жыць у інтэрнэце, прычым карыстацца ім недасведчана, то і вынік атрымаеш невысокі. Дзяцей вабіць інтэрнэт, бо яны думаюць, што можна зарабляць вялізныя грошы, нічога не робячы. Я ім тлумачу на прыкладах, што кожная работа патрабуе намаганняў, у тым ліку анлайн-прафесіі. І на самай справе блогеры могуць мець вялікія цяжкасці са сваёй дзейнасцю, бо гэта таксама вялікая праца, а без добрага маўлення, ведаў у розных галінах блогер і яго блог будуць нікому не цікавыя.
Мы вывучаем інтарэсы, схільнасці, здольнасці нашых навучэнцаў, гутарым з іх бацькамі, якія, дарэчы, часта з’яўляюцца для дзяцей узорам прафесіянала сваёй справы, правадніком у свет прафесій. Дзеці бачаць, што калі бацькі любяць сваю прафесію, то для іх такая прафесія таксама вельмі прывабная.
Школа — тэрыторыя здароўя
— У гімназіі рэалізуецца праект “Школа — тэрыторыя здароўя”. Псіхалагічнае здароўе — гэта важна?
— У сучасным свеце гэта надзвычай важна, бо ў ім запатрабавана эмацыянальна ўстойлівая асоба. Усе хочуць бачыць побач з сабой здаровую, усмешлівую асобу, якая валодае сваімі эмоцыямі, — камфортнага чалавека, адным словам. Гэта важна, каб мець з ім зносіны, прад’яўляць да яго пэўныя патрабаванні, у тым ліку і прафесійныя.
Ва ўстанове адукацыі важна стварыць умовы, каб навучэнцы адчувалі сябе псіхалагічна здаровымі. Таму што калі ў дзіцяці ў норме ўзровень трывожнасці і самаацэнкі, то і педагогу прасцей весці заняткі, бо псіхалагічна здаровае дзіця нацэлена на атрыманне ведаў і дасягненне вынікаў.
Двойчы на год мы праводзім у гімназіі сацыяметрыю ў рамках праекта, дыягнастуем узровень трывожнасці, напружання, дыскамфорту навучэнцаў і па выніках дыягностык ладзім трэнінгі, дыскусіі з дзецьмі, каб зняць праблемы, якія выяўляюцца. Псіхолаг з’яўляецца своеасаблівым правадніком паміж педагогамі і дзецьмі, які дапамагае наладзіць кантакт, каб усім удзельнікам адукацыйнага працэсу было камфортна ў нашай гімназіі.
Даведка
Вераніка Харонжая нарадзілася і жыве ў Навагрудку, яна выпускніца гімназіі, у якой зараз працуе пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя. Практычная псіхалогія”. Стаж работы — 13 гадоў, праўда, з працяглым дэкрэтным водпускам — на траіх малодшых дзетак. У прафесіі спыняцца на дасягнутым не збіраецца і пакідаць родныя сцены не хоча, бо тут, у 1-й гімназіі Навагрудка, знайшла сваё месца.
Наталля КАСТЭНКА