Каб актывізаваць псіхічную дзейнасць у вучняў пачатковых класаў, настаўнік-дэфектолаг Вольга Служанікіна з сярэдняй школы № 5 Пружан звяртаецца да дыхальных практыкаванняў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— На карэкцыйных занятках, якія звычайна праводзяцца пасля ўрокаў, часта чую ад дзяцей, што яны стаміліся, — гаворыць педагог. — Збоку можа здацца, што яны гультайнічаюць, але гэта далёка не так. Падобны стан звязаны з парушэннямі функцый галаўнога мозга, якія адказваюць за рэгуляцыю тонусу, бадзёрасць і працаздольнасць. Выправіць сітуацыю дапамагаюць правільнае дыханне і рухальная актыўнасць. Дыханне не толькі аптымізуе газаабмен і кровазварот, але і павышае канцэнтрацыю ўвагі, ствараючы аснову для фарміравання базавых складнікаў адвольнай самарэгуляцыі і кантролю за ходам псіхічнай дзейнасці. У сваёй практыцы актыўна выкарыстоўваю дыхальныя практыкаванні.
Гэтыя практыкаванні дзеці выконваюць перад пачаткам заняткаў ці складаным заданнем, а таксама ў якасці дынамічнай паўзы. Пры развучванні такіх практыкаванняў малодшыя школьнікі прытрымліваюцца пэўных правіл. Так, на ўдыху жывот надзьмуваецца, а на выдыху — уцягваецца. Практыкаванні развучваюцца паступова, выконваюцца 4—8 разоў па камандзе “ўдых — выдых” з далейшым пераходам на лічэнне. З цягам часу выкананне практыкаванняў ускладняецца: далучаюцца метраном, музычнае суправаджэнне ці рух вачыма.
— Рытм дапамагае рэгуляваць маторнае планаванне, — тлумачыць Вольга Служанікіна. — Калі мозг чуе раўнамерны рытм, ён ужо ведае, калі будзе наступны ўдар, і плануе неабходны рух. Такім чынам, дзякуючы рытму дадаткова стымулюецца блок мозга, які адказвае за планаванне і самарэгуляцыю. На самым апошнім этапе развучвання практыкаванняў іх паслядоўнасць выконваецца ўжо без напаміну дарослага.
Складаная паслядоўнасць рухаў (узгадненне дыхання з рухамі рук, ног і вачэй) патрабуе ад вучняў уважлівасці пры пераключэнні з аднаго руху на іншы.
— З дапамогай такіх практыкаванняў дзеці не толькі адпрацоўваюць гэтую паслядоўнасць, але і вучацца кантраляваць адвольнасць яе выканання. Дыхальныя практыкаванні станоўча ўплываюць на агульнае аздараўленне, паляпшаюць самаадчуванне школьнікаў і іх працаздольнасць, а ў выніку павышаюць прадукцыйнасць дзейнасці на карэкцыйных занятках, — падагульняе Вольга Служанікіна.
Дыхальныя практыкаванні
- Зыходнае становішча — стоячы з прамой спінай. Ногі на шырыні плячэй, рукі апушчаны ўздоўж тулава. Галава прама, вочы глядзяць уперад. Падчас каманды “ўдых” вучні дакранаюцца левай далонню рукі да носа, удыхаюць паветра, нібыта нюхаюць кветку, надзьмуваюць жывот — у момант затрымкі дыхання трымаюць яго надзьмутым. Паварочваюць галаву і левую руку, сагнутую ў локці, улева і па камандзе “выдых” дзьмуць на левую далонь — жывот здзьмуваецца. Тыя ж дзеянні выконваюцца і правай рукой. Падчас удыху дзеці папераменна дакранаюцца далонямі да носа то левай, то правай рукой. Для ўскладнення практыкавання далучаюцца музычнае суправаджэнне і метраном з рознай частатой удару. Чым даўжэй час паміж ударамі на ім, тым складаней выконваць практыкаванне.
- Зыходнае становішча — стоячы з прамой спінай. Ногі на шырыні плячэй, рукі апушчаны ўздоўж тулава. Галава прама, вочы глядзяць уперад. Падчас каманды “ўдых — удых” вучні дакранаюцца левай далонню рукі да носа 2 разы, удыхаюць паветра, нібыта нюхаюць кветку, паступова надзьмуваюць жывот і ў час затрымкі дыхання трымаюць яго надзьмутым. Паварочваюць галаву і левую руку, сагнутую ў локці, улева і па камандзе “выдых — выдых” дзьмуць на левую далонь 2 разы — жывот паступова здзьмуваецца. Тыя ж дзеянні выконваюцца і правай рукой.
- Зыходнае становішча — стоячы з прамой спінай. Ногі на шырыні плячэй, рукі апушчаны ўздоўж тулава. Галава прама, вочы глядзяць уперад. Падчас каманды “ўдых — удых” дзеці дакранаюцца левай далонню рукі да носа 2 разы, удыхаюць паветра, нібыта нюхаюць кветку, паступова надзьмуваюць жывот, у час затрымкі дыхання трымаюць яго надзьмутым і пляскаюць 2 разы ў далоні. Па камандзе “выдых” вучні выдыхаюць паветра порцыямі 4 разы, жывот паступова здзьмуваецца. Выдыхаючы, дзеці прысядаюць “спружынкай”, рукі згінаюць у локцях, паднімаючы ўверх, а апускаючы — выпрамляюць. Рухі нагадваюць напампоўванне паветрам кола. Пры гэтым калі рукі, сагнутыя ў локцях, паднімаюцца ўверх, то пальцы сціскаюцца ў кулак, а калі рукі выпрамляюцца і апускаюцца ўніз — кулакі расціскаюцца і пальцы выпрамляюцца. Практыкаванне ўскладняецца музычным суправаджэннем.
- Вучні сядзяць, ногі сагнуты ў каленях пад прамым вуглом, злёгку рассунуты. Рукі ляжаць на каленях, а пальцы рук прыціснуты адзін да аднаго. Вочы глядзяць уперад. Дзеці робяць удых і паднімаюць правую руку, сагнутую ў локці, уверх. На выдыху правая рука апускаецца на правае калена. Аналагічна выконваюцца рухі з левай рукой і з нагамі па чарзе. На ўдыху паднімаецца спачатку правая нага ўверх, сагнутая ў калене, а на выдыху — апускаецца. Затым тое ж і з левай нагой.
Дзецям можна задаваць любую паслядоўнасць рухаў рук і ног: падняць і апусціць па чарзе аднайменныя руку і нагу (каманда “ўдых — выдых” — правая (левая) рука, каманда “ўдых — выдых” — правая (левая) нага); падняць і апусціць рознайменныя руку і нагу (каманда “ўдых — выдых” — правая рука, каманда “ўдых — выдых” — левая нага, і наадварот); дабавіць сінхроннасць рухаў, вачэй і дыхання (на ўдыху заплюшчыць вочы, руку або нагу падняць уверх, а на выдыху расплюшчыць вочы, руку або нагу апусціць). Для ўскладнення практыкаванні можна выконваць пад метраном з умераным (павольным) тэмпам гукавога сігналу.
- Зыходнае становішча — седзячы. Спіна прамая. Ногі сагнуты ў каленях пад прамым вуглом, злёгку рассунуты. Рукі ляжаць на каленях, пальцы рук прыціснуты адзін да аднаго. Вочы расплюшчаны, глядзяць уперад. Падчас удыху дзеці паднімаюць абедзве рукі паралельна падлозе. На выдыху рукі апускаюцца на калені. Аналагічна выконваюцца рухі і з нагамі. На ўдыху ногі паднімаюцца паралельна падлозе, а на выдыху апускаюцца. Важна сачыць за тым, каб рукі і ногі апускаліся плаўна, бясшумна. Для ўскладнення можна дабавіць сінхроннасць рухаў, вачэй і дыхання: на ўдыху вочы заплюшчваюцца, рукі (ногі) паднімаюцца паралельна падлозе, а на выдыху вочы расплюшчваюцца, рукі (ногі) апускаюцца.
- Зыходнае становішча — седзячы. Спіна прамая. Ногі сагнуты ў каленях пад прамым вуглом, злёгку рассунуты. Рукі ляжаць на каленях, пальцы рук прыціснуты адзін да аднаго. Вочы расплюшчаны, глядзяць уперад. Падчас удыху вучні паднімаюць рознайменныя руку і нагу (правая рука або левая нага) паралельна падлозе. На выдыху рознайменныя рука і нага апускаюцца ў зыходнае становішча. Аналагічна і з іншай рознайменнай парай рукі і нагі.
- Зыходнае становішча — седзячы. Спіна прамая. Ногі сагнуты ў каленях пад прамым вуглом, злёгку рассунуты. Рукі ляжаць на каленях, пальцы рукі прыціснуты адзін да аднаго. Вочы расплюшчаны, глядзяць уперад. Дзеці робяць удых і паднімаюць правую руку паралельна падлозе. На выдыху правая рука апускаецца на правае калена. Аналагічна з левай рукой і нагой па чарзе. На ўдыху спачатку паднімаецца правая нага паралельна падлозе, а на выдыху апускаецца правая нага, і наадварот. Можна задаваць розную паслядоўнасць і чарговасць рухаў рук і ног. Для ўскладнення дабаўляюцца метраном і рухі вачыма.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ