Экскурсіі, якія ладзяцца ў нашай школе ў шосты дзень, становяцца прыступкай у патрыятычным выхаванні маладога пакалення. Нядаўняя суботняя вандроўка, арганізаваная для членаў аб’яднання па інтарэсах “Юныя краязнаўцы”, азнаёміла навучэнцаў з гісторыяй вёскі Сапяжынкі Быхаўскага раёна.
Цікавай з’яўляецца легенда ўзнікнення гэтага населенага пункта. Даўным-даўно вёску для сваёй жонкі пабудаваў Сапега. Дом загадаў размясціць на самым высокім месцы. Таму і назва вёскі пайшла ад словазлучэння “сапегава жынка” або “сапегі жынка”. Паводле легенды, у XVIII стагоддзі Сапега падарыў гэтую зямлю сваёй жонцы на дзень нараджэння.
Сярод мясцовых жыхароў вядома таксама легенда, што яўрэі адлілі залатое кола і пахавалі яго ў зямлю. Гэтае кола нібыта і абараняе вёску ад навальніцы і пажараў. Пра гэта можна прачытаць з успамінаў Віктара Трафімавіча Сямёнава, які нарадзіўся ў 1934 годзе. Ён успамінаў, што яўрэі маліліся Богу, каб маланка не ўдарыла ў дрэва ці дом. І колькі людзі жылі, пажараў ніколі не было. Нават падчас вайны, калі снарад трапіў у яўрэйскі дом, прабіўшыся праз дах і столь, — ні выбуху, ні агню. Узнікла і іншая версія легенды. Быццам для таго, каб не было пажараў, людзі з залатой іконай, малітвай тры разы абышлі вёску. Ікону закапалі, ніхто і па сённяшні дзень не ведае гэтага месца.
У гісторыі нашага краю ёсць месца і гераічным подзвігам Айчыннай вайны 1812 года. У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 2-я Руская армія генерала П.І.Баграціёна пад націскам напалеонаўскіх войскаў рухалася ад Бабруйска да Магілёва, каб перабрацца цераз Днепр і ў раёне Смаленска злучыцца з 1-й Рускай арміяй пад камандаваннем Барклая дэ Толі. 7-ы корпус генерал-лейтэнанта Раеўскага стрымліваў французаў на поўначы ад Быхава, чым даў магчымасць 2-й Рускай арміі пераправіцца цераз Днепр каля Новага Быхава. Падчас бітвы штаб 2-й Рускай арміі пад камандаваннем Баграціёна размяшчаўся ў вёсцы Сапяжынка. У 1962 годзе ў гонар гэтых падзей у цэнтры вёскі была ўстаноўлена памятная стэла.
Гады Вялікай Айчыннай вайны пакінулі свой крывавы след на Быхаўшчыне, у тым ліку і ў Сапяжынцы. Гэтыя падзеі звязаны з расстрэлам яўрэяў. У 2008 годзе на месцы дома, дзе ўтрымліваліся яўрэі перад адпраўкай у Быхаўскае гета, быў усталяваны помнік. Захаваўся і будынак яўрэйскай школы. Знаходзіцца ён на ўзвышшы, акружаным дрэвамі. На іх кожны год буслы будуюць свае гнёзды. Яшчэ гадоў дзесяць назад дрэў было шмат. І шмат было буслянак.
Сапяжынка раскінулася на маляўнічым беразе Дняпра, які зараз заліты вадой. Утварылася сапраўднае вясенняе беларускае мора. Паўз Дняпро, на былой берагавой дняпроўскай лініі, можна знайсці акопы, нямецкія доты часоў Вялікай Айчыннай вайны. 324-я Чырванасцяжная стралковая дывізія вызваліла вёскі Сапяжынка, Мокрае 28 чэрвеня 1944 года. За паспяховае фарсіраванне Дняпра ў Быхаўскім раёне дывізія была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага сцяга, а таксама ёй прысвоена імя Верхнедняпроўскай. Аб усім гэтым у час экскурсіі даведаліся вучні.
Вёска Сапяжынка не раз выклікала цікавасць гісторыкаў, даследчыкаў. Магчыма, што і сярод нашых вучняў знойдуцца тыя, хто зробіць новыя сенсацыі ў гісторыі Прыдняпроўскага краю!
Сяргей КУЛАЕЎ,
настаўнік гісторыі;
Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Макранскай сярэдняй школы Быхаўскага раёна