Як фізіка і матэматыка сталі своеасаблівым брэндам школы № 12 Наваполацка

- 12:15Знак качества, Образование

У сярэдняй школе № 12 Наваполацка склаўся моцны калектыў настаўнікаў фізікі і матэматыкі, што зрабіла гэтыя прадметы своеасаблівым брэндам установы адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Другі год у нас працуюць ін­жы­нерныя класы, дзе на павышаным узроўні дзеці вывучаюць фізіку і матэматыку. У гэтым навучальным годзе адбудзецца першы выпуск такога класа, — адзначыла дырэктар установы Ганна Рабцава. — Таксама заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з Полацкім дзяржаўным універсітэтам імя Еўфрасінні Полацкай.

Настаўніца матэматыкі Ірына Есялёнак заўважае, што, каб сапраўды добра ведаць прадмет, яго трэба палюбіць. Чаму яна і вучыць школьнікаў на сваім прыкладзе. Яна падрыхтавала мноства пераможцаў алімпіяд, сярод выпускнікоў педагога нямала 100-бальнікаў на ЦТ і ЦЭ.

— Перш за ўсё гэта заслуга саміх вучняў, у якіх ёсць жаданне дасягнуць высокіх вынікаў — інакш нічога б не атрымалася, — упэўнена Ірына Аляксандраўна. — Сёлета 100 ба­лаў на ЦЭ па матэматыцы набралі два мае вучні — Максім Ладзіс і Вікторыя Дашкевіч, а яшчэ 11 — больш за 90 балаў. З гэтымі дзецьмі я працавала з 5 класа, ведаю кожнага — іх моцныя і слабыя бакі, інтарэсы. У 10-ы профільны фізіка-матэматычны клас ідуць матываваныя падлеткі. Мне пашанцавала працаваць з вельмі ініцыятыўнымі, адкрытымі ўсяму новаму вучнямі: яны заўсёды з радасцю адгукаюцца на мае прапановы паўдзельнічаць у конкурсах ці алімпіядах.

Ірына Есялёнак працягвае педагагічную дынастыю. Яна настаўнік у трэцім пакаленні. У яе сям’і былі і фізікі, і матэматыкі.

Адзін з прафесійных сак­рэтаў настаўніцы — увесь час заставацца з дзецьмі на сувязі. У школьным чаце яна абменьваецца з імі цікавымі заданнямі, часам вучні просяць дапамагчы і з нейкай задачай, якую самі знайшлі.

— Як атрымаць 100 балаў на тэсціраванні? На маю думку, на сто працэнтаў усё залежыць ад таго, колькі сіл і часу сам вучань гатовы аддаць на падрыхтоўку, наколькі ён уважлівы, уседлівы, — разважае  Ірына Аляксандраўна. — Пры выкананні заданняў важна некалькі разоў пераправерыць сябе. Лічу, матываваць дзяцей на высокі вынік трэба з пачатковых класаў. Прычым вучыць іх займацца самастойна, каб развіваць лагічнае мысленне. Адзначу і вялікую ролю бацькоў у падрыхтоўцы вучняў. Складнікаў шмат.

З профільнага фізіка-матэматычнага класа сярэдняй школы № 12 Наваполацка ў мінулым навучальным годзе выйшлі 19 медалістаў: 18 залатых і 1 сярэбраны. А дзевяцікласнік Дзяніс Вістуноў стаў абсалютным пераможцам Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы (настаўнік Вольга Беразнёва). Зараз 11 з 29 дзесяцікласнікаў прэтэндуюць на званне медалістаў.

Лізавета Міцкевіч
Фота аўтара