Як гэта — адчуваць сябе часцінкай вялікай педагагічнай дынастыі? Сваімі развагамі падзяліліся Вольга і Дзмітрый Сомавы

- 9:00Главная, Образование

Як гэта — адчуваць сябе часцінкай вялікай педагагічнай дынастыі? Сваімі развагамі падзяліліся Вольга і Дзмітрый Сомавы з аграгарадка Мікіціха Шумілінскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Няпісаны кодэкс

Вольга Сомава выкладае нямецкую мову ў Мікіціхінскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза М.А.Лас­кунова Шумілінскага раёна, тут жа ў 8 класе вучыцца яе сын Дзмітрый. Настаўніцкай прафесіі Вольга Уладзіміраўна аддала амаль 30 гадоў. А педагагічны стаж дынастыі, прадстаўніцай якой яна з’яўляецца, налічвае больш за два стагоддзі. Дзмітрый сур’ёзна захапляецца даследчай дзейнасцю, актыўна ўдзельнічае ў конкурсах і канферэнцыях, мае значныя перамогі. Асаб­ліва захапляе юнака вывучэнне сямейнай гісторыі. Як сам прызнаецца, з паняццем дынастыі ён упершыню азнаёміўся на ўроку гісторыі, калі клас разглядаў паслядоўнасць манархаў аднаго з родаў, якія змянялі адзін аднаго на троне.

— Але ж кіраўнік дзяржавы таксама працоўная дзейнасць, — з гумарам каменціруе даследчык. — У такім выпадку, мне здаецца, манархі мінулага — гэта зноў жа прадстаўнікі працоўных дынастый. Мяне зацікавіла тэма, захацелася ў яе паглыбіцца. Высветліў, што прафесійныя дынастыі — даволі распаўсюджаная з’ява ў сучасным грамадстве. Зразумела, я з дзяцінства ведаў пра тое, што многія мае родныя прысвяцілі сябе рабоце ў адукацыі. Аднак насамрэч усвядоміў сябе часцінкай педагагічнай дынас­тыі, калі выконваў дамашняе заданне па складанні сямейнага радаводу. На працягу трох пакаленняў мае родныя займаліся і займаюцца менавіта настаўніцкай працай. З пакалення ў пакаленне перадаюцца сямейныя гісторыі і прафесійныя знаходкі, вопыт і ўменні, пэўныя якасці, рысы, правілы — свайго роду наш няпісаны настаўніцкі кодэкс.

Прафесія настаўніка адна з самых цяжкіх, бо патрабуе поўнай аддачы душэўных і фізічных сіл, якіх амаль не застаецца на ўласную сям’ю і прыватнае жыццё. Відаць, таму бывае, што настаўніцкія дзеці ў нейкі момант вырашаюць усё ж выбраць іншую прафесію, прычым нярэдка бацькі іх падтрымліва­юць. Але здараецца і наадварот. Калі блізкія табе людзі шчыра прысвячаюць жыццё настаўніцтву, ты падсвядома ўбіраеш у сябе яго сутнасць і аднойчы сам прыходзіш у гэтую прафесію. Чаму такі супрацьлеглы вынік?

— Многія фактары ўплываюць, — далучаецца да размовы Вольга Сомава. — Часам нязначная на першы погляд драбніца, нават сказанае слова становіцца вырашальным. Плюс асабістыя схільнасці або нечы яркі прыклад. Зрэшты, падлеткавую катэгарычнасць — адвечную праблему бацькоў і дзяцей — з рахунку скідваць не варта. Хаця лёс — мудры і вялікі жартаўнік. Мне даводзілася сустракацца з сітуацыямі, калі дзіця з настаўніцкай сям’і пасля школы рашуча ідзе ў іншую прафесійную сферу, а праз колькі гадоў я даведвалася, што ён ці яна з захап­леннем вядзе ўрокі і не жадае для сябе іншага. Калі сын працаваў над даследчай работай пра нашу дынастыю, я папрасіла яго скласці характарыстыку настаўніка па прызванні. Атрыманае ўразіла да глыбіні душы. Напэўна, лепш працытую: “Настаўнік — вопытны дарадчык, строгі, але справядлівы, які заўсёды падтрымае. Гэта старэйшы сябар, цярплівы, які любіць малодшых. Гэта чалавек, на долю якога выпадае велізарная адказнасць — падаць самы складаны вучэбны матэрыял так, каб ён быў цікавы, лёгка ўспрымаўся і запамінаўся. І ён павінен быць прыкладам для вучняў. Настаўнік усё жыццё вучыцца сам. Ён розны: доб­ры і патрабавальны, натхнёны, радасны і крыху стомлены. Але ніколі не фальшывы. Ён сапраўдны”. Тут сын сабраў у адно цэлае свае школьныя назіранні і, галоўнае, нашы сямейныя каштоўнасці. Такая ацэнка дарагога варта.

Настаўніцкімі сцежкамі

Ля вытокаў педагагічнай дынастыі Сомавых стаіць прабабуля Дзмітрыя, Аляксандра Зімяніна. Яна з даваеннага пакалення, родам з Сіроцінскага (цяпер Шумілінскага) раёна. Сюды, перажыўшы жахлівае ліхалецце, вярнулася працаваць у 1946 годзе пасля заканчэння педвучылішча ў Віцебску.

— Класы тады размяшчаліся ў вясковых хатах, дзе жылі і гаспадары. Не хапала падручнікаў, прылад, шмат што даводзілася рабіць сваімі рукамі, — дзеліцца васьмікласнік самымі моцнымі ўражаннямі. — Класныя пакоі асвятляліся капцілкамі з гільзаў ад снарадаў. Прабабуля вучыла дзяцей адразу ў двух класах. Імкнулася так спланаваць работу на ўроку, каб быў заняты кожны вучань. У 1949 годзе школе выдзелілі два асобныя дамы, але ўсё роўна месца не хапала. Прабабуля ўспамінала, што сапраўдным шчасцем стала будаўніцтва ў 1973 годзе сучаснага двухпавярховага будынка школы. Аляксанд­ра Кірылаўна працавала з дзецьмі 34 гады. З вялікай колькасцю вучняў яна падтрымлівала добрыя сяброўскія адносіны на працягу многіх гадоў. І да нашага часу многія выпускнікі ўспаміна­юць яе добрым словам.

 Дочкі Аляксандры Зімянінай пайшлі па матчынай настаўніцкай сцежцы.

Па ўспамінах старэйшай, Лідзіі, у дзяцінстве для яе знакам высокага даверу маці, практычна ўзнагародай за стараннасць і адказнасць у вучобе была просьба дапамагчы праверыць сшыткі, пад­рыхтаваць матэрыялы да ўрокаў. Лідзія Мікалаеўна скончыла філалагічны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута і вярнулася ў родную Сіроцінскую сярэднюю школу, дзе стала выкладаць беларускую мову і літаратуру. Потым у прафесійнае партфоліа дабавіўся яшчэ адзін прадмет — нямецкая мова. Для гэтага давялося прайсці двухгадовыя курсы пры Віцебскім педагагічным інстытуце. Педагог вышэйшай катэгорыі, яна за 37 гадоў работы ў школе выхавала не адно пакаленне ўдзячных вучняў. Дарэчы, яе муж, Уладзімір Жураўлёў, таксама выпускнік Магілёўскага педінстытута, настаўнік геаграфіі. У 1973 годзе ён прыехаў на радзіму жонкі, працаваў па спецыяльнасці ў той жа Сіроцінскай сярэдняй школе. Акрамя таго, як афіцэр запасу быў кіраўніком пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. У 1988 годзе яго прызначылі дырэктарам школы. Уладзімір Аляксандравіч 10 гадоў узначальваў калектыў, заўсёды карыстаўся аўтарытэтам і павагай сярод калег і вучняў.

Малодшая дачка Аляксандры Зімянінай Тамара на пытанне аб прафесійным выбары адказвае жартам: “А які ў мяне быў выбар?!” Магілёўскі педагагічны інстытут, філалагічны факультэт — услед за старэйшай сястрой. Пасля па размеркаванні Тамара Мікалаеўна трапіла ў Хоцімск і выкладала ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы. Было складана, бо сярэдняя адукацыя ў вучылішчы ўводзілася першы год, вопыт адсутнічаў. Да таго ж сярод навучэнцаў было нямала расіян пагранічных вёсак Бранскай і Смаленскай абласцей — з імі беларускую мову і літаратуру вучылі з нуля. Аднак педагог ніколі не здавалася, і дзеці захапляліся яе прадметам. Праз некалькі гадоў Тамара Мікалаеўна пераехала ў Полацкі раён, выйшла замуж і працягнула настаўнічаць, толькі цяпер у школе. Мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, яе педагагічны стаж складае 34 гады.

У нашы дні справу Аляксандры Кірылаўны працягваюць унукі — Вольга Жураўлёва (Сомава) і яе стрыечныя брат Яўген і сястра Таццяна, дзеці Тамары Мікалаеўны. Характэрна, што Вольга Ула­дзіміраўна ў многім паўтарыла прафесійную траекторыю маці. Хіба што ВНУ выбрала ў сваім рэгіёне, скончыла Віцебскі педагагічны інстытут імя С.М.Кірава (зараз — ВДУ імя П.М.Машэрава). Факультэт, прадказальна, беларускай мовы і літаратуры. Усё жыццё Вольга Уладзіміраўна працуе на роднай Шуміліншчыне. Між іншым яшчэ ў студэнцкія гады захапілася… нямецкай мовай. Ужо ў настаўніцкі перыяд жыцця прайшла па гэтым прадмеце курсы перападрыхтоўкі пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, была на стажыроўцы ў Германіі. Педагог ніколі не пашкадавала аб выбраным прафесійным шляху.

Выпускнік Гаранскай сярэдняй школы Яўген Маліноўскі скончыў Полацкі педагагічны каледж па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя, замежная мова”, а ў 2009 годзе — ВДУ імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Гісторыя”. У роднай школе працуе 22 гады, кіруе музеем установы адукацыі, разам з вучнямі актыўна займаецца краязнаўствам і пошукавай работай. Таццяна Зуева таксама настаўнік гісторыі. Пасля заканчэння ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай вяла ўрокі ў сельскіх школах і прафліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці, а затым прыняла запрашэнне ў калектыў Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны. У прафесіі Таццяна Анатольеўна 12 гадоў.

— Несумненна, працоўная дынастыя садзейнічае самавызначэнню асобы, выбару прафесіі і ладу жыцця, — лічыць Вольга Сомава. — Мае родныя, нягледзячы на цяжкасці, заўсёды заставаліся вернымі сваёй справе. У нас педагагічная лінія ўжо традыцыя роду, магчыма, замацаваная ў генетычным кодзе.

— Невядома, ці атрымаецца ў мяне стаць настаўнікам, таму што яшчэ некалькі школьных гадоў наперадзе, і адназначная мая заява была б занадта самаўпэўненай, — разважае яе сын. — Але мне вельмі хацелася б, каб я ці нехта з нашай вялікай сям’і працягнуў выдатную традыцыю — вучыць дзяцей. Сярод настаўнікаў майго роду няма такіх, хто не любіў бы сваю прафесію. Схіляюся перад людзьмі, якія выбралі гэтую нялёгкую працу. Я імі ганаруся!

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара