Па выніках мінулага навучальнага года Ждановіцкая спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат стала пераможцай абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” ў намінацыі “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”. Сёлета школе споўнілася 75 гадоў. 33 з іх звязаны з імем яе дырэктара Іны Волчак. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Слухаць, чуць, думаць
— Іна Вітольдаўна, раскажыце, калі ласка, якім быў ваш шлях у педагогіку. Чаму выбралі менавіта спецыяльную адукацыю?
— Я вучылася ў Цеснаўской сярэдняй школе Стаўбцоўскага раёна. Пра тое, што стану педагогам, ведала даўно. Незадоўга да заканчэння школы ў бібліятэцы прачытала газетны матэрыял Генадзя Турыка, дэкана дэфекталагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (сёння БДПУ) аб праблемах спецыяльнай педагогікі.
Тое, што прачытала, мяне вельмі кранула. Я зразумела, што хачу дапамагаць асаблівым дзецям. Па дамоўленасці з адміністрацыяй з’ездзіла ў 13-ю спецыяльную школу Мінска для дзяцей, якія слаба чуюць, прайшлася па калідорах, зазірнула ў класы. Я ўбачыла, як дзеці з парушэннем слыху паводзяць сябе на перапынках, як падтрымліваюць зносіны адно з адным. Пасля гэтага канчаткова вырашыла, што хачу працаваць менавіта з асаблівымі дзецьмі.
Дэфекталагічны факультэт УВА скончыла з адзнакай і ў 1990 годзе па размеркаванні прыйшла ў Ждановіцкую спецыяльную школу-інтэрнат, дзе да гэтага праходзіла практыку. На сваім першым і адзіным месцы работы пачынала выхавальніцай. Праз нейкі час дырэктар Галіна Падабед адзначыла ўзровень маіх ведаў, арганізатарскія здольнасці і прапанавала перайсці на пасаду настаўніка-дэфектолага карэкцыйнай работы. Я праводзіла заняткі па развіцці маўлення і слыхавога ўспрымання. Пасля працавала настаўнікам-дэфектолагам кабінета слыхавой работы. У 1996 годзе мне прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, а 1 лістапада 2012 года прызначылі дырэктарам Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху ў Ждановічах.
Да гэтага часу ўстановай кіраваў Віктар Іосіфавіч Гардынец. Гэта быў таленавіты кіраўнік і чулы педагог. Біёлаг па адукацыі, ён самастойна вывучаў дэфекталогію, мову жэстаў, рыхтаваўся да ўрокаў, улічваючы ўсе асаблівасці нашых навучэнцаў. Яго ўклад у развіццё ўстановы вялікі, а асабістыя і прафесійныя якасці як кіраўніка і сёння натхняюць. У памяць пра Віктара Іосіфавіча Гардынца на тэрыторыі школы-інтэрната мы пасадзілі дрэва, устанавілі мемарыяльны камень. Нашы выхаванцы ведаюць, што гісторыю школы, краіны перш за ўсё ствараюць, пішуць людзі.
— Як за 33 гады, пакуль працуеце ва ўстанове, змянілася сістэма і методыка работы з дзецьмі?
— За час, пакуль працуе школа, змянілася многае. Наша ўстанова дасягнула высокіх вынікаў, якія ў тым ліку з’яўляюцца ацэнкай яе дзейнасці. У 1948 годзе, калі толькі з’явілася, школа размяшчалася ў двух драўляных доміках на беразе Мінскага мора. З 1978 года школа-інтэрнат размяшчаецца ў 8 будынках.
Што тычыцца адукацыйнага працэсу, то ён кардынальна адрозніваецца ад першапачатковага і нават ад таго, якім быў 10 гадоў назад. Сёння ўсе нашы дзеці забяспечаны якаснымі індывідуальнымі слыхавымі апаратамі, што дае ім магчымасць арыентавацца ў свеце гукаў і развіваць маўленне. Калі я маладым спецыялістам прыйшла ў школу, у навучанні дзяцей прымяняўся чысты вусны метад, гэта значыць, іх вучылі толькі вуснаму маўленню, жэсты не прымяняліся. Цяпер на заканадаўчым узроўні замацавана, што ў навучанні дзетак з парушэннямі слыху выкарыстоўваецца як вуснае, так і жэставае маўленне. Гэта вельмі важна, бо ўсе навучэнцы розныя, а значыць, кожнаму трэба падабраць той метад, які падыдзе менавіта яму. Навучыць слухаць, чуць, думаць, развіць камунікатыўныя навыкі — гэта першасныя задачы, якія стаяць не толькі перад педагогамі нашай установы, але і перад настаўнікамі звычайных агульнаадукацыйных школ. Але калі ў дзяцей, якія чуюць, ёсць прыклад для навучання і яны самастойна могуць нешта пераняць, то ўсяму гэтаму сваіх выхаванцаў вучым мы.
Для навучэнцаў, якія маюць патрэбу, у нас створана безбар’ернае асяроддзе. Магчымасць актыўнага прымянення сучасных тэхналогій забяспечваюць ноўтбукі, якія ёсць у кожным кабінеце, камп’ютары, мультымедыйныя праектары, інтэрактыўныя дошкі, мультыборды і інш.
Што тычыцца вучэбных планаў, то ў іх карэкцыйным кампаненце з’явіліся такія прадметы, як “Сучасныя сродкі камунікацыі”, “Сацыяльная арыенціроўка”, “Сацыяльна-бытавая арыенціроўка”. Гэта дапамагае навучэнцам паспяхова сацыялізавацца ў грамадстве. Калі нашы дзеці заканчваюць школу, яны атрымліваюць такі ж атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, як і выпускнікі звычайных школ.
Раней школа была больш закрытай установай. Сёння да нас прыязджаюць валанцёры, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, якія аказваюць дапамогу навучэнцам. Нашы дзеці пачалі ездзіць на экскурсіі, у музеі. Шмат увагі ўдзяляем спорту, ездзім на спаборніцтвы. Дарэчы, спорт выпрацоўвае імкненне да перамог.
— Вы прайшлі шлях ад выхавальніцы да дырэктара школы. Да каго звярталіся па параду, калі яна была патрэбна? Хто быў вашым настаўнікам і дарадчыкам?
— У мяне было многа таленавітых настаўнікаў, у кожнага з якіх я нечаму вучылася. Надзея Емяльянаўна Пракаповіч адкрыла ў школе студыю выяўленчага мастацтва і прывіла дзецям любоў да малявання. Нам, маладым спецыялістам, яна пастаянна нагадвала, што нашы дзеці асаблівыя, але здольныя і мы павінны дапамагчы ім раскрыць сябе. Сёння ў студыі “Фарбы” працуе іншы педагог — Ірына Юр’еўна Бахар, але разам з ёй мы працягваем традыцыі, закладзеныя калісьці Надзеяй Емяльянаўнай. Справа ў тым, што дзеткі з парушэннем слыху, дзякуючы кампенсаторным функцыям арганізма, вельмі добра бачаць і цудоўна перадаюць колеры. Таму карціны нашых выхаванцаў цікавыя, жывыя.
Пра тое, што мы павінны вучыць дзяцей, а яны ў сваю чаргу маюць права і павінны памыляцца, мне часта нагадвала Людміла Мікалаеўна Грыневіч. Сёння гэтыя яе словы часта ўспамінаю, калі аналізую пэўныя ўрокі і разбіраю нейкія сітуацыі.
Іна Вітольдаўна Волчак у 2010 годзе атрымала нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”. Неаднаразова ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, граматай Адміністрацыі Прэзідэнта.
— На што вы як кіраўнік звяртаеце ўвагу, калі да вас на работу прыходзяць маладыя спецыялісты?
— Калі прыходзяць маладыя спецыялісты, адразу заўважаю, застануцца яны ў прафесіі або не. З імі, дарэчы, вельмі люблю працаваць. Нам з маладымі педагогамі пашанцавала. Настасся Міхлюк прыйшла ў школу ў якасці настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства, а сёння ўжо працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Як кіраўнік вельмі рада, што маладыя калегі вучацца, развіваюцца і імкнуцца да самаўдасканалення ў прафесіі. Нам, вопытным педагогам, таксама ёсць чаму ў іх павучыцца.
У Мінскай вобласці, у нашай установе адукацыі ў тым ліку, многа ўвагі ўдзяляецца настаўніцтву, суправаджэнню маладых спецыялістаў. Структура ўрока, яго правядзенне, псіхалагічныя асаблівасці дзяцей і метады работы з імі — гэта ўсё трэба абмяркоўваць з тымі, хто толькі пачаў працаваць. Маладых спецыялістаў нельга пакідаць адных, бо сітуацыі здараюцца розныя, таму я заўсёды побач са сваім калектывам.
Вучыць талерантнасці
— Работа з дзецьмі — гэта і пра ўзаемадзеянне з бацькамі. З якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца, працуючы з імі?
— Работа з бацькамі — гэта насамрэч адна з самых адказных і складаных частак работы, прычым у любой школе, не толькі ў спецыялізаванай. Ёсць зацікаўленыя бацькі, якія хочуць, каб іх дзеці вучыліся і развіваліся. Зносіны педагагічнага калектыву з такімі дарослымі гарманічныя. Але ёсць і тыя, хто прыводзіць да нас сваё дзіця з парушэннем слыху і хоча цудаў, каб яно ўжо заўтра размаўляла. Але ў нашай рабоце цудаў не бывае, бо работа з асаблівымі дзеткамі — гэта доўгі і цяжкі, але перспектыўны шлях.
На жаль, ёсць дарослыя, якія прывозяць дзяцей, пакідаюць у нас і не цікавяцца пасля гэтага жыццём сваіх малышоў. Калі такое здараецца, мы тэлефануем, пытаемся, чаму забылі пра сваіх дзяцей, яны ж чакаюць мам і татаў. Але дарослых перавыхаваць немагчыма, ды мы і не ставім сабе такую задачу. Імкнёмся да таго, каб дапамагчы дарослым знайсці ў сабе апору на карысць развіцця дзяцей.
— Як лічыце, ці здольна сёння наша грамадства прымаць дзяцей з асаблівасцямі на роўных, альбо мы яшчэ не дараслі да гэтага?
— На жаль, мы яшчэ ў самым пачатку гэтага шляху. Не ўсе гатовы і могуць прымаць дзяцей з асаблівасцямі як звычайных людзей. У першую чаргу гэта залежыць ад узроўню выхавання чалавека і ад таго, наколькі ён талерантны. Дзеці і дарослыя з асаблівасцямі развіцця знаходзяцца ўсюды: яны ездзяць у транспарце, наведваюць месцы адпачынку. Толькі не ўсе нармальна гэта ўспрымаюць. На людзей з парушэннем слыху заўсёды звярталі павышаную ўвагу, і, здаецца, да іх ужо можна было прывыкнуць. Тым не менш грамадства яшчэ трэба вучыць прымаць людзей з асаблівасцямі як роўных. Гэта задача і сродкаў масавай інфармацыі, і сістэмы адукацыі.
— Іна Вітольдаўна, сёлета школе споўнілася 75 гадоў. Якія задачы вы ставіце перад калектывам і перад сабой на будучыню?
— Сёння наша школа знаходзіцца на новым этапе развіцця. Мы філіял кафедры карэкцыйна-развіццёвых тэхналогій Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ. Выкладчыкі кафедры рэгулярна праводзяць практычныя і лабараторныя заняткі, а ў студэнтаў ёсць магчымасць самастойна правесці ўрокі і карэкцыйныя заняткі з выхаванцамі. На практыцы гэта дазваляе адчуць тыя цяжкасці, якія ўзнікаюць у адукацыйным працэсе з дзецьмі з парушэннем слыху, і вызначыць найбольш эфектыўныя метады, прыёмы і сродкі карэкцыйнай работы. Рэалізацыя практыка-арыентаванага падыходу спрыяе фарміраванню прафесійнай кампетэнтнасці ў галіне планавання і правядзення ўрокаў і карэкцыйных заняткаў з навучэнцамі з парушэннем слыху.
Развіццё дзяцей, павышэнне прафесійнага майстэрства нашых педагогаў на карысць выхаванцаў школы — гэта тое, да чаго імкнуся я і мае калегі. Каб наша школа расла, станавілася лепшай, мы павінны быць сучаснымі і крэатыўнымі педагогамі, а значыць, у першую чаргу прыклад павінна паказваць я як дырэктар.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА