Інтэрактыўныя прыёмы дапамагаюць старшакласнікам сярэдняй школы № 20 Брэста паспяхова засвойваць хімію

- 10:13Образование

З мінулага года ў брэсцкай сярэдняй школе № 20 імя Героя Савецкага Саю­за Д.М.Карбышава дзейнічае медыцынскі клас, створаны ў рамках пагаднення з Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам. У гэтым класе на павышаным узроўні вывучаецца хімія, што патрабуе ад педагога эфектыўных метадаў і прыёмаў работы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У сучасным свеце, дзе інфармацыя даступная ў адзін клік, урокі павінны не проста да­ваць веды, а найперш натхняць, — лічыць настаўніца хіміі Святлана Бычук. — Гэта асабліва важна для старшакласнікаў, якія рыхтуюцца да экзаменаў і выбіраюць будучую прафесію. Хімія — адзін з самых складаных прадметаў у школьным раскла­дзе. Адны вучні яе любяць, іншыя — баяцца. Усё залежыць ад таго, як выкладаць гэты цікавы прадмет.

Каб утрымаць увагу школьнікаў і зацікавіць іх, педагог звяртаецца да інтэрактыўных метадаў і прыёмаў, якія робяць вучняў актыўнымі ўдзельнікамі ўрокаў. У метадычным арсенале настаў­ніцы — міні-лекцыі з яркімі прэзентацыямі, інтэлект-карты для структуравання матэрыялу, лагічныя схемы і апорныя канспекты, нестандартныя хімічныя задачы, навуковыя відэафільмы… Усё гэта дазваляе не толькі запомніць формулы і рэакцыі, але і зразумець, як яны працуюць і навошта патрэбны.

Каб вучні не адчувалі цяжкасцей з запамінаннем вялікай колькасці класаў арганічных злучэнняў і іх характарыстык, Святлана Бычук стварае на ўроку калектыўную інтэлект-карту “Класіфікацыя арганічных рэчываў”.

Кожная група школьнікаў адказ­вае за адзін іх клас (спірты, альдэгіды, кіслоты), дабаўляючы ў карту агульную формулу, уласцівасці, прыклады і прымяненне ў жыцці.

Паўтарыць тэмы перад цэнтра­лізаваным экзаменам дапамагае праект “Хімія ў побыце”. Кожная група вучняў выбірае пэўны бытавы прадукт (шампунь, мыйны сродак, воцат) і праводзіць міні-даследаванне з ім: вызначае склад, хімічныя ўласцівасці, уплыў на здароўе, экалагічнасць. Атрыманыя праек­ты афармляюцца ў выглядзе постараў і міні-прэзентацый. Дзякуючы ім, школьнікі не толькі замацоў­ваюць веды, але і вучацца прымяняць іх у рэальным жыцці, развіваюць аналітычныя навыкі.

Для вывучэння прасторавай будовы арганічных рэчываў старшакласнікі ства­раюць мадэлі малекул з плас­тыліну, зуба­чыстак і пацерак. Кожная група дзяцей атрымлівае формулу пэўнага рэчыва, пасля чаго стварае яе 3D-мадэль і тлумачыць геа­метрыю малекулы, вуглы і тыпы сувязей. Зрокавае і тактыльнае ўспрыманне дапамагае лепш зразумець прасторавую структуру малекулы, што асабліва карысна пры вывучэнні ізамерыі і гібрыдызацыі.

Святлана Бычук ладзіць дэбаты “Хімія і экалогія”: старшакласнікі дзеляцца на каманды і рыхтуюць аргументы за і супраць выкарыстання пластыку, ГМА, бытавой хіміі і іншых спрэчных рэчываў і прадуктаў. Дэбаты ацэньвае журы з ліку педагога і вучняў.

— Інтэрактыўныя метады — гэта не проста модны трэнд, а спосаб зрабіць вучобу жывой, асэнсаванай і выніковай, — заўважае настаўніца. — Калі дзеці адчува­юць, што іх меркаванні важныя і што яны могуць самі рабіць высновы і ўдзельнічаць у абмеркаванні, то пачынаюць вучыцца з большай цікавасцю. А цікавасць — першы крок да поспеху.

Ператварыць складаныя тэмы ў захап­ляльныя даследаванні педагогу дапамагаюць таксама лабараторныя квесты, калі вучні атрымліваюць заданні, звязаныя з пошукам формулы невядомага рэчыва ці раскрыццём хімічнага злачынства. Не абыхо­дзіць увагай Святлана Бычук хімічныя гульні і сімуляцыі. Сярод іх — “Хімічнае даміно”: дзеці атрымліваюць карткі з формуламі і ўраўненнямі, якія трэба правільна злучыць.

— Метад кейсаў дазваляе ра­забраць рэальныя сітуацыі, звязаныя з забруджваннем навакольнага асяроддзя, вытворчасцю лекаў і харчовых дабавак. Вучні аналізу­юць пэўную праблему, прапануюць спосаб яе вырашэння і абмяркоўваюць наступствы, — гаворыць педагог. — Лічбавыя платформы Kahoot і Quizizz падыходзяць для віктарын і паўтарэння матэрыялу, а Padlet дапамагае ствараць сумесныя інтэлект-карты, абменьвацца ідэямі. У ролевай гульні “Навуковы савет” вучні выступаюць у ролі вучоных, эколагаў і бізнесменаў, якія абмяркоўва­юць укараненне новай хімічнай вытворчасці. У міні-даследаваннях “Хімія вакол нас” школьнікі вывучаюць склад, дзеянне і бяспеку касметыкі, мыйных сродкаў і харчовых прадуктаў.

Па словах педагога, інтэрактыў­ныя метады даюць адчувальныя вынікі: у старшакласнікаў павышаецца сярэдні бал па хіміі, яны лепш спраўляюцца з ЦЭ і ЦТ, а галоўнае — цікавяцца прадметам. Усё больш выпускнікоў выбіра­юць прафесіі, звязаныя з хіміяй: медыцыну, аграрныя і тэхнічныя спе­цыяльнасці, педагогіку.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі