Як летам наладжана турыстычна-краязнаўчая работа са школьнікамі Верхнядзвіншчыны,  расказала Святлана Якаўлева

- 11:03Планерка

Летнія канікулы — выдатны час для падарожжаў. Як у гэты перыяд наладжана экскурсійная, турыстычна-краязнаўчая работа са школьнікамі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік аддзела па адукацыі Верхнядзвінскага райвыканкама Святлана Якаўлева.

— Святлана Уладзіміраўна, у вашым кабінеце нельга не заўважыць карту раёна. Прычым падрабязную — з усімі населенымі пунктамі, рэкамі, азёрамі, лясамі, помнікамі прыроды і архітэктуры. Ві­даць, любіце падарожнічаць?

— Службовыя абавязкі прымушаюць. (Смяецца.) Калі шчыра, то так, люблю вывучаць наш раён. Ён багаты і ў архітэктурным, і ў прыродным плане. У час абеду падыдзеш да карты, паглядзіш на яе, а потым скажаш сабе: “У гэтым месцы я даўно не была. Трэба абавязкова з’ездзіць”.

Наогул, у нас многія педагогі любяць падарожнічаць. Выдатным прыкладам з’яўляецца Сар’янская базавая школа. Дзякуючы настаўніку гісторыі Дзянісу Іванавічу Казлову, турыстычная і краязнаўчая справа ў гэтай установе адукацыі ўзнялася на яшчэ больш высокі ўзровень. І што асабліва важна, ініцыятывы маладога педагога падтрымлівае адміністрацыя.

У плане экскурсій лідарам у раёне з’яўляецца сярэдняя школа № 2 Верхнядзвінска імя Героя Савецкага Саюза Н.В.Траян. У якім толькі куточку Беларусі яны не былі! А мы ж знаходзімся на поўначы краіны, убаку. Нам што да Віцебска, што да Мінска, Гродна, Магілёва, не гаворачы ўжо пра Брэст з Гомелем, — усюды далёка. Аднак вучні другой школы падарожнічаюць і падаюць прыклад іншым. Астатнія ўстановы адукацыі думаюць: “Хіба мы горшыя?” І таксама арганізоўваюць экскурсіі. Найбольш актыўна падарожжы ладзяцца падчас канікул для выхаванцаў лагераў.

— Колькі такіх лагераў працуе летам у Верхнядзвінскім раёне і якога яны профілю?

— На базе ўстаноў адукацыі ў летні перыяд арганізавана работа лагераў з дзённым знаходжаннем, профільных 9-дзённых палатачных лагераў і лагера працы і адпачынку. Усяго плануецца аздаравіць 465 вучняў, у тым ліку 30 — у палатачных лагерах, 15 — у лагеры працы і адпачынку.

Грамадзянска-патрыятычную накіраванасць рэалізоўваюць восем лагераў на базе сямі ўстаноў адукацыі. З іх адзін лагер у Бігосаўскай сярэдняй школе арганізаваны сумесна з пагранічнай заставай імя Мікалая Хахлова, два — сумесна з Верхнядзвінскім РАНС (у Каханавіцкай і Боркавіцкай сярэдніх школах). Два аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем маюць сацыякультурную накіраванасць. Так, адкрыты лагер “Беларусачка” ў Дзёрнавіцкай базавай школе, дзе адукацыйны працэс ажыццяўляецца на беларускай мове. Цікавы вопыт арганізацыі лагера ў Асвейскай сярэдняй школе сумесна з мясцовым Домам культуры і народным фальклорным калектывам “Сенькавіца”. Дзеці могуць вывучаць мясцовыя абрады і традыцыі і ўдзельнічаць у народных гульнях і святах.

Ва ўжо згаданай сярэдняй школе № 2 у ліпені адкрыўся валанцёрскі лагер, выхаванцамі якога сталі вучні гэтай школы і навучэнцы Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Верхнядзвінскага раёна. Для іх арганізоўваюцца экскурсіі, пазнавальныя хвілінкі, калектыўныя творчыя справы.

Таксама ў ліпені працуюць два палатачныя 9-дзённыя лагеры турыстычна-краязнаўчага профілю. З 5 па 13 чэрвеня перасовачны палатачны лагер пад кіраўніцтвам педагогаў Дзмітрыя Іванавіча Казлова і Таццяны Іванаўны Ёдчык адолеў маршрут Сар’я — Асвея — Каханавічы — Валынцы — Верхнядзвінск — Бігосава — Сар’я. Дзеці знаёміліся з гісторыяй населеных пунктаў, наведвалі мясціны, звязаныя з трагічнымі па­дзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Справа ў тым, што ў лютым — сакавіку 1943 года на тэрыторыі былых Асвейскага, Дрысенскага і Расонскага раёнаў Беларусі, а таксама Себежскага раёна Расіі гітлераўцамі і іх памагатымі было спалена некалькі соцень вёсак, знішчаны тысячы мірных жыхароў.

З 21 чэрвеня ў Валынецкай сярэдняй школе, якая носіць імя знакамітага земляка І.Д.Чэрскага, працаваў 9-дзённы палатачны лагер турыстычна-краязнаўчага профілю. Школьнікі вывучалі родны край, наведвалі гістарычныя месцы, прадпрыемствы і арганізацыі, удзельнічалі ў працоўных акцыях, спартыўных і іншых мерапрыемствах.

— Пачатак летняму сезону паходаў і экскурсій па традыцыі дае рэспубліканскі тыдзень турызму і краязнаўства для дзяцей і моладзі. Як ён прайшоў сёлета ў вашым раёне?

— У гэтым годзе тыдзень быў прысвечаны Году міру і стварэння і прайшоў, як і паўсюль у краіне, з 25 па 31 мая. У мерапрыемствах удзель­нічалі навучэнцы ўсіх устаноў адукацыі раёна. Праводзіліся класныя і інфармацыйныя гадзіны, аднадзённыя і двухдзённыя паходы, экскурсіі, падчас якіх дзеці наведалі музеі і музейныя пакоі. Напрыклад, навучэнцы сярэдняй шко­лы № 2 Верхнядзвінска імя Героя Савецкага Саюза Н.В.Траян і Верхнядзвінскай гімназіі імя І.А.Макеенка наведалі мемарыяльныя комплексы “Хатынь”, “Урочышча Пяскі”, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Ва ўстановах адукацыі быў арганізаваны гульнявы калейдаскоп “Я, сям’я, краіна, планета”, інфарм-дайджэст “Беларусь на карце свету”. Кожнай установай адукацыі былі арганізаваны паходы, падчас якіх вучні і настаўнікі наведвалі памятныя мясціны, добраўпарадкоўвалі помнікі, ушаноўвалі па­мяць герояў Вялікай Айчыннай вайны ля абеліскаў воінам-вызваліцелям і помнікаў ахвярам фашызму.

У рамках тыдня былі праве­дзены раённыя спаборніцтвы ваенна-патрыятычнай і турыстычнай накіраванасці, у праграму якіх былі ўключаны асобныя віды ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” і турыстычнага злёту. У спаборніцтвах прынялі ўдзел зборныя каманды навучэнцаў 5—7 класаў.

— І апошняе пытанне. Якія ў вас планы на летні адпачынак?

— Канечне, падарожнічаць па родным краі. Заўсёды раблю гэта з задавальненнем і ўсім калегам раю.

 Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара