Як на Навагрудчыне рэалізуецца раённы праект па арганізацыі аздараўлення і карыснай занятасці непаўналетніх?

- 11:14Духовность и патриотизм, Новости

Нацыянальны код беларуса пад такой назвай прайшла аздараўленчая кампанія ў час вясенніх канікул на Навагрудчыне, дзе рэалізуецца раённы праект па арганізацыі аздараўлення і карыснай занятасці непаўналетніх.

“Я — беларус маленькі…”

У Валеўскай сярэдняй школе працаваў профільны патрыятычны і духоўна-маральны лагер “Нашчадкі”. Яго мэта — стварэнне спрыяльных умоў для ўмацавання здароўя і арганізацыі вольнага часу навучэнцаў, фарміраванне высокіх патрыятычных пачуццяў, знаёмства моладзі з духоўнай і культурнай спадчынай сваёй краіны.

15 юнакоў і дзяўчат адправіліся ў цікавае падарожжа працягласцю ў шэсць дзён. Знаёмства з гульнявым сюжэтам змены і прытчай лагера адбылося ў форме гутаркі “Размова па шчырасці”.

За лагерную змену неабходна было сабраць куфар, а ў ім размясціць рэчы, якія адлюстроўвалі б нацыянальны код беларуса.

Разам з выхавальнікамі лагера да работы прыступіў і педагагічны атрад, у які ўваходзяць вучні 9—11-х класаў, арыентаваныя на педагагічныя спецыяльнасці. На працягу чатырох гадоў у час вясенніх канікул мы даём мола­дзі магчымасць паспрабаваць сябе ў выбранай прафесіі.

Кожны дзень лагера быў вельмі насычаным. Дзень “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына” пачаўся з урачыстай лінейкі , у час якой у вершах і прозе нашы “нашчадкі” прызнаваліся ў любові сваёй Радзіме — Беларусі. Хлебам-соллю юнакі і дзяўчаты віталі госця — настаяцеля храма Святых апосталаў Пятра і Паўла айца Яўгенія.

Пасля лінейкі дзеці з задавальненнем сталі ўдзельнікамі конкурсу-эсэ “Ці ёсць нацыянальны код беларуса?” і конкурсу радаводаў “Адкуль мае карані?”. Эсэ і радавод папоўнілі куфар.

“Успаміны часта вярта­юць мяне ў зімовы вечар, калі ў печцы трашчалі дроўцы, на дварэ мяла завіруха, па тэлевізары “Песняры” спявалі “Касіў Ясь канюшыну”, а я сядзеў на каленях у матулі, і мы вучылі верш “Я — беларус маленькі…”. Напэўна, тады, у свае тры гады, я ўпершыню інтуітыўна адчуў сябе беларусам. Сёння на парозе дарослага жыцця я ведаю гісторыю, культуру і мову сваёй краіны, а пачуцці ў мяне да Радзімы тыя ж, толькі свядомыя,” — так пачаў свой аповед пераможца абодвух конкурсаў вучань 11 класа Захар Адашкевіч.
Яго эсэ і радавод папоўнілі куфар.

Педагагічны атрад правёў інтэрактыўную гульню “Па слядах святой Еўфрасінні”, прысвечаную нябеснай заступніцы Беларусі. У рубрыцы “Гордасць Беларусі” прайшла дыялогавая пляцоўка “Беларускія зоркі”, прысвечаная палёту ў космас Марыны Васілеўскай, Алега Навіцкага, Уладзіміра Кавалёнка і Пятра Клімука.

Па выніках першага дня атрымалася наступнае воблака слоў: “Радзіма”, “вера”, “гасціннасць”.

Прыгажосць мовы і культуры

Шмат уражанняў удзельнікам лагера “Нашчадкі” падарыў другі дзень. У чароўны свет беларус­кай мовы дзеці акунуліся падчас інтэрактыўнага ўрока “Смак беларускай мовы”, вынікам якога стала работа выдавецтва “Роднае слова”. Кніжка-маляванка, якую распрацавалі маленькія выдаўцы, не толькі знаёміць з новымі словамі, вучыць перакладаць іх на рускую мову, але і дапамагае расфарбаваць дзіцячы свет яркімі колерамі радасці і асалоды.

У вянок беларускага танца мы дабавілі танец “Ульяніца”. Майстар-клас правялі навучэнцы — удзельнікі танцавальнага калектыву “Гармонія”. З гэтага моманту кожны дзень змены мы развучвалі новы нацыянальны танец.

Тэму беларускага мастацтва мы працягнулі падчас лялечнага спектакля батлеечнага тэатра Любчанскай сярэдняй школы.

Батлейка — неад’емная частка народнай культуры. Пра яе мы шмат чыталі, але цікавей убачыць сапраўдны лялечны тэатр.

У рамках рубрыкі “Гордасць Беларусі” адбылася сустрэча з Людмілай Мароз, намеснікам старшыні Навагрудскага райвыканкама, якая разам з моладдзю разважала аб патрыятызме, веры, традыцыях нашага народа. Воблака слоў дапоўнілі слова­злучэнні “родная мова” і “нацыянальная культура”.

Трэці дзень для наведвальнікаў лагера “Нашчадкі” быў вельмі багаты не толькі на новыя ўражанні, але і на духоўныя каштоўнасці, да якіх дзіцячыя душы змаглі дакрануцца ў час экскурсіі ў храм Святога прарока Іліі ў Любчы. Айцец Аляксандр Івойлаў не толькі расказаў аб гісторыі храма і святынях, якія там знаходзяцца, але і засяродзіў увагу на праваслаўных традыцыях беларускага народа, аб важнасці посту як перыяду пакаяння. З асаблівым пачуццём навучэнцы прыкладаліся да святынь і з непасрэднай дзіцячай верай прасілі не толькі дапамогі для сваёй сям’і, але і міру для ўсіх лю­дзей свету.

Наступным турыстычным аб’ектам стала Любчанская школа, вядомая сваім народным гісторыка-краязнаўчым музеем Любчанскага краю. Восем аддзелаў, 1900 экспанатаў, прысвечаных самым важным падзеям у гісторыі нашай краіны. Асабліва нас кранулі экспанаты, звязаныя з па­дзеямі і героямі Вялікай Айчыннай вайны.

Менавіта ў Любчы мы зразумелі, чаму наш край называ­юць Прынямонне. Які ж прыгажун наш бацька Нёман! Мы папоўнілі свае фізічныя і духоўныя сілы гаючай вадой з крыніцы, асвечанай у гонар святога Мікалая, што ў вёсцы Мотча.

На памяць аб падарожжы правялі творчы хэнд-мэйд: стварылі фотакалаж і макет Любчанскага замка, які папоўніў школьную экспазіцыю “Каменны пояс Гродзеншчыны” і будзе выкарыстоўвацца на ўроках гісторыі Беларусі і мастацтва.

У вянок нацыянальнага танца як сапраўдныя беларусы мы дабавілі і “Бульбу”.

Нам, дарослым, здавалася, што дзеці вельмі пасталелі ўсяго за адзін дзень. У воблака слоў дабавіліся словы “продкі”, “прыгажосць”.

Бацькава булка

Чацвёрты дзень пачаўся з наведвання аднаго з флагманаў лёгкай прамысловасці нашай краіны — “БелКрэда”. У Год якасці мы ўбачылі, якія прыгожыя вырабы пастаўляюць на нацыянальны рынак навагрудскія швейнікі, а дырэктар прадпрыемства А.С.Хмарык стала ўдзельніцай рубрыкі “Гордасць Беларусі”. Яна расказала, што зараз прадпрыемства працуе над новай лінейкай школьнай формы. Мы нават правялі паказ школьнай моды-2024!

Сёлета Беларусь адзначае 80-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аддаць даніну павагі і ўшанаваць памяць загінуўшых мы вырашылі на вайсковых могілках раённага цэнтра, дзе знайшлі свой апошні прытулак воіны, якія вызвалялі Навагрудак.

Самыя высакародныя пачуцці абудзіў у нашых сэрцах прагляд спектакля “Дарогай дабра”, на які нас запрасіў Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “ДАР”.

Стварыць ляльку сваімі рукамі — гэтую мару нам дапа­маглі ажыццявіць у цэнтры “ДАР”. Пазнавальна-гульнявая праграма “Знаёмцеся, беларускія строі!” дала магчымасць азнаёміцца з гісто­рыяй нацыянальнага адзення і асаб­лівасцямі Навагрудскага строю. А з нацыянальным абрадам “Засеўкі” мы не толькі азнаё­міліся, але і сталі яго актыўнымі ўдзельнікамі. Апрануўшы нацыянальныя касцюмы, разам са сваімі бацькамі “нашчадкі” кінулі першыя зярняткі ў веснавую раллю.

У рубрыцы “Гордасць Беларусі” адбыўся аўдыямост з С.Н.Урбановіч, вядучым тэхнолагам Свіслацкай хлебапякарні, якая распрацавала ўнікальны рэцэпт “Бацькава булка”, што стаў пачаткам аднайменнага фестывалю ў Свіслачы. Святлана Мікалаеўна падзялілася гэтым рэцэптам, а нашы дзяўчынкі паспрабавалі па ім спячы булку. Атрымалася смаката!

Аб самых захапляльных момантах дня мы знялі відэасюжэты. У вянок беларускага танца дабавілі кадрылю. А ў воблака слоў унеслі паняцці “нацыянальная памяць” і “працавітасць”.

Гульня ў футбол са святаром

Чарговы дзень для лагера “Нашчадкі” пачаўся з экскурсіі на Замкавую гару Навагрудка. Сёлета спаўняецца 980 гадоў нашаму раённаму цэнтру. Адчуць жывы подых гісторыі і ўбачыць “старажытных муроў адраджэнне”, дакрануцца да сцен, якія памятаюць крыжакоў, было вельмі цікава і хвалююча.

Наступны прыпынак нашай машыны часу адбыўся ў Цэнтры рамёстваў, дзе для нас правялі майстар-класы па традыцыйных народных рамёствах, такіх як саломапляценне, выцінанка, выраб лялек-мотанак. Мы змаглі адчуць сябе сярэдневяковымі сялянамі і ўпэўніцца, што выхаванне дзяцей, мацярынства, сям’я — гэта аснова беларускай культуры.

У рубрыцы “Гордасць Беларусі” ў Цэнтры рамёстваў у нас адбылася дыялогавая пляцоўка з чалавекам Гродзеншчыны, лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, майстрам выцінанкі Н.А.Клімко, якая адразу пасля нашай сустрэчы якраз вылятала ў сталіцу Азербайджана для ўдзелу ў Днях беларускай культуры.

У праваслаўным сястрынстве нас чакала духоўна-асветніцкая пляцоўка “Дарогай дабра — да Светлага Вялікадня”, якая прынесла чысціню і святло нашым душам. На сустрэчы са святаром храма айцом Яўгеніем “Вера і праваслаўныя традыцыі ў жыцці беларускага народа” ўвага была засяроджана на хрысціянскіх каштоўнасцях, якія сталі маральным компасам у жыцці беларусаў. А гульня са святаром у футбол пераканала, што ў здаровым целе — здаровы дух.

Калектыўная творчая справа “Традыцыі маёй сям’і і Год якасці” дала дзецям магчымасць не толькі расказаць пра свае сем’і, але і прэзентаваць тыя заняткі, якія аб’ядноўваюць некалькі пакаленняў сваякоў.

Лагічным завяршэннем дня стала творчая майстэрня “І расцвіце талерка кветкай”. Мы распісвалі папяровыя талеркі ў нацыянальным стылі. У воблака слоў мы дабавілі паняцці “сям’я” і ”выхаванне дзяцей”.

Працавалі ў полі сваёй душы

Апошні дзень лагернай змены быў прысвечаны карысным справам. “Нашчадкі” падзяліліся на групы. Адны развешвалі ў парку-дэндрарыі кармушкі, другія наводзілі парадак на брацкай магіле, і ўсе разам прыбіралі тэрыторыю вакол храма.

На ўрачыстай лінейцы закрыцця хлопчыкі і дзяўчынкі гаварылі, што на працягу змены кожны з іх стараўся з маленькіх зярнятак веры і любові, закінутых сейбітамі ў раллю, вырасціць каласкі. Мы працавалі ў полі сваёй душы, выполваючы з яго пустазелле. Гэта было цяжка, каласок да каласка, але за шэсць дзён у нас атрымаўся снапок.

Без хлеба няма жыцця. Як няма жыцця без Бога, без веры і без Радзімы. Дык давайце ў Год якасці ў вялікае сэрца нашай Радзімы змесцім і свой маленькі снапок! Наша Беларусь такая, якой мы яе ствараем. І самае галоўнае — якія мы, такая і яна, наша Беларусь.

Дзеці змясцілі свой снапок у падрыхтаваны арт-аб’ект. Лінейка завяршылася сумесным выкананнем песні “Не прадаецца хата бацькоў”, якая стала гімнам малой радзіме. Як запавет для моладзі гучаць радкі вядомага беларускага паэта Петруся Броўкі: “Куды б цябе ні завяла дарога, не забывай бацькоўскага парога”.

Мы не развітваліся з лагерам — мы сказалі яму “Да наступнай вясны! Да пабачэння!”.

…Будзем рады, калі наш пакуль яшчэ небагаты вопыт дапаможа камусьці ў падрыхтоўцы летніх аздараўленчых змен.

Тамара СУРАГА,
настаўніца гісторыі Валеўскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна