Як на Рагачоўшчыне вучням прывіваюць любоў да роднай зямлі

- 9:00Главная, Образование

Неверагодна цёплую і творчую атмасферу ствараюць педагогі Рагачоўшчыны для развіцця дзяцей у садах і школах. У цэнтры іх увагі — патрыятычнае выхаванне, работа з адоранымі і матываванымі дзецьмі, з навучэнцамі аграрных класаў. Асаблівае значэнне таксама надаецца развіццю музейнай педагогікі, перспектыўным праектам, дзейсным аўтарскім педагагічным практыкам. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўніца хіміі Святлана Калугіна з вучнямі

У Гарадзецкім дзіцячым садзе функцыянуюць дзве рознаўзроставыя групы інтэграванага навучання і выхавання. Дарэчы, тут з’явілася першае на Рагачоўшчыне дашкольнае лясніцтва “Ляснічка”. Дзеці разам з выхавальнікамі і работнікамі лясгаса высадзілі памятную алею туй і самшытаў. Цікава, што дрэвы назвалі ў гонар маленькіх выхаванцаў. Дашкольнікі не толькі ведаюць вершы аб прыро­дзе, правілы паводзін у лесе, але і абяцаюць абараняць прыроднае багацце беларускай зямлі. Юныя лесаводы ў прыгожай бела-зялёнай форме трапятліва даглядаюць свае дрэвы і ведаюць, як працаваць з рыдлёўкай і палівачкай.

Як адзначыла загадчыца Гарадзецкага дзіцячага сада Вераніка Шусцер, прывіццё беражлівых адносін да прыроды, любові да роднага краю, папулярызацыя прафесій лясной галіны — асноўныя мэты стварэння дашкольнага лясніцтва. Маленькія чамучкі робяць першыя паспяховыя крокі ў вывучэнні прыроды, знаёмяцца з раслінным і жывёльным светам беларускіх лясоў, вучацца берагчы лясныя багацці.

— Як паказвае вопыт, многія дзеці, якія наведваюць аб’яднанні дашкольнага лясніцтва, у далейшым звязва­юць свой лёс з лясной гаспадаркай, — адзначае Вераніка Рыгораўна. — Праводзіцца вялікая работа ў гэтым напрамку. Напрыклад, экскурсія ў Рагачоўскі лясгас дазволіла азнаёміць хлопчыкаў і дзяўчынак з прафесіямі лясной галіны. Акрамя таго, у рамках акцыі былі пасаджаны дрэвы ў лесе — рыхтуем дастойную змену нашым лесаводам. Акрамя таго, у планах стварыць на тэрыторыі сада ўласны куток лесу. Гэтая падзея будзе прымеркавана да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У сельскім садзе імкнуцца ўно­сіць свой пасільны ўклад у азеляненне і доб­раўпарадкаванне тэрыторыі дашкольнай установы. Пасадзіць вечназялёныя туі падрастаючыя лесаводы прапанавалі дэлегацыі Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”. Дзеці па­абяцалі назіраць за ростам высаджаных маленькіх туй.

Захоўваючы памяць

Настаўніца пачатковых класаў Ларыса Балашова

Гарадзецкая сярэдняя школа ўразіла вучэбнай прасторай і сучасным абсталяваннем кабінета абслуговай працы. Настаўнікі расказалі пра дзейнасць груп аграрнай накіраванасці, а яшчэ пра школьную музейную педагогіку. Тут выхоўваюцца сапраўдныя патрыёты Беларусі. Да сімвалаў і традыцый школы, раёна і краіны ў іх трапяткое стаўленне. Як прызнаюцца самі навучэнцы, быць у складзе сцяганоснай групы ганарова. Гэтае права заслугоўваецца выдатнымі дасягненнямі ў вучобе, удзелам у грамадскім жыцці школы, адказнасцю і надзей­насцю.

— Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі — асноўны акцэнт, на якім будуецца дзейнасць нашай установы, — падкрэслівае дырэктар Гарадзецкай сярэдняй школы Святлана Ткачова. — Вучні з гордасцю могуць сказаць, што ведаюць і бера­гуць гісторыю сваёй малой радзімы. У нашым школьным гісторыка-краязнаўчым музеі яны падрабязна раскажуць пра кожную прадстаўленую фатаграфію або экспануемы прадмет, якія звязаны з жыццём іх роднай вёскі. Музей стаў тым месцам, дзе былі ўвасоблены многія задумы настаўнікаў. Гэта сапраўды важны рэсурс пры правя­дзенні ўрокаў мужнасці, класных, інфармацыйных гадзін і прадметных тыдняў. Музей наведваюць навучэнцы іншых устаноў адукацыі, а таксама госці школы. Матэрыялы прасторы ўвекавечваюць памяць аб нас­таўніках — ветэранах Вялікай Айчыннай вайны, жыхарах вёскі, якія змагаліся на франтах і вялі партызанскую барацьбу супраць фашыстаў. Тут ёсць звесткі аб першых калгасніках, перадавіках сельскай гаспадаркі мінулага стагоддзя і цяперашняга часу. Назапашана нямала матэрыялу аб гісторыі навучальнай установы.

— Будучы настаўнікам пачатковых класаў, імкнуся расказваць маленькім выхаванцам пра подзвігі адна­вяскоўцаў, простых людзей, якія ў складанай для краіны сітуацыі аддалі Радзіме ўсе сілы, каб мы і нашы дзеці маглі жыць пад мірным небам, — падсумоўвае настаўніца пачатковых класаў Ларыса Віктараўна Балашова.

Талентамі ззяюць

Дырэктар Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Анжаліка Драбкова расказала пра фішкі цэнтра — новы напрамак аб’яднання па інтарэсах “Юны міратворац”, дзе ў цесным супрацоўніцтве з Гомельскім абласным аддзяленнем Беларускага фонду міру працягваюцца міратворчыя добрыя справы. Акрамя таго, больш за 200 падлеткаў з Расіі і Беларусі штогод вось ужо 32-і раз адпачываюць у міжнародным палатачным лагеры сяброўства дзяцей брацкіх народаў “Крынiчка”. Галоўная яго мэта — выхаванне лідарскіх і міратворчых якасцей.

— Нашу ўстанову наведваюць больш за 1450 дзяцей, якія займаюцца ў 120 аб’яднаннях па інтарэсах, працуюць гурткі не толькі на базе нашага цэнтра, але і ў школах горада і раёна, — тлумачыць Анжаліка Яўгенаўна. — Шматпрофільная ўстанова рэалізуе адукацыйныя праграмы мастацкага, тэхнічнага, экалагічнага і іншых напрамкаў. На занятках дзеці вучацца свабодна і гарманічна паводзіць сябе на сцэне, развіваюць акцёрскае майстэрства, пачуццё рытму, музыкальнасць, слых, уважлівасць. Юныя таленты ўдзельнічаюць у розных конкурсах і дасягаюць высокіх вынікаў. Так, ганаровага звання “ўзорны” ўдастоены адразу некалькі калектываў — вакальная студыя “Дзіцячы час”, ансамбль эстраднага танца “Чароўны свет”, харэаграфічная студыя “Мілата” і тэатр моды “МиЛеди”.

На занятках у аб’яднанні па інтарэсах “ПаZітыў ТБ” юнакі вучацца быць смелымі, актыўнымі і пазітыўнымі, вывучаюць асновы акцёрскага майстэрства, асвойва­юць мастацкае чытанне і сцэнічную культуру, прахо­дзяць школу вядучых і школу гульнятэхнікаў. Больш за тое, яны самі пішуць сцэнарыі, рыхтуюць рэпартажы. Іх смелая спроба пяра на слыху не толькі ў родным горадзе і на Гомельшчыне — выпускнік гуртка паступіў на акцёрскае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Дарэчы, героем аднаго з сюжэтаў юных карэспандэнтаў стаў міністр адукацыі Андрэй Іванец. Цэнтр творчасці актыўна ўключыўся ў інавацыйны праект “Укараненне мадэлі ваенна-патрыятычнага выхавання ў адкрытай адукацыйнай прасторы”. Адкрыты чатыры аб’яднанні ваенна-патрыятычнай накіраванасці, наладжана цеснае супрацоў­ніцтва з прадстаўнікамі ваенкамата, гарадской дэсантнай арганізацыяй у Бабруйску. Дзеці горада і раёна творчыя, таленавітыя і захопленыя, педагогі вучаць іх раскрываць уласны талент у атмасферы камфорту і крэатыву.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара