Карціны з воўны, паперы, тканіны, цуды пераўвасаблення на сцэне, развіццё лідарскіх якасцей — крэатыўная прастора Крупскага цэнтра дзіцячай творчасці, дзе квітнеюць натхненне і майстэрства, прыцягвае юных жыхароў усяго раёна. У гэтым пераканалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Захапленне па душы ў нашым цэнтры, дзе вядуцца заняткі па васьмі напрамках, знаходзяць для сябе больш за 720 чалавек, — расказвае дырэктар цэнтра Вераніка Сяліцкая. — Спектр дзейнасці ЦДТ значна пашырыўся пасля аб’яднання летась з Цэнтрам турызму і краязнаўства — у нас з’явіўся філіял “Юнацтва”, дзе развіваюцца краязнаўчы, ваенна-патрыятычны і фізкультурна-спартыўны напрамкі. Сёлета наш цэнтр заняў 3-е месца ў абласным конкурсе па добраўпарадкаванні тэрыторыі сярод устаноў дадатковай адукацыі. Агульнымі намаганнямі мы ўзвялі агароджу вакол філіяла “Юнацтва”, пасадзілі туі, барбарыс і ядловец, а фасад будынка, дзякуючы дапамозе мясцовага жыхара, зараз цешыць вока маляўнічым графіці.
На турбазе “Нача”, дзе працавалі разам усім раёнам, з’явілася новая трэніровачная пляцоўка для ваенна-патрыятычнай падрыхтоўкі з цірам і паласой перашкод, якая ўключае ў сябе 11 зон для развіцця спрыту і вынослівасці.
Прыгажосць у руках майстра
З разнастайнасцю палітры дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў ужо 25 гадоў знаёміць майстар на ўсе рукі Аксана Коваль:
— Шмат гадоў назад усё пачыналася з гуртка па кройцы і шыцці, на якім мае выхаванкі паступова асвойвалі швейнае майстэрства, пачынаючы з вывучэння відаў тканін і базавых швоў. Потым знаёміліся са швейнай машынкай, вучыліся яе наладжваць, правільна запраўляць і рабіць першыя шыўкі. Да 70-годдзя Перамогі мы стварылі першую калекцыю адзення з сугучнай назвай “Кветкі Перамогі”, у якой кожным з сямі ўбораў з народным арнаментам адгадвалася прыналежнасць да культуры адной з усходне-славянскіх краін. Прыкладна ў той час і наша аб’яднанне стала называцца “Чараўніцай”.
З тых часоў пад кіраўніцтвам вопытнай майстрыхі ў свет выйшла 5 тэматычных калекцый. Сярод іх — “Кветка-душа”, дзе кожны з пяці касцюмаў увасабляў нейкую кветку, “Беларусь сінявокая” з моднымі прынтамі з джынсавай тканіны. А замыкае калейдаскоп крэатыўных убораў ільняная калекцыя “Беларусь святая” з выявай значных храмаў Міншчыны. Да стварэння гэтых убораў прыклалі свае ўмелыя рукі старэйшыя вучаніцы педагога.

Майстар на ўсе рукі Аксана Коваль вядзе чатыры аб’яднанні па інтарэсах
Самыя маленькія выхаванкі Аксаны Коваль першыя крокі ў велізарным свеце дэкаратыўна-прыкладной творчасці робяць, развіваючы вобразнае і прасторавае мысленне, фантазію і ўяўленне, на занятках “Сакрэты папяровай творчасці”, дзе асвойваюць розныя тэхнікі работы з паперай. Гэта, напрыклад, мастацкае выразанне, квілінг, арыгамі. Падрастаючы, дзяўчынкі пераходзяць у аб’яднанне “Цуды сваімі рукамі”, дзе вучацца спрытна працаваць іголкай з ніткай, чараваць над кавалкамі тканіны. Навучаючыся дэкаратыўнаму дызайну, юныя майстрыхі асвойваюць дэкупаж, вяжуць кручком, вышываюць. А пазней прымяняюць гэтыя ўменні, працуючы разам з настаўніцай над касцюмамі, сумачкамі і іншымі аксесуарамі для чарговай калекцыі або для новых вобразаў да святочных канцэртаў і тэатральных пастановак аб’яднання па інтарэсах “Дэбют”.
Шчырасць са сцэны

Нязменным кіраўніком тэатральнага аб’яднання “Дэбют”, якому летась было прысвоена званне “ўзорны”, ужо амаль два дзясяткі гадоў з’яўляецца Наталля Малашкевіч.
— Сёння ў нашым калектыве 25 юных артыстаў, кожны з якіх імкнецца праявіць сябе на сцэне. Падбор рэпертуару для пастановак — працэс творчы і вельмі асабісты. Выбіраю тыя творы, якія мяне глыбока кранулі. Сёння мы прадстаўляем увазе гледача 4 спектаклі: “Ганна Франк”, “Выжыўшыя”, “Калі маўчанне крычыць”, “Знайдзіце мяне”. Гэтыя пастаноўкі — пастаянныя ўдзельнікі тэатральных конкурсаў і фестываляў, дзе атрымліваюць высокую ацэнку журы і гледачоў, — гаворыць Наталля Сяргееўна.
Для кіраўніка тэатра і яе падапечных “Дэбют” — гэта месца, куды хочацца вяртацца зноў і зноў, каб за кароткі тэрмін пражыць цэлую гаму эмоцый. Тут дзеці могуць разняволіцца, адкрыта выказваць свае пачуцці, праяўляць сябе і свае таленты. Выходзячы на сцэну, закранаючы вечныя тэмы, юныя акцёры разам з гледачом нібы зазіраюць у глыб сваёй свядомасці, каб лепш зразумець сябе, навакольную рэчаіснасць, людзей, якія побач, і, магчыма, перагледзець сваё стаўленне да важных рэчаў і паняццяў.
Са спектаклем “Калі маўчанне крычыць” калектыў “Дэбюту” перамагаў на значных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, быў адзначаны дыпломам I ступені, станавіўся ўладальнікам гран-пры.
Расказваючы пра некаторыя спектаклі, Наталля Малашкевіч адзначае:
— Драматычная пастаноўка “Ганна Франк” пабачыла свет у 2021 годзе і працягвае сваё сцэнічнае жыццё дзякуючы другому складу выканаўцаў. Праект “Выжыўшыя” стартаваў у 2019 годзе з чытання мемуараў Хрысціны Жывульскай “Я перажыла Асвенцім”. З часам спектакль не раз абнаўляўся. У 2023 годзе яго дапоўнілі ўспаміны Эдзіт Евы Эгер (“Выбар”) і трагічная гісторыя Розі, гераіні кнігі Нехамы Бірнбаум (“Рыжая з Асвенціма”). Адна з яркіх сюжэтных ліній спектакля — рамантычная гісторыя зняволеных лагера Зосі і Анджэя, якую іграюць адразу тры акцёрскія пары.

Сёлета педагог вырашыла ўзняць важную і балючую для падлеткаў тэму булінгу. Спектакль “Калі маўчанне крычыць” нарадзіўся дзякуючы знаёмству з пастаноўкай Лізаветы Качатковай “Адзін”.
— Мне захацелася стварыць не менш жывы і шчыры твор, які прымусіў бы задумацца і гледачоў, і саміх акцёраў пра глыбіню перажыванняў хлопцаў і дзяўчат, якія аказаліся ахвярамі гвалту і цкавання. Тэатр стаў ідэальным інструментам, каб дапамагчы падлеткам адчуць атмасферу болю, перажыванні равеснікаў, і ў той жа час спосабам пачаць адкрытую размову пра шляхі пераадолення праблемы, — тлумачыць суразмоўніца. — Пасля заканчэння кожнага паказу гледачы маюць магчымасць пагаварыць з псіхолагамі, задаць хвалюючыя пытанні і пачуць парады прафесіяналаў.
Лідар і час

Абудзіць у сабе харызматычнага актывіста школьнікам Крупак дапамагае аб’яднанне па інтарэсах “Лідар і час”, якім з несупыннай энергіяй і запалам кіруе Алена Марцінкевіч, педагог-арганізатар па прызванні.
— У асноўным мае падапечныя — гэта дзяўчаты 10—16 гадоў. Усяго ў дзвюх групах займаюцца 24 чалавекі з трох гарадскіх устаноў адукацыі. Мэта нашага аб’яднання — фарміраванне грамадзянска-патрыятычнага выхавання і развіццё лідарскіх якасцей у дзяцей і падлеткаў, — знаёміць са сваёй дзейнасцю Алена Валянцінаўна. — Мае падапечныя на справе праяўляюць свае лепшыя піянерскія якасці, удзельнічаючы ў масавых патрыятычных і адукацыйных акцыях, гульнявых і забаўляльных праграмах, займаючыся валанцёрствам. Акрамя таго, кожны з удзельнікаў аб’яднання з’яўляецца правадніком піянерскіх ідэй, цімураўскіх спраў і актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў піянерскай супольнасці сваёй установы адукацыі. Усяго ў школах раёна працуюць 12 піянерскіх дружын, у якіх 1,5 тысячы дзяцей. Іх работу курыруюць педагогі-арганізатары, з якімі я заўсёды на сувязі.
Кожны месяц юныя лідары прымаюць удзел у дзясятцы розных мерапрыемстваў.
— На канікулах мы таксама не сядзім без справы, праводзім забаўляльныя і гульнявыя праграмы, флэшмобы для дзяцей. Да нас далучаюцца актывісты з іншых аб’яднанняў па інтарэсах і праводзяць свае майстар-класы. Летам такія мерапрыемствы праходзяць у гарадскіх парках, скверах, на цэнтральных вуліцах, — удакладняе сямікласніца Дар’я Макоўская.
З натхненнем дзеліцца сваёй гісторыяй васьмікласніца Таццяна Разанава, якая сёння ўзначальвае дзіцячую палату Крупскага раённага Савета БРПА і прадстаўляе піянераў на абласных і рэспубліканскіх сустрэчах:
— Калі вучылася ў 6 класе, у пошуках самарэалізацыі прыйшла ў Цэнтр дзіцячай творчасці і сустрэла Алену Валянцінаўну, якая запрасіла ў свой гурток. Мне вельмі хацелася займацца грамадска карыснай дзейнасцю, актыўна праяўляць сябе. Таму, калі неўзабаве прапанавалі ўзначаліць дзіцячую раённую палату, я з задавальненнем пагадзілася.
Па прызнанні юных лідараў і актывістаў, ім падабаецца сяброўская атмасфера, якая пануе ў калектыве, радуе магчымасць рабіць іншых людзей больш шчаслівымі.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара, з архіва цэнтра і газеты “Крупскі веснік”





