Як настаўніку знайсці падыход да кожнага навучэнца? Прыслухаемся да парад вопытнага педагога-псіхолага

- 17:24Новости, Психолог в школе

Педагог-­псіхолаг сярэдняй школы № 4 Івацэвіч Брэсцкай вобласці Алена Букшта з тых спецыялістаў, якія шчодра дзеляцца назапашаным вопытам з маладымі калегамі, класнымі кіраўнікамі, настаўнікамі пачатковых класаў. Дзеці ў кожным класе розныя, і для кожнага навучэнца варта ствараць на ўроках і па­-за імі сітуацыю поспеху. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Нарадзілася, жыву і працую ў Івацэвічах, — пачынае свой аповед Алена Міхайлаўна. — За агаро­джай майго дома размяшчалася сярэдняя школа № 2 (зараз гэта ліцэй), я яе выпускніца. Родная школа — маё першае працоўнае месца пасля заканчэння біялагічнага факультэта БДУ. Менавіта падчас вучобы на біяфаку я зацікавілася псіхалогіяй, таму накіравалася на факультэт перападрыхтоўкі БДПУ (у той час яшчэ педінстытут імя А.М.Горкага) па гэтую спецыяльнасць. Стаўшы педагогам-псіхолагам, на працягу 6 гадоў працавала ў сваёй школе, а потым перайшла ў сярэднюю школу № 4 Івацэвіч, дзе працую да гэтага часу. Я з першай хвалі педагогаў-псіхолагаў, якія пачыналі работу ў школах Беларусі.

Мяняюцца калегі Алены Букшта, а яна застаецца працаваць у школе, і ёй заўсёды ёсць каму перадаваць вопыт. Сярэдняя школа № 4 — самая вялікая ў Івацэвічах, зараз тут вучыцца каля 1200 дзяцей. Педагог-псіхолаг за доўгія гады на сваёй пасадзе заўважае, што праблемы, якія хвалююць дзяцей, мяняюцца, бо мяняецца час. Сёння дзеці і іх бацькі зусім іншыя, чым былі 10 гадоў назад. Раней дзяцей больш за ўсё хвалявалі праблемы міжасобасных адносін, барацьба за першынство і лідарства сярод падлеткаў, вырашэнне канфліктаў, а педагог-псіхолаг часта быў у дзяцей пасрэднікам. У старшых класах вучні былі вельмі самастойнымі, на іх можна было палажыцца. Зараз дзеці іншыя. І бацькі таксама.

— Калі раней на бацькоўскія сходы таты і мамы прыходзілі з блакнотамі і запісвалі мае рэкамендацыі, задавалі шмат пытанняў, то цяпер на схо­дзе — цішыня, — дзеліцца Алена Міхайлаўна. — Разумею, што зараз многа можна даведацца ў інтэрнэце. Яшчэ бацькі часам гавораць: “А калі мне гэтым займацца?” Сучасныя таты і мамы больш апякаюць дзяцей, значна менш ужо самастойных, незалежных, адказных старшакласнікаў. Гэта значыць, калі мама прывяла дзіця ў першы клас за ручку, то раней да 10 класа яна гэтую ручку адпускала. А цяпер прывялі за ручку ў школу і забралі са школы таксама за ручку. І праблемы вырашаюцца па-іншаму, не сіламі вучняў і педагогаў, а з далучэннем бацькоў. Часта канфлікты выліваюцца ў сацыяльныя сеткі.

Дзеці мяняюцца разам з часам — гэта натуральны працэс. І ўсе дзеці розныя. Як педагогу-прадметніку, настаўніку пачатковай школы знайсці падыход да кожнага навучэнца? Прыслухаемся да парад вопытнага педагога-псіхолага вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Алены Букшта.

Што рабіць педагогу, калі ў класе дзіця са СДУГ?

— Я называю такіх гіперактыўных дзяцей шустрыкамі, і сярод іх ёсць розныя навучэнцы. Ёсць хуткія, імпульсіўныя, рухавыя, якія спраўляюцца з заданнямі на ўроку, хоць здаецца, што яны не слухалі настаўніка. А ёсць такія, у якіх ёсць рух і актыўнасць, але мала ўвагі, таму няма і выніку работы на ўроку, і выкананага задання. Калі ў клас прыходзіць гіперактыўнае дзіця, якому цяжка ўседзець на месцы, то мы з настаўнікам абгаворваем правілы. Такое дзіця сядзіць адно за партай недалёка ад настаўніка і можа ў любы момант перайсці за канторку, якая ёсць у кожным класе. Калі ў кабінеце многа парт і ёсць свабодныя, то такому вучню дазваляецца перасесці за іншую парту. Такому дзіцяці важна рухацца, таму мы з ім стараемся гэта рабіць на перапынках, выконваем практыкаванні, каб растра­ціць залішнюю актыўнасць і каб дзіця змагло вытры­маць 45 хвілін урока. Бацькам я даю рэкамендацыі праводзіць штораніцу добрую зарадку. Настаўнік просіць гіперактыўнага вучня выканаць простыя даручэнні, напрыклад, занесці запіску ў сталовую і г.д.

Хачу падкрэсліць, што настаўніку важна не рабіць гіперактыўнаму вучню шмат заўваг, каб супраць дзіцяці не настройваліся іншыя вучні. Увага і такт — вось што галоўнае. Але нельга дазваляць дзіцяці са СДУГ выходзіць за рамкі. Раю настаўніку давесці да дзіцяці стоп-знак ці стоп-слова, каб дзіця адразу разумела, што парушае граніцы. Дзіцяці гэта падабаецца — у яго таемная дамова з настаўнікам.

Як працаваць з закрытым і сарамлівым дзіцем?

— Закрытым дзецям добра сам-насам з сабой. Эмацыянальна яны падаюцца адасобленымі, і для іх надзвычай важна адчуваць сваю прыналежнасць да класа. А гэта работа настаўніка, класнага кіраўніка, каб дзіця не стала ізгоем у класе. Важна давесці такому вучню: “Пра цябе думаюць добра”. Трэба далучаць яго да агульных мерапрыемстваў, бо закрытаму дзіцяці неабходна адчуваць сябе часткай калектыву.

Сарамлівыя дзеці часта трывожныя. Настаўніку пад сілу знізіць трывогу дзіцяці, пабудаваўшы даверлівыя адносіны з ім. Калі трывожнае дзіця ведае, што настаўнік аб’ектыўны, ставіцца да яго з разуменнем, то трывожнасць будзе зніжацца. Трэба працаваць і з класам, каб іншыя дзеці не смяяліся з памылак трывожнага дзіцяці. Працуючы з такімі дзецьмі, вучу іх аналізаваць свае эмоцыі і пачуцці, якія іх выклікаюць. Што можна зрабіць з негатыўнымі эмоцыямі? Пады­хаць глыбока, расслабіць мышцы, пераключыць увагу з унутраных перажыванняў на навакольны свет. Дзіцяці важна самому зразумець, чаму з’яўляецца трывога — страх здзейсніць памылку, з-за якой настаўнік будзе лічыць яго неразумным. А са страхам ужо можна змагацца. Напрыклад, пераключыцца на вуснае лічэнне. Работа педагога-псіхолага ў тым ліку назіраць за дзецьмі на перапынках, вылучаючы тых, хто перажывае з-за кантрольнай работы. Такіх дзяцей заўсёды бачна. Ім і неабходна аказваць падтрымку. Як прык­лад — дазволіць выплакацца.

Ці трэба аказваць псіхалагічную падтрымку адораным вучням?

— Адораныя — гэта высокаматываваныя дзеці, якія добра ўсведамляюць свае высокія здольнасці. Такі вучань хутка перапрацоўвае інфармацыю і мае патрэбу ва ўдзе­ле ў цікавых праектах, даследчай рабоце. Бывае, што аднакласнікі не вельмі добра ставяцца да такога вучня, а ён у сваю чаргу можа адпускаць жартачкі ў адрас класа, што парушае нармальнае ўзаемадзеянне ў класным калектыве. Таму мая задача — дапамагчы такому дзіцяці пазбягаць канфліктаў ці правільна іх вырашаць. Дапамагаю вучню кантраляваць яго эмацыянальны стан, умець выказаць свае эмоцыі, дазваляю тэлефанаваць мне, калі ён не можа справіцца з праблемай самастойна. Так дзіця паступова вучыцца наладжваць зносіны з класам і кантраляваць эмоцыі. Таксама мы з такім вучнем шмат размаўляем пра яго аднакласнікаў, прычым я прашу ў кожным з іх вылучыць станоўчыя рысы. Вучань убачыў добрыя рысы ў іншых дзецях, і адносіны да іх змяніліся: ён перастаў адпус­каць жартачкі. Адносіны ў класным калектыве наладзі­ліся.

Яшчэ адоранае дзіця варта далучаць да такой дзейнасці, дзе яно не будзе надта паспяховым. Навошта? Гэта неабходна для таго, каб даць яму магчымасць зразумець іншых дзяцей, убачыць, што яно можа быць непаспяховым на фоне іншых.

Ці складана настаўніку працаваць з непаспяваючымі дзецьмі?

— З непаспяваючымі дзецьмі трэба разбірацца, чаму ў іх не атрымліваецца вучыцца. Магчыма, прычына не ў ляноце, а ў залішняй маруднасці (гэта дзіця-чарапашка ў адрозненне ад дзіцяці-шустрыка), калі дзіця не можа паспяваць за дзецьмі з больш хуткім мысліцельным працэсам. Магчыма, у дзіцяці ёсць педагагічная запушча­насць — тут дапамогуць дадатковыя заняткі з настаўнікам, бацькамі, рэпетытарам. Калі справа ў адставанні развіцця пазнавальных працэсаў, то дапамогуць развіццёвыя заняткі ці інтэграваная форма навучання. Такім дзецям важна гава­рыць: “Вучыцца — гэта здорава, але гэта цяжкая праца, якая не бывае простай”. І да непаспяваючага вучня настаўнік не мае права адносіцца горш, чым да іншых. Важна пава­жаць кожнага вучня, чалавека, асобу. Каб вучыцца, дзіця павінна адчу­ваць поспех, таму можна і трэба даваць непаспяваючаму вучню заданне яго ўзроўню, з якім ён справіцца. Я гавару дзецям пра вучобу і параўноўваю яе з яздой на веласіпедзе: заўсёды неабходна кру­ціць педалі, каб не ўпасці.

У класе — дзіця-клоўн. Што рабіць настаўніку?

— Паводзіны дзіцяці-клоўна грунтуюцца на неабходнасці падтрымаць сваю самаацэнку. Такому дзіцяці неабходна порцыя ўвагі. Раю настаўніку на пачатку ўрока выдаць гэтую порцыю ўвагі — пахваліць знешні выгляд, дакрануцца да рукі такога вучня, падысці і пастаяць побач, даць індывідуальнае заданне. Інакш дзіця-клоўн усё адно гэтую ўвагу забярэ, возьме сваё. Можна з ім распрацаваць стоп-знак, каб дзіця ра­зумела, што перагібае палку. Настаўнік не павінен пускаць сітуацыю на самацёк, бо калі ён не будзе рэагаваць на “прадстаўленне” дзіцяці-клоўна, то пасля будзе цяжка справіцца. Таму я раю настаўніку абавязкова абазначыць сваю пазіцыю: “Як бы добра я да цябе ні ставіўся, але правілы адны для ўсіх вучняў, і ты павінен выконваць іх”.

Наталля КАСТЭНКА
Фота з архіва ўстановы адукацыі