Што больш важна: даць дзіцяці вялікі багаж ведаў або навучыць вучыцца? Для настаўніцы біялогіі сярэдняй школы № 1 Чавус Марыны Казак адказ відавочны: важна дапамагчы дзіцяці стаць самастойным у атрыманні ведаў і вырашэнні праблем як вучэбных, так і штодзённых. З гэтай мэтай педагог фарміруе ў вучняў метапрадметныя кампетэнцыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Словы пісьменніка і вучонага Роджэра Левіна “Мы занадта часта даём дзецям адказы, якія трэба вывучыць, а не ставім перад імі праблемы, якія ім трэба вырашыць” для Марыны Іванаўны з’яўляюцца кіраўніцтвам да дзеяння.
Што ўключае ў сябе ўрок з прымяненнем метапрадметных кампетэнцый?
— Гэта такі ўрок, дзе ідзе асэнсаванае чытанне тэксту (што пераплятаецца з чытацкай дасведчанасцю), пошук адказаў на пытанні, якія патрабуюць супастаўлення інфармацыі з розных частак тэксту, дзе вучні праяўляюць уменне трансфармаваць адны віды інфармацыі ў іншыя: табліцу ў графік і назад, тэкст у табліцу або схему, дыяграму і алгарытм, — гаворыць Марына Іванаўна. — Сярод плануемых вынікаў навучання на метапрадметным уроку будуць прадметныя кампетэнцыі, якія суадносяцца з тэмай урока, асобасныя, калі вучань усведамляе важнасць фарміравання сваіх пазнавальных інтарэсаў і матываў, накіраваных на вывучэнне матэрыялу, і метапрадметныя кампетэнцыі, якія праяўляюцца ва ўменні знаходзіць і выкарыстоўваць патрэбную інфармацыю для выканання заданняў.
Метапрадметы злучаюць у сабе ідэю прадметнасці і адначасова надпрадметнасці. Вучні не запамінаюць, але асэнсоўваюць, прасочваюць паходжанне найважнейшых паняццяў пэўнай прадметнай галіны ведаў. Важныя не самі азначэнні паняццяў, а спосабы работы з імі на розным прадметным матэрыяле. Дзеці асвойваюць універсальныя вучэбныя дзеянні і кампетэнцыі, якія складаюць аснову ўмення вучыцца.
Варта не проста вучыць рашаць задачы па фізіцы, а паказваць вучням дзеянне асноўных фізічных законаў, такіх як, напрыклад, закон Ньютана, у жыцці, тлумачыць, як можна прымяніць атрыманыя веды па хіміі і біялогіі, навошта патрэбна геаметрыя і алгебра. І тады ў дзіцяці з’явіцца галоўнае — жаданне і сэнс вучыцца.
Самастойна здабываць веды Марына Іванаўна вучыць нават шасцікласнікаў, як толькі пачынаецца курс біялогіі.
— Як і эвалюцыя ішла паступова ад простага да складанага, так і ў вучобе важная паэтапнасць, — адзначае суразмоўніца. — У 6 класе можна вучыць дзяцей знаходзіць галоўнае ў тэксце і спрабаваць растлумачыць, чаму яны так вырашылі. У сярэднім звяне я даю больш практыка-арыентаваных заданняў. Так, пры вывучэнні вегетатыўнага размнажэння раслін вучні выконваюць практычную работу дома: вядуць назіранні за чаранкамі і парасткамі розных раслін, даведваюцца, якія віды раслін і пры якіх умовах хутчэй пускаюць карані, спрабуюць гэтыя веды прымяніць на доследным участку школы. Мы шукаем адказы на папулярныя пытанні: ці цвіце папараць-кветка, які плод у голанасенных, што агульнага паміж сфінксам і лішайнікам?
У старшым звяне педагог выкарыстоўвае метапрадметнае навучанне. Вучні складаюць кластары, запаўняюць табліцы, ствараюць праекты. На кожным этапе ўрока ставяць мэты, шукаюць галоўнае і аперыруюць ведамі. Напрыклад, на ўрок па вывучэнні разнастайнасці паўзуноў дзеці загадзя рыхтуюць паведамленні аб гэтых жывёлах, вызначаюць галоўныя асаблівасці прадстаўнікоў розных атрадаў. Так лепш засвойваецца новы матэрыял, чым калі тлумачыць тэму з нуля. У працэсе ўрока педагог выступае ў ролі суправаджальніка дзяцей на шляху атрымання ведаў, удакладняе і дапаўняе інфармацыю.
— Пры тлумачэнні новага матэрыялу прапаную вучням маршрутны ліст, кожны працуе з пералікам заданняў у ім: запаўняе схему, вылучае галоўную інфармацыю, расшыфроўвае дыяграму. На занятках арганізоўваю вучэбнае супрацоўніцтва і сумесную дзейнасць вучняў з настаўнікам і аднакласнікамі (гэта ўжо метапрадметныя ўменні), — падкрэслівае Марына Іванаўна. — Можна працаваць індывідуальна і ў групе, але вырашаць праблемы з улікам інтарэсаў адно аднаго, згодна з прынцыпам роўнай кааперацыі, партнёрства. Пры гэтым кожны будзе фармуляваць, аргументаваць і адстойваць сваё меркаванне. Дзеці будуць атрымліваць інфармацыю з розных крыніц і самі ацэньваць яе дакладнасць і паўнату.
На ўроку, прысвечаным дынамічным уласцівасцям папуляцый, у 10 класе настаўніца спачатку правярае дамашняе заданне ў форме пісьмовага апытання, вучні робяць самаправерку і самаацэнку вынікаў. Далей ім прапануецца маршрутны ліст, які складаецца з трох пунктаў. Дзеці знаёмяцца з галоўнай інфармацыяй у падручніку па тэме, адказваюць на пытанні, выконваюць заданне са зборніка ЦТ. Затым запаўняюць схему, дзе прапісваюць структуру папуляцыі з апорай на падручнік (прасторавая структура, узроставая, эталагічная). І, нарэшце, вызначаюць па дыяграме папуляцыю, якая расце, альбо з’яўляецца стабільнай. У другой частцы ўрока вырашаюць сітуацыйную задачу і заданні на замацаванне ведаў.
Сітуацыйная задача
Узнікла пытанне аб ахове рэдкага віду млекакормячых на адной з двух тэрыторый. На адной з іх жывуць дарослыя пладавітыя асобіны, але няма маладых. На другой існуюць маладыя, але загінулі дарослыя. Які з двух участкаў вы вырашылі б выбраць для запаведніка?
Метапрадметныя тэхналогіі былі распрацаваны яшчэ і для таго, каб вырашыць праблему раз’яднанасці, адарванасці адно ад аднаго розных навуковых дысцыплін, прадметаў.
— Важна памятаць і пра тое, як на ўроках па іншых прадметах будзе развівацца мысленне, уяўленне і самастойнасць вучня, як ён будзе звязваць сістэму паняццяў вашага прадмета з сістэмай іншага прадмета, — гаворыць педагог. — Пажадана ўводзіць міжпрадметныя паняцці і нацэльваць на прымяненне ведаў на практыцы, абмяркоўваць запатрабаваныя прафесіі і кірункі, дзе спатрэбяцца біялагічныя веды: тэхнік-тэхнолаг, фельчар ветэрынарнай медыцыны, лясная гаспадарка, інжынерная экалогія, “зялёная” хімія, прыродныя рэсурсы.
***
На метапрадметным уроку часта арганізоўваецца пошукавая дзейнасць праз пастаноўку праблемы, генерацыю ідэй, супастаўленне пунктаў гледжання, пазіцый, аргументаў. Вучні разважаюць, робяць высновы, арганізоўваць сумесную дзейнасць з настаўнікам і аднагодкамі, прымяняюць веды.
Разгледзім урок па тэме “Атрутныя жывёлы”. Марына Іванаўна прапануе вучням самім сфармуляваць тэму і мэты ўрока і выступіць па тэме з паведамленнямі, падрыхтаванымі дома. У выніку робіцца выснова, што яд неабходны тым жывёлам, якія ўразлівыя, альбо тым, якія маюць патрэбу ў эканоміі энергіі ў працэсе палявання.
Клас дзеліцца на дзве групы. Кожны вучань павінен будзе выказаць свае ідэі, уважліва выслухаць партнёраў.
Кейс-заданні для груп
1. Доўгі час лічылі, што сярод птушак атрутныя віды адсутнічаюць. Аднак у 1989 годзе амерыканскія навукоўцы даследавалі птушак у лясах Новай Гвінеі. Злоўленыя драздовыя мухалоўкі (пітоху), не большыя за сойку, балюча драпалі і дзяўблі рукі. Ранкі балелі, і людзі міжволі падносілі іх да рота, каб намачыць слінай. У выніку вусны імгненна нямелі.
2. Хімікі выявілі яд у скуры, пёрах і іншых унутраных органах мухаловак, што адразу стала сенсацыяй у навуковым свеце. Самым дзіўным было тое, што яд новагвінейскай птушкі падобны да батрахатаксіну, які літаральна насычае цела калумбійскіх жаб-дрэвалазаў. Як і ў выпадку з дрэвалазамі, яркае аранжава-чорнае апярэнне пітоху сігналізуе аб іх атрутнасці і папярэджвае драпежнікаў, што лавіць тут няма чаго. Але ў гэтых птушак не так шмат ворагаў.
Для кожнай групы пазначаецца праблемнае пытанне: 1. Для чаго з’явіўся яд у птушак (драздовых мухаловак)? 2. Ці з’яўляецца яд у мухаловак дасягненнем эвалюцыі? Першая група вылучае свае гіпотэзы па пытанні, другая група вырашае пытанне.
Пасля выканання задання групы афармляюць справаздачу ў выглядзе табліцы.
Выснова, якую робіць клас: “Усе гіпотэзы з’яўлення яду ў драздовых мухаловак лагічныя, цікавыя. Але навука яшчэ не даказала, для чаго з’явіўся яд у гэтых птушак. Спачатку лічылі, што ім давялося стаць атрутнымі зусім нядаўна — для абароны ад людзей-паляўнічых. Але ўсё ж такі больш пераканаўчай здаецца гіпотэза аб адпужванні птушыных вошай, на якіх батрахатаксін дзейнічае смяротна. Будзем сачыць за гэтым адкрыццём і далей”. Вучні самі даюць ацэнку вынікам сваёй дзейнасці на ўроку.
Надзея ЦЕРАХАВА