Як навучэнцы Пінскага аграрнага тэхналагічнага каледжа інвесціруюць у сваю будучыню

- 9:00Абитуриент, Главная, Образование

Як педагогі і навучэнцы Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа распрацоўваюць рэцэптуры прадуктаў харчавання, праводзяць заняткі ў сучасных лабараторыях і ўласным анатамічным музеі, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Амаль 80 гадоў Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж рыхтуе кадры для перапрацоўчай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Штогод установа выпускае каля 300 высокакваліфікаваных спецыялістаў для айчыннага аграпрамысловага комплексу ў галіне машын і апаратаў харчовых вытворчасцей, тэхналогій захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны, заатэхніі і ветэрынарнай медыцыны.

На дзённай і завочнай форме тут вучацца каля 1,1 тысячы чалавек. Праблем з наборам абітурыентаў і размеркаваннем маладых спецыялістаў няма дзякуючы мэтанакіраванай прафарыентацыйнай рабоце са школамі рэгіёна і цеснаму ўзаема­дзеянню з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

— Адно з асноўных нашых базавых прадпрыемстваў — Пінскі мясакамбінат. На яго тэрыторыі арганізаваны вучэбны клас, у якім нашы навучэнцы мо­гуць праходзіць усе віды практык. Усяго ж намі заключана 19 дагавораў аб супрацоўніцтве з арганізацыямі вобласці. Мы настроены на ўзаемадзеянне з Мінскім заводам пеністых він, “Крыніцай” і Бярозаўскім мясакансервавым камбінатам, — паведаміў дырэктар установы Мікалай Вакульчык.

Апошнія тры гады Пінскі аграрны тэхналагічны каледж прызнаецца лепшай УССА Брэсцкай вобласці, канечне ж, дзякуючы ўмеламу кіраўніцтву і высокаму прафесіяналізму калектыву.

— Мы штогод удзельнічаем у конкурсах прафесійнага майстэрства і ганарымся нашымі поспехамі. Так, сёлета наша каманда вынікова выступіла ў кампетэнцыях “Ветэрынарная медыцына” і “Заатэхнія”, заняўшы адпаведна 2-е і 3-е месцы ў рэспубліцы. У папярэднія гады былі і 1-я месцы, але канкурэнцыя з кожным годам расце, — дадаў Мікалай Іосіфавіч.

М. Вакульчык, Г. Сахнюк і А. Туча

Ён узначальвае Пінскі аграрны тэхналагічны каледж ужо сем гадоў. Падначаленыя лічаць яго сапраўдным прафесіяналам, ініцыятыўным і патрабавальным кіраўніком, адказным, уважлівым, тактоўным і добрасумленным чалавекам. Да таго ж Мікалай Іосіфавіч — арганізатар і натхняльнік шматлікіх творчых спраў. У рабоце аддае перавагу інавацыйным метадам адукацыі і выхавання, умела спалучаючы іх з традыцыйнымі, уважліва адсочвае перадавы вопыт і актыўна ўкараняе яго ў практыку.

Зараз у каледжы працуюць больш за 80 выдатных педагогаў, 89% з іх маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Прычым амаль палова выкладчыкаў — былыя выпускнікі ўстановы. Іх майстэрства і прафесіяналізм дапамагаюць кожнаму навучэнцу стаць не толькі спецыялістам, але і цікавай, усебакова развітой асобай.

Разумеюць у каледжы і важнасць пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва. Зараз установа ўзаемадзейнічае з Пракоп’еўскім аграрным каледжам і Назранаўскім аграрным тэхнікумам імя І.Б.Зязікава.

— Супрацоўніцтва вядзецца ў напрамку ветэрынарнай медыцыны. Педагогі абменьваюцца вопытам, праводзяць сумесныя вэбінары. Думаю, у хуткім часе мы сустрэнемся і афлайн, — дадаў Мікалай Вакульчык.

Эксперыменты і інавацыі

Шмат увагі ў Пінскім аграрным тэхналагічным каледжы ўдзя­ляецца навукова-даследчай дзейнасці. Тут штогод право­дзіц­ца канферэнцыя “Даследаванне — першы крок у навуку” па сямі дысцыплінарных секцыях. На працягу навучальнага года каля 50 юнакоў і дзяўчат пі­шуць даследчыя работы, а потым прадстаўляюць іх на розных канферэнцыях.

Так, навучэнцы пад кіраўніцтвам педагогаў распрацоўваюць новыя рэцэптуры мясных і малочных прадуктаў, гатуюць доследныя ўзоры ў лабараторыях, вызначаюць іх фізіка-хімічныя і мікрабіялагічныя паказчыкі, паспяхова прэзентуюць свае вырабы на дэгустацыях. Дарэчы, ва ўстанове функцыянуе некалькі сучасных лабараторый, дзе даследуецца мікрабіялогія малочных і мясных прадуктаў, а таксама праводзіцца іх тэхнахімічны кантроль і хіміка-бактэрыялагічны аналіз.

— Каўбаска хатняя з грэцкім арэхам, вяндліна сечаная з мяса птушкі з дабаўленнем папараці арляку, адыгейскі сыр з рознымі дадатковымі кампанентамі — гэтыя і іншыя прадукты распрацоўваюць нашы педагогі і навучэнцы. Зараз модныя напіткі на аснове маслёнкі. Мы іх робім і з мятным смакам, і з апельсінавым, і з какосавай стружкай. Сучасная моладзь — прыхільнікі здаровага харчавання, таму яны распрацоўваюць несалодкія напаўняльнікі для ёгурта. Гадзін тэхналогіі ў каледжы шмат, але толькі ў лабараторыях адбываецца сапраўдная практыка, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Наталля Чыжыкава.

Яна падкрэсліла, што такая дзейнасць пашырае кругагляд навучэнцаў, яны вучацца назі­раць, аналізаваць, рабіць высновы. Усё гэта робіць іх лепшымі ў прафесіі.

А яшчэ ў каледжы ёсць уласны анатамічны музей, які рэгулярна папаўняецца спецыяльнымі экспанатамі, што выкарыстоўваюцца ў якасці наглядных дапаможнікаў пры вывучэнні ветэрынарных прадметаў.

— У анатамічным музеі праводзяцца практычныя, лабараторныя заняткі і вучэбныя практыкі па прадметах “Анатомія і фізіялогія сельскагаспадарчых жывёл”, “Паталагічная фізіялогія і паталагічная анатомія”, “Ветэрынарная хірургія”, “Акушэрства, гінекалогія і біятэхніка размнажэння сельскагаспадарчых жывёл”. Тут больш за 1 тысячу экспанатаў, прадстаўлены косці, засушаныя мышцы, закансерваваныя органы, гіпсавыя муляжы. Да таго ж у нас ёсць камплекты касцявога матэрыялу, і кожны навучэнец на занятках можа добра вывучыць іх, што ў далейшым спатрэбіцца ў прафесійнай дзейнасці. Дарэчы, муляжы ўвесь час патрабуюць абнаўлення, і ў гэтым дапамагаюць нашы навучэнцы і выпускнікі. У музеі ёсць і элементы інтэрактыўнасці — каля многіх экспанатаў размешчаны QR-коды, калі перайсці па іх, то трапіш на прэзентацыю ці відэафільм, — праінфармавала выкладчык каледжа Кацярына Дзікавіцкая.

Адзін з прыярытэтаў установы адукацыі — інавацыйная дзейнасць. Шэсць гадоў назад выкладчыкі паспяхова рэалізавалі рэспубліканскі праект па ўкараненні тэхналогіі мабільнага навучання ў адукацыйны працэс УПТА і УССА, дзякуючы чаму працу­юць 12 прадметных блогаў. Затым была работа над рэспубліканскім эксперыментальным праектам па апрабацыі методыкі ацэнкі педагагічнай эфектыўнасці сучасных адукацыйных тэхналогій у выкладанні вучэбных дысцыплін прафесійнага кампанента.

Зараз каледж падаў заяўку на рэалізацыю інавацыйнага праекта “Укараненне методыкі стварэння адкрытых інфармацыйных адукацыйных рэсурсаў”, старт якому будзе дадзены ў верасні.

Ёсць чым ганарыцца

Безумоўна, місія каледжа — падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў для сацыяльна-эканамічнай сферы краіны. Аднак у першую чаргу тут выхоўваюць свядомых і актыўных грамадзян Беларусі, таму дэвіз установы гучыць так: “Выхаванне і адукацыя — найлепшая інвестыцыя ў будучыню”.

Педагогі і навучэнцы кале­джа займаюцца добраўпарадкаваннем і ўтрыманнем у належным стане васьмі воінскіх пахаванняў, помнікаў і мемарыяльных комплексаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Пад патранажам навучэнцаў знаходзіцца сям’я вязняў фашысцкіх канцлагераў з вёскі Вішэвічы — Мікалай і Антаніна Шукала. Да таго ж кожны тыдзень праводзяцца мерапрыемствы ваенна-патрыятычнай накіраванасці.

Варта сказаць, што ўстанова адукацыі размешчана на вуліцы Альхоўскіх. 18 кастрычніка мінулага года значнай падзеяй стала правядзенне мерапрыемства, прысвечанага 120-годдзю з дня нараджэння марака-дняпроўца Пятра Альхоўскага, які разам са сваім 15-гадовым сынам Алегам загінуў пры вызваленні Пінска 12 ліпеня 1944 года.

— Самім лёсам нам наканавана свята захоўваць і папулярызаваць памяць загінуўшых герояў, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Іна Мацкевіч. — Нашы навучэнцы з аб’яднання “Патрыёт” правялі вялікую даследчую работу па аднаўленні біяграфіі бацькі і сына Альхоўскіх. Асноўныя звесткі мы размясцілі на стэндзе ў фае каледжа. А затым у Санкт-Пецярбургу адшукалі ўнучку Пятра Яфімавіча Марыну, і яе сын Вячаслаў са сваімі дзецьмі 14 ліпеня прыязджаў на святкаванне 80-й гадавіны вызвалення Пінска. Ён прызнаўся, што вельмі крануты такім стаўленнем пінчан да памяці яго продкаў.

Аднак навучэнцы не спыняюцца на дасягнутым і працягва­юць вывучаць лёсы іншых маракоў Дняпроўскай флатыліі.

— Станаўленне маладога чалавека як прафесіянала адбываецца і праз арганізацыю валанцёрскага руху. Наш атрад “Добрае сэрца” заняў 2-е месца ў намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад” сярод навучэнцаў УССА і студэнтаў УВА на абласным этапе рэспуб­ліканскага конкурсу “Валанцёр года — 2023”. Летась былі сфарміраваны 9 студатрадаў, у склад якіх увайшлі 80 чалавек. Трэба адзначыць, што студатрадаўцы каледжа штогод увахо­дзяць у тройку лідараў Брэстчыны. А вытворчы атрад “Зорка” імя ­Г.К.Жукава быў прызнаны лепшым на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Працоўны семестр”. Увогуле пра тое, кім мы ганарымся, можна гаварыць бясконца, — дадала Іна Міхайлаўна.

Кожны год педагогі і навучэнцы каледжа заваёўваюць некалькі дзясяткаў дыпломаў у розных конкурсах, алімпіядах і спаборніцтвах. Гэта і ня­дзіўна, бо ва ўстанове працу­юць 15 творчых аб’яднанняў па інтарэсах рознага кірунку. Значная ўвага ўдзяляецца развіццю тэхнічнай творчасці і рацыяналізатарства. Такая дзейнасць дае дадатковыя навыкі, карысныя для будучай прафесіі, а таксама вучыць падыходзіць крэатыўна да любой справы. Увага да тэхнічнай творчасці дазволіла праявіць сябе мноству талентаў. Сем гадоў назад ва ўстанове з’явілася пастаянна дзеючая выстава тэхнічнай творчасці, дзе дэманструюцца вынаходкі навучэнцаў і педагогаў.

Важную ролю ў выхаваўчай рабоце адыгрываюць музейныя пакоі баявой славы Піншчыны і “Беларуская хатка”, дзе моладзь на мясцовым матэрыяле засвойвае ўрокі гераічнага мінулага і знаёміцца з народнай культурай.

Развіваць фізічныя даныя навучэнцаў дазваляе добрая матэрыяльная база, а таксама заўзятасць і кваліфікацыйны ўзровень выкладчыкаў. Як вынік — каледж 6 гадоў запар з’яўляецца лідарам у абласной спартакіядзе сярод дзявочых каманд, а сёлета заняў 1-е месца і ў спартакіядзе сярод юнакоў.

— Неталенавітых людзей не бывае, але для таго, каб асоба раскрылася, неабходна ства­рыць спрыяльныя ўмовы, — перакананы дырэктар, і менавіта такую задачу ён ставіць і перад сабой, і перад калектывам.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара