У сталіцы прайшоў IX Міжнародны фестываль «Прафсаюз без меж», які аб’яднаў прадстаўнікоў Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і Агульнарасійскага прафсаюза адукацыі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Арганізатарам выступіла Мінская гарадская арганізацыя галіновага прафсаюза, удзельнікамі сталі маладыя педагогі, прафсаюзны актыў з Масквы, Смаленскай, Тульскай, Бранскай абласцей Расіі, а таксама Мінска, Мінскай, Магілёўскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей.
— Сімвалічна, што падчас правядзення фестывалю ва Уфе прайшоў Х Форум рэгіёнаў Расіі і Беларусі, а ў Мінску яшчэ і міжнародны маладзёжны прафсаюзны форум «ТЕМП-2023», — адзначыла старшыня Мінскай гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза Ларыса Волкава. — У 2013 г. па ініцыятыве былых старшынь Віцебскай, Мінскай і Смаленскай абласных арганізацый прафсаюза на Міншчыне адбыўся першы фестываль. І ўжо ў першы год з’явіўся дэвіз «Прафсаюз без меж». З кожным годам прадстаўніцтва ўдзельнікаў пашыралася. Па чарзе фестываль праходзіў у Смаленску, Віцебску, Пскове, у Мінскай вобласці, Магілёве, Бранску.
Мінская гарадская арганізацыя далучылася да прафсаюзнага фестывальнага руху ў 2017-м, а ў 2022-м атрымала пераходны кубак і права на правядзенне значнага мерапрыемства ў Мінску.
Урачыстае адкрыццё фестывалю адбылося ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ранак», дзе быў арганізаваны флэш-моб удзельнікаў форуму. Перад камандамі выступіў ансамбль «Рытмічнае нашэсце» Палаца дзяцей і моладзі «Золак». Маладыя педагогі наведалі мультыпарк «100 ідэй для творчасці» і майстар-класы па саломапляценні, дэкаратыўна-прыкладной творчасці, аквагрыму і інш. Дамашняе заданне крэатыўных каманд было прадстаўлена праз цікавую выставу ў фае ўстановы.
— Мы вельмі рады наведаць гэты фестываль. Дарэчы, штогод прымаем удзел у ім, — падзяліўся ўражаннямі дырэктар Палаца творчасці дзяцей і моладзі Смаленска Максім Дзмітрыеў. — Хацелася б паглядзець, як развіваецца сістэма дадатковай адукацыі ў Мінску і ў Беларусі ў цэлым, падзяліцца вопытам і сваімі напрацоўкамі. У прыватнасці, у нас развіваецца ўнікальны напрамак — дзіцячае аркестравае аб’яднанне, якое налічвае больш за 150 дзяцей. Яны выступаюць на мерапрыемствах рознага ўзроўню і заваёўваюць узнагароды, у тым ліку на міжнародных спаборніцтвах. Хацелі б запазычыць і штосьці для сябе. Нядаўна мы заключылі дагавор аб супрацоўніцтве з Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Маяк» Ленінскага раёна Мінска і зараз вызначаем напрамкі, па якіх можам быць карыснымі адно аднаму.
У межах адкрыцця фестывалю прайшоў сапраўдны прафсаюзны ўрок «Прафсаюз праз пакаленні», які правяла Ларыса Волкава. У ім прынялі ўдзел старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Мікалай Башко, старшыня Маскоўскага раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Наталля Панамарэнка і інш.
Як падняць прэстыж педагагічнай прафесіі ў грамадстве? Як павысіць замацавальнасць маладых спецыялістаў на першым рабочым месцы? Ці з’яўляецца заработная плата гарантам таго, што малады педагог затрымаецца ў прафесіі? Якая роля прафсаюза ў гэтым? Якія ўмовы павінны стварацца непасрэдна ва ўстановах адукацыі? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў фестывалю.
— Некаторы час назад і ў нас, і ў Расіі мы сутыкнуліся з праблемай, калі на педагагічныя спецыяльнасці пачалі паступаць абітурыенты з нізкім узроўнем ведаў, — адзначыла Таццяна Якубовіч. — Каб выправіць сітуацыю, па ўсёй краіне пачалі стварацца педагагічныя класы. У правілы прыёму ва УВА былі ўнесены льготы пры паступленні выпускнікоў педкласаў. Апошнія гады мы назіраем тэндэнцыю, што ў педагагічныя УВА прыходзяць матываваныя абітурыенты, якія ўсвядомлена выбіраюць прафесію. І нам, дарэчы, лёгка выбіраць з іх прафсаюзны актыў. Лічу, што педагогам трэба нарадзіцца. А замацавальнасць кадраў — прыблізна 80 % — сведчыць пра тое, што ў прафесіі застаюцца матываваныя настаўнікі, якія і душой, і сэрцам гатовы працаваць з дзецьмі. Каб падтрымаць іх, у калектыўных дагаворах у нас прапісаны спосабы стымулявання маладых педагогаў на месцах.
Чаму не ўсе пачынаючыя спецыялісты жадаюць затрымлівацца на першым рабочым месцы? На думку старшыні Мінскага гарадскога аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Аляксандра Шчаковіча, праблема адна — высокія чаканні маладых спецыялістаў ад першага рабочага месца: заработная плата, умовы працы, патрэбы.
— Каб атрымліваць і належную заработную плату, і рухацца па кар’ернай лесвіцы, неабходна шмат вучыцца, праяўляць сябе, напрацоўваць вопыт. На жаль, не кожны малады спецыяліст, які прыходзіць на рабочае месца, падрыхтаваны да гэтага, — мяркуе Аляксандр Шчаковіч. — Да таго ж замацавальнасць моладзі залежыць ад стварэння ўмоў для яе на прадпрыемстве. Адмаўленне прадпрыемстваў ад так званай сацыялкі (ведамасных дзіцячых садзікаў, інтэрнатаў, аздараўленчых лагераў для дзяцей і інш.) таксама адыграла сваю ролю. Як паказвае практыка, зарплата не з’яўляецца ў поўнай меры гарантам затрымання работніка на працоўным месцы.
Удзельнікі фестывалю азнаёміліся са станоўчымі прыкладамі замацавальнасці маладых педагогаў. Так, у сталічнай гімназіі № 41 пануе атмасфера ініцыятывы, творчасці, крэатыву, якая вельмі падабаецца маладым. Тут ведаюць, што пачынанні заўсёды падтрымліваюцца. Ва ўстанове няма цякучкі кадраў. Больш за тое, усе студэнты, якія летась прыйшлі на практыку, у новым навучальным годзе будуць працаваць у гімназіі па размеркаванні.
Усе прысутныя маглі стаць відавочцамі яркага прадстаўлення каманд. А завяршальным акордам адкрыцця фестывалю стаў гімн «Прафсаюз настаўнікаў», які падарылі педагогі гімназіі № 17 Мінска.
Першы дзень завяршыўся агляднай экскурсіяй па Мінску. Адбылося ўскладанне кветак да стэлы «Мінск — горад-герой».
Падчас фестывалю прайшлі прафесійныя сустрэчы, захапляльныя экскурсіі і трэнінгі ў лепшых традыцыях прафсаюзнага руху. Так, напрыклад, удзельнікі наведалі індустрыяльны парк «Вялікі камень», музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, пабывалі на адкрыцці выставы кітайскіх тавараў і паслуг, майстар-класе «Прафсаюз і моладзь: задачы, рэсурсы, развіццё» на базе гімназіі № 25 імя Рымы Шаршнёвай Мінска.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара