Як падрыхтаваць алімпіядніка, ведае настаўнік працоўнага навучання Кармянскай гімназіі Анатоль Кармужанін

- 12:00Персона

“Цвікі забіваць лёгка, — усміхаецца настаўнік працоўнага навучання Кармянскай гімназіі Анатоль Кармужанін. — Іншая справа — падрыхтаваць алімпіядніка. Задача не на адзін год, калі і педагогу вельмі шмат трэба ведаць і ўмець, і вучань павінен быць таленавітым”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Стамескі для залатога медаліста

Выхаванец Анатоля Адамавіча выпускнік Кармянскай гімназіі Кірыл Каляда сёлета заваяваў дыплом II ступені на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Працоўнае навучанне”. У абласным туры ў яго быў дыплом І ступені. Юнак і да гэтага меў нямала перамог на конкурсах рознага ўзроўню. Напрыклад, заваяваў дыплом II ступені на Рэспубліканскай інтэрнэт-алімпіядзе па тэхнічнай працы, якая праводзілася Нацыянальным інстытутам адукацыі. Самае апошняе дасягненне юнака — 100 балаў на цэнтралізаваным экзамене па матэматыцы.

На развітальнай лінейцы апошняга школьнага званка любімы настаўнік працоўнага навучання зрабіў Кірылу асабісты падарунак — набор стамесак для мастацкай разьбы. Педагог упэўнены, што інструменты залатому медалісту, які ўжо сёння прафесіянал па геаметрычнай разьбе, у будучыні абавязкова спатрэбяцца.

Злавіць момант

Каня можна падвесці да вадапою, але напіцца яго нельга прымусіць. Гэтую вядомую народную мудрасць педагог успамінае, калі мы з ім гаворым пра матывацыю школьнікаў: “Важна, каб у вучня з’явілася іскрынка ў вачах. Трэба зла­віць гэты момант і скарыстацца ім. У маёй практыцы было такое: адзін вучань пазайздросціў, што іншы зрабіў штосьці прыгожае сваімі рукамі, і сам захацеў зрабіць такое ж. З другім руплівым хлопчыкам мы рыхтаваліся да алімпіяды. У яго менавіта ў 8 класе з’явілася цікавасць да прадмета. Я спытаў: “Што ты хочаш зрабіць?” Калі ён вызначыўся, я назаўтра знайшоў патрэбны матэрыял, каб ён не астыў, а зрабіў адразу задуманае”.

“Стварай! Прыдумвай! Майструй!” і “Справа майстра баіцца” — менавіта гэтыя дэвізы натхняюць вучняў у гімназічным кабінеце працоўнага навучання.

Дарэчы, тут амаль усе стэнды, інструменты і мэбля створаны рукамі настаўніка і яго вучняў. Вучэбная майстэрня стала творчай лабараторыяй для правядзення ўрокаў па тэхнічнай працы і для пазакласных заняткаў. Калегі кажуць, што літаральна кожны вучань Анатоля Кармужаніна пад увагай і клопатам педагога.

“Асноўнымі рысамі яго прафесійнай дзейнасці з’яўляюцца бачанне магчымых рашэнняў праблемы якасці ведаў, пошук аптымальных шляхоў дасягнення канчатковага выніку”, — адзначае загадчык Кармянскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Эла Фамічова, якая сама доўгі час выкладала  працоўнае навучанне.

Сваяцкае выхаванне

“Мабыць, адну сярэднюю школу можна было б цалкам укамплектаваць педагогамі — членамі маёй сям’і і сям’і маёй жонкі, былой настаўніцы рускай мовы і літаратуры Вольгі Барысаўны, — усміхаецца Анатоль Кармужанін. — Цётка Марыя Нічыпараўна Грудзько была маёй першай настаўніцай у Чырванавольскай школе Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. А з 5 класа родны дзядзька настаўнік геаграфіі Анатоль Рыгоравіч Грудзько стаў класным кіраўніком. Яны мяне трымалі ў абцугах. Неяк атрымаў двойку па матэматыцы. Прыйшоў дадому, сеў за ўрокі. У пакой уваходзіць бацька і пытаецца голасам, які нічога добрага не прадвяшчае: “Гэта я цябе што, працай так моцна загрузіў?” Пасля таго выпадку ў мяне дрэнных адзнак не было”.

Прыклад бацькоў для дзіцяці — самае важнае, упэўнены настаўнік. Анатоль Адамавіч прыводзіць факты са свайго жыцця. Яго сыны Дзмітрый і Сяргей педагогамі не сталі. Між тым за атрыманую імі вышэйшую адукацыю ў галіне архітэктуры і будаўніцтва, як і далейшую паспяховую работу па спецыяльнасці, шмат у чым удзячны бацьку. Гэта ён навучыў іх працаваць рукамі і творча думаць: “Калі бацька штосьці робіць, дзеці імкнуцца паўтараць за ім. Нас у сям’і было чацвёра дзяцей — усе вопыту набіраліся ад бацькоў. У 10 гадоў я з бацькам Адамам Аляксандравічам ужо нарыхтоўваў сена падчас летніх канікул. У 4 раніцы паднімаліся і касілі, пакуль не наступіць спякота. З сабой на сенажаць бралі не бутэрброды, а бульбачку. У салдацкім кацялку варылі сабе ежу. Пасля няхітрага снедання складалі граблямі тое сена, якое ўжо высахла. Вярталіся дадому стомленыя, але вельмі задаволеныя”.

Заканамерныя выпадковасці

Тут мы ўспамінаем савецкае дзяцінства. Анатоль Адамавіч узгадвае, як на класных гадзінах школьнікі чыталі газету “Пионерская правда”, у якой часткамі друкавалася аповесць Яўгенія Рыса “Дзяўчынка шукае бацьку”: “Як мы чакалі працяг! Ведаеце, цяпер не хапае вось такіх твораў літаратуры для дзяцей. У 60—70-я гады мінулага стагоддзя мы жылі на вуліцы, шмат гулялі ў вайну, рабілі сабе зброю з падручных матэрыялаў. Вось гэта і было патрыятычнае выхаванне. Мы хацелі быць падобнымі на вядомых вайскоўцаў ці на шахцёраў. Цяпер мы таксама выхоўваем у нашых дзяцей гордасць за сваю працу, за краіну, за людзей. Патрыятычныя кнігі могуць гэтаму садзейнічаць”.

Любімым школьным прадметам Анатоля Адамавіча была хімія. Таму і планаваў спачатку паступаць у Брэсцкі педагагічны інстытут на хіміка-біялагічны факультэт. Але, калі ўжо сабраў дакументы для адпраўкі, убачыў у газеце “Знамя юности” запрашэнне вучыцца ў Мазырскім педінстытуце: “Прачытаў, чаму там ву­чаць, і адразу падаў дакументы. У выніку ў 1978 годзе скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай па спецыяльнасці “Агульнатэхнічныя дысцыпліны і праца (з дадатковай спецыялізацыяй “Фізіка”)”. На поўнач Гомельшчыны трапіў па размеркаванні. Першы год у Журавіцкай школе на Рагачоўшчыне вёў працоўнае навучанне. А потым ужо толькі фізіку і інфарматыку. У школах Кармянскага раёна стаў працаваць з 2006 года. І толькі 8 гадоў назад зноў стаў выкладаць працоўнае навучанне. Цяпер вось у Кармянскай гімназіі. Так што па стажы менавіта сярод настаўнікаў працоўнага навучання ў раёне я самы малады”.

Індывідуальны падыход

У аб’яднанні па інтарэсах, якое вядзе Анатоль Адамавіч, падрастаюць юнакі, якія маюць пэўныя дасягненні ў розных конкурсах па працоўным навучанні. Настаўнік шукае індывідуальны падыход да кожнага з вучняў: “Ёсць тыя, каго вельмі лёгка навучыць. Сказаў вучню — і ён схапіў адразу. Ёсць тыя, каму трэба растлумачыць некалькі разоў. Але калі ён ужо засвоіў, то надоўга. Бывае, што сем разоў расказваеш, а вучань усё міма прапусціў. Настаўніку, вядома, часам трэба мець жалезныя нервы і вытрымку. Адзін мой вучань робіць шмат памылак на адну і тую ж тэму. Тым не менш тэлефануе, патрабуе выслаць яму заданне. Вось так павольна, пакрыху ён вучыцца, і ўрэшце памылкі знікаюць”.

Педагог адзначае, што хлопчыкаў, якія ў яго цяпер захоплена займаюцца, часам за руку прыводзяць матулі, якія хочуць адарваць іх ад гаджэтаў. Не ўсе застаюцца. Дарэчы, час ад часу ён нават бачыць слёзы на вачах будучых мужчын. Таму даводзіцца разбірацца ў асаблівасцях успрымання свету, юнацкага самалюбства і псіхалогіі ўзаемаадносін: “Пяцікласнік — гэта яшчэ малое дзіця. Падчас навучання ў яго павінны сфарміравацца ўсе патрэбныя навыкі. Гэта толькі на першы погляд мы тут нейкія фігуркі з паперы выразаем, а насамрэч ідзе вялікая работа: рашаем задачы, робім чарцяжы і, урэшце, з’яўляецца гатовы выраб. Іншымі словамі, тут і фізіка, і матэматыка, і чарчэнне, і ўменне маляваць трэба. Паверце, калі хлопчыкі навучыліся ў школе за 5 гадоў цвікі забіваць, то яны ніколі не забу­дуць гэты навык. Самае галоўнае дасягненне настаўніка — калі дзіця, выхо­дзячы са школы, пачынае тварыць само. Ну і, зразумела ж, важна, каб твой вучань стаў проста сумленным чалавекам”.

З прыгажосцю па жыцці

Сам Анатоль Адамавіч шмат гадоў зай­маецца рознымі відамі разьбы па дрэве, удзельнічае ў абласных і рэспубліканскіх творчых выставах і конкурсах. Мае велізарную калекцыю інструментаў, якія дапамагаюць вырабляць прыгажосць. Любіць эксперыментаваць з матэрыялам, але сярод тэхнічных прыёмаў аддае перавагу класічным, правераным часам.

“Шмат маіх вырабаў цяпер знаходзяцца за мяжой Беларусі. Некаторыя я ўжо і не ўспомню, але ніколі не забуду сваю самую першую работу — невялікі барэльеф лася. Ёсць і асаблівыя, якія бліжэй усяго майму сэрцу: партрэт жонкі Вольгі і трыпціх “Ча­лавечы лёс”. Ведаеце, па ўзросце я ўжо мог бы на пенсіі адпачываць, але яшчэ ёсць сілы і жаданне вучыць дзяцей”, — па­дзяліўся настаўнік.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
 Фота аўтара