Як падрыхтаваць лепшую ў Беларусі каманду юных інспектараў дарожнага руху і пераможцу алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы? Сакрэтамі майстэрства з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзялілася Вольга Вячэрская, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы імя М.В.Акцябрскай Лёзна.
— Вольга Міхайлаўна, ці складана ў вучню разгледзець будучага алімпіядніка?
— Патэнцыял бачны практычна адразу, прычым талент не заўсёды з’яўляецца вырашальным складнікам. Без ўпартага жадання, адказнасці, руплівасці верагоднасць поспеху сумніўная. Названыя якасці і матывацыя фарміруюцца ў працэсе навучання, здольнасці можна развіць. Аднак перамога як на алімпіядзе, так і на конкурсе — гэта ў першую чаргу вынік сістэмнай штодзённай работы настаўніка і вучня. Так у нас было, напрыклад, з Вікторыяй Заруцкай, якая ў 8 класе выступіла за 9-ы на абласным этапе, атрымала дыплом І ступені і потым на працягу трох гадоў уваходзіла ў лік пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. На яе рахунку таксама дыплом ІІ ступені алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы. Між тым дзяўчына паспявала яшчэ на паглыбленым узроўні вывучаць хімію з біялогіяй, бо нацэлілася паступаць у ВДМУ, што і здзейсніла. Зараз выхоўваю новую змену алімпіяднікаў, ёсць цікавыя дзеці. Увогуле сярод маіх выпускнікоў, уключаючы ўдзельнікаў алімпіяд і атрада ЮІР, прадстаўнікі розных прафесій. Дырэктар нашага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Алена Мінакіна некалі займалася ў школьнай камандзе ЮІР. Дарэчы, па першай вышэйшай адукацыі яна настаўніца рускай мовы і літаратуры. А званне юнага інспектара перадала ў спадчыну дачцэ, якая таксама ў ліку маіх гурткоўцаў.
— Вашы вучні больш за 10 разоў уваходзілі ў тройку лепшых і чатыры гады запар трымаюць першынство сярод беларускіх атрадаў ЮІР. Дзякуючы чаму дасягнуты фенаменальны вынік?
— Усё грунтуецца на пастаяннай рабоце і пераемнасці. Першую каманду юных інспектараў дарожнага руху пад звонкай назвай “ЛИРОН” (на рускай мове — “лиозненские ребята особого назначения”) на базе нашай школы сфарміравала ў 1994 годзе настаўніца гісторыі Алена Грачышнікава. У групу педагагічнай падтрымкі разам са мной увайшла намеснік дырэктара Раіса Хаванская. Мы падзялілі напрамкі работы, я адказвала за падрыхтоўку агітбрыгады. Нашы вучні доўгі час упэўнена трымалі першынство на абласных і займалі прызавыя месцы на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Потым быў перапынак. Аднак калі ў пэўны момант перада мной як класным кіраўніком паўстала задача з’яднаць свой клас калектыўнай справай, то доўга не разважала — вырашыла працягнуць школьную традыцыю. Вучні загарэліся ідэяй, у 2008 годзе мы стварылі новую каманду “Кола”, якой дагэтуль кірую. Спачатку пацвердзілі лідарства ў вобласці. Далей замацаваліся ў першай тройцы на рэспубліканскім злёце-конкурсе. Ганарова, але мы марылі стаць абсалютнымі лідарамі. Настойліва, доўга ішлі да гэтага, у 2019 годзе ўпершыню перамаглі і з таго часу нікому 1-е месца не саступаем.
Каманда “Кола” сярэдняй школы імя М.В.Акцябрскай Лёзна чатыры разы запар заваёўвала перамогу на рэспубліканскім злёце-конкурсе і прадстаўляла Беларусь на міждзяржаўных злётах юных інспектараў руху ў Расіі.
— Многа часу адводзіце на падрыхтоўку?
— З верасня рыхтуемся двойчы на тыдзень па 6 гадзін. У сакавіку — яшчэ больш, на працягу красавіка — мая практычна штодня. З 2019 года і летам працягваем падрыхтоўку, бо наперадзе — Міждзяржаўны злёт юных інспектараў руху, дзе трэба годна прадставіць нашу краіну. Нагрузка сур’ёзная: аб’ёмны тэарэтычны матэрыял па правілах дарожнага руху і яго адпрацоўка на практыцы, аказанне першай дапамогі пры дарожна-транспартным здарэнні, ледзь не фігурнае катанне на веласіпедзе, творчы складнік… Пры гэтым урокі, дамашнія заданні ніхто не адмяняў. Да таго ж нашы ЮІРаўцы актыўна распаўсюджваюць вопыт атрада і валанцёраць. Яны праводзяць сярод равеснікаў, дзяцей малодшага ўзросту прафілактычную работу па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”, сумесна з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі ўдзельнічаюць у акцыях і інтэрактыўных пляцоўках па папярэджванні дарожна-транспартнага траўматызму, прапагандзе вывучэння і выканання ПДР, па здаровым ладзе жыцця. Каб вытрымаць тэмп, трэба мець волю і характар. Затое працэс захапляе, вынікі радуюць. І бацькі дакладна ведаюць, што іх сын ці дачка занятыя карыснай справай. Гэта немалаважна, бо на гурток прыходзяць розныя школьнікі. Былі ў нас і такія, каго называюць цяжкімі падлеткамі. Праз нядоўгі час родныя дзякавалі: перавыхавалі, не пазнаць дзіця! Справа ў тым, што спачатку падлетку проста няма калі нечым шкодным для сябе і людзей займацца, а потым сістэма каштоўнасцей мяняецца, шкодзіць яму становіцца нецікава і непрыемна.
— Што прываблівае ў гурток навічкоў?
— Па маіх назіраннях, наймацней матывуюць перамогі, магчымасць ездзіць на спаборніцтвы, падарожнічаць па роднай краіне і замежжы. Захапляе, як вопытныя гурткоўцы катаюцца на веласіпедзе — хочацца таксама гэтаму навучыцца. Падабаюцца нашы творчыя актыўнасці, камандны настрой, узаемадапамога, прыгожая форма, нарэшце. Кагосьці прыводзяць сябры, некага натхняе прыклад бацькоў. Жадаючых займацца звычайна многа. Прымаем усіх. Праз непрацяглы час выпадковыя і ленаватыя адсейваюцца, з астатнімі працуем. Здараецца, некаторыя хочуць вярнуцца праз час — не адмаўляем.
— А якая ў вас матывацыя?
— Часам задаюся гэтым пытаннем. Уяўляю, што не буду займацца… І неяк пуста ды сумна атрымліваецца. Для мяне самае каштоўнае — задавальненне ад зносін з вучнямі і калегамі. На ўзроўні школы ў падрыхтоўцы нам увесь калектыў садзейнічае. Настаўніца рускай мовы і літаратуры, англійскай мовы (і выпускніца нашага гуртка ЮІР) Яніна Селязнёва — сапраўдны майстар у харэаграфіі. Яна ставіць нам эцюды. На рэспубліканскіх спаборніцтвах да мяне падыходзілі педагогі і пыталіся: “Вы харэографа з рэжысёрам спецыяльна наймаеце?” Я ў камандзе за галоўнага рэжысёра. Настаўніца музыкі Ірына Тамковіч здольна нават неспяваючых дзяцей навучыць спяваць — не ведаю, як у яе гэта атрымліваецца. Настаўнікі фізкультуры і здароўя, тэхнічныя работнікі дапамагаюць нам абсталёўваць трэніровачную пляцоўку з паласой перашкод. Дырэктар Ірына Апет нязменна падтрымлівае нашы пачынанні. Да каго ні звярніся — падставяць надзейнае плячо. Такія адносіны дарагога вартыя.
Вольга Вячэрская — лаўрэат ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”.
— Якія каштоўныя навыкі школьнікі набываюць на занятках?
— Знікае скаванасць у камунікацыі, дзеці становяцца больш адкрытыя ў зносінах, зусім па-іншаму раскрываюцца. На спаборніцтвах яны пашыраюць кола знаёмстваў. У прыватнасці, мае вучні перапісваюцца з равеснікамі з Мінска і Брэста, з розных рэгіёнаў Расіі, Казахстана, Кыргызстана. Перавага падрыхтоўкі ў ЮІР у тым, што потым значна прасцей здаць экзамены, каб атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. Ільгот няма, дапамагаюць набытыя веды. Па той жа прычыне студэнтам з ліку выпускнікоў ЮІР залікі па пачатковай медыцынскай падрыхтоўцы, калі падобны курс прадугледжаны, нярэдка ставяць аўтаматам. Нашы дзеці ўмеюць трымацца на сцэне, у многіх захапленне мастацкай самадзейнасцю вырастае з заняткаў ЮІР. Да таго ж у навучэнцаў развіваюцца арганізатарскія здольнасці, лідарскія якасці, уменне працаваць у камандзе. Імператывам у паводзінах замацоўваюцца як ініцыятыўнасць, рашучасць, так і дысцыпліна, адказнасць. Па вялікім рахунку, навучэнцы становяцца больш ураўнаважаныя, самастойныя, адаптаваныя да жыцця.
— Падчас першай паездкі на міждзяржаўны злёт адчуванні былі яркія?
— Эмоцыі зашкальвалі. Мы рыхтаваліся да камандных спаборніцтваў, вывучылі расійскія правілы, якія адрозніваюцца ад нашых. Прыехалі, а фармат якраз змянілі: увялі спаборніцтвы паміж зборнымі атрадамі, у складзе аднаго з іх была наша каманда. Існуе і асабісты залік, дзе ўсе мае вучні як мінімум трапляюць у топ-40. Толькі мы настроены на максімальную планку. Не выключэнне сёлетні XVIII Міждзяржаўны злёт юных інспектараў руху, які з 4 па 17 лістапада сабраў у Краснадарскім краі самых моцных прадстаўнікоў атрадаў ЮІД з 34 рэгіёнаў Расіі, Беларусі і Абхазіі. Нашы дзеці ўвайшлі ў пяцёркі лепшых у кіраванні веласіпедамі: сярод хлопцаў — Багдан Малахаў, сярод дзяўчат — Ульяна Воранава. Званне лепшых спартсменаў злёту атрымалі Амалія Палякова з Цюменскай вобласці і наш Вадзім Смірноў. Між тым ён з братам Цімурам — сыны Таццяны Глоба, удзельніцы першай каманды “ЛИРОН”. Яшчэ адно кола часу прыгожа замкнулася, і наперадзе нас чакае новы шлях.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара